Еўрарамонт

Сядзім нейк, марым… Не, гэта задума не мая. Гэта жонкі і нявесткі Нэлі. Давай давядзём да ладу ды давай. Хоць нешта будзе пад Еўропу. А то, маўляў, праляжаць тыя капейкі на ашчадкніжцы, пакуль зноў якая-небудзь перабудова не прыбярэ да рук.

 

Сядзім нейк, марым… Не, гэта задума не мая. Гэта жонкі і нявесткі Нэлі. Давай давядзём да ладу ды давай. Хоць нешта будзе пад Еўропу. А то, маўляў, праляжаць тыя капейкі на ашчадкніжцы, пакуль зноў якая-небудзь перабудова не прыбярэ да рук.
Ну і ўсчалі выводзіць за вушы ў людзі туалет. Лёгка мовіць – усчалі. Думалі, пліткамі ўпрыгожым, унітаз заменім і – усё. А то зусім разбэсціўся, не стаіцца яму на месцы: то ўлева адхіліцца, то ўправа, а то і зусім на паўметра адсунецца назад ці наперад.
І – пайшло, паехала. Дзе майстра знайсці доб­рага, ды каб не дужа дарагога? А дзе той самай прыгожай пліткі ўзяць, ды каб не шкадаваць пасля? Карацей, здавалася б, ну, што тут такое —  туалет? Глядзець няма на што. А як узяліся за гэтую справу, дык клопатаў, як на цэлы дом. А бруду, а нязручнасці, а мітусні! З месяц рухаліся, трымаючыся то за сценкі, то за плечы адзін аднаго, то скакалі праз тазы ды смецце. Не дарма будаўнікі яго абы як рабілі.
Нарэшце нешта атрымалася. Прыгледзеліся, здаецца, нічога сабе. Бадай, не горш за якога-небудзь еўрапейскага ці амерыканскага. А што, калі і ванную гэтак вось? Бо як прымаеш душ ці ванну, дык макрэчы той, як вясной на вуліцы. Памеркавалі наконт таго, што яшчэ болей пойдзе сродкаў, калі не ўсе апошнія, і за справу. Перш-наперш выцягнулі ванну. Потым давай пакрысе адрываць пліткі ад сцяны. І тут раптам… Гэта ж добра, што хлопцы вопытныя ды асцярожныя. Адарвуць адну і адскочаць. І – не дарма. Як грымнуць яны з усіх сцен, нібы па загаду, як шмякнуцца. Аднаму хлопцу па назе. Ледзь не зламалі. А як бы на каго з нас у час мыцця?! І дзе ж тут не парадавацца, што не дарма ўзяліся за рамонт.
Карацей, праз некаторы час і ванна заблішчэ­ла, нібы выскачыла з еўралазні. З тыдзень мы не маглі апрытомніць пасля ўсіх тых бясконцых клопатаў з  набыццём неабходнага матэрыялу, дастаўкай і працай. Сядзім нейк, разважаем, што вось і ў нас не дарма праходзіць жыццё. Хоць нешта, ды пакінем пасля сябе…
Ды тут, як з неба – суседзі. Вось ужо дзе было дык было! То адна ляціць на сугляды, то другая, то трэцяя. Ды як давай захапляцца, як давай охаць ды ахаць. Ды, галоўнае, разважаць пра тое, як бы і сабе гэтак. І, безумоўна, з пытаннямі, а хто рабіў, а дзе яго ўзяць? А як ды дзе матэрыялу? Час ад часу пачалі заглядваць і проста знаёмыя. Ці быццам знаёмыя.
Але, як маўляецца, колькі вяровачцы ні віцца… паглядзела нейк адна з наведвальніц абыякавымі вачыма і кажа:
— А ведаеце, я была ў знаёмага алігарха. Вось гэта дык! Унітаз золатам пакрыты. Увесь. Не фарбай пад золата, а сапраўдным, прыродным золатам! Узабрацца на такі – о-о-о! Пацарствуеш хвілін пяць, а памятаць будзеш усё жыццё…
О божа, дзе ж мне ўзяць гэтулькі таго золата, каб хапіла на ўнітаз, і за якія такія капейкі? Хацеў некалі падацца ў тыя алігархі, дык не пусцілі. А цяпер… як бы быў маладзейшым, адправіўся б на залатыя прыіскі. Эх, ці не казаў я жонцы пускаць у кватэру толькі па запрашальных білетах? Дык не паслухалася. А цяпер вось маеш.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *