У базарны дзень

 

Базар ужо заканчваўся, калі ў галоўныя вароты буланы конь прыімчаў шырокія сані, на якіх сядзелі стары і малады.
Дзве жвавыя бабулі, Ганна з Вольгаю, першымі падбеглі да санак. Яны яшчэ спадзяваліся купіць сапраўднай сялянскай смятанкі і тваражку.
— Ну, што вы тут прывезлі? – весела запытала Вольга.
— А во дзеда табе прывезлі. Купляй! – пажартаваў малады.
Усе, хто стаяў каля саней, дружна зарагаталі. Вольга тым часам глянула на дзеда і адразу адзначыла: дзядок яшчэ нічога, толькі смешны – рыжая шапка пад бараду падвязана.
Купілі бабулі сабе тваражку ды смятанкі і пачалі разлічвацца, а малады тут і кажа:
— Стойце, бабачкі, не спяшайцеся. Рэшты няма, а таму замест яе прапаную вам пакуль майго любімага цесця. Ну, каторая з вас яго бярэ?
Натоўп зноў зарагатаў. Смяяліся і бабулі-сяброўкі.
— А што? – сказала Ганна. – Можа, і возьмем. Вольга, — павярнулася яна да сяброўкі, — бяры дзеда. У цябе ж гаспадарка – свінні ды куры, і агароджа зусім павалілася…
— Бяры, бабка, дзеда! – весела загудзеў натоўп. – Бяры! Не прагадаеш!
— А чаго ж сам дзед маўчыць? – з гарэзлівай усмешкаю запытала Вольга. – Выходзіць як у той прымаўцы: «Без мяне мяне ажанілі”.
— Чаму ж так без мяне? – бадзёра адазваўся дзед. – Я гатоў! Магу і агароджу адрамантаваць, і што там другое. Адным словам, калі ласка!
І ён лёгенька скокнуў з саней і прама да Вольгі. Вольга не разгубілася і пад вясёлы гоман натоўпу моцненька абхапіла дзеда і звонка чмокнула яго ў рыжую шапку.
— Во малайчына! Во баба! – падбадзёрвалі яе з усіх бакоў.
— Ну, усё! Будзь здароў, цесць! Заўтра прыедзем з дачкою праведаць цябе. Толькі ж куды? Стойце, бабачкі, пакіньце хоць адрас!
Ды дзе там! Ужо пайшлі ўтраіх старыя. Пайшлі шпарка, размахваючы рукамі і смеючыся. Шапка рыжая пасярэдзіне, а з абодвух бакоў – Ганна з Вольгаю ў чорных плюшавых жакетках.
Зяць і зразумець не паспеў, як гэта ён прадаў цесця, аж нават разгубіўся. Але натоўп яго падтрымаў:
— Не хвалюйся, не прападзе твой цесць. Бабы добрыя, мы іх ведаем. Вунь там, за крамай, жывуць…
А адзін малады чалавек весела дадаў: 
— Во, прадавай усё, бяры бутэльку і паедзем у сваты. Гэта мая суседка Вольга, баба добрая, даўно б ёй трэба дзеда ўзяць, а то колькі гадоў усё адна і адна.
— Ну, цяпер паверу, што ёсць лёс у чалавека, — сказаў зяць у роздуме. – Нездарма цесць усю дарогу гнаў мяне: «Едзь хутчэй! Сёння ж самы базарны дзень!”.

Добавить комментарий