Ты – мая зорка…

Ты – мая зорка…

 

Пачуццем п’ю вясновы пах –
Уваходжу ў дух краіны,
Вясна закружыла ў вачах
Каханне да жанчыны.
Лячу блакітнаю парой
За далі, за нябёсы,
Хаваю ранішняй зарой
Самоту ля бярозы.
Душы кранаючы струну
Далёкай маладосці,
Вясна ласкае сівізну
Зямною прыгажосцю.
Жаданняў сціплага жыцця
Іду сваёй сцяжынай,
Вясна дае мне на працяг
Каханне да жанчыны.
*     *     *
Радзіма… У сэрцы заўжды
Гучаць веснавыя пралескі,
З табою душой малады,
Ты — мая зорка над сцежкай.
Вецер нясе навіны,
Туманы ў твае світанні…
Тваёй не шукаю віны,
Свайго не хаваю кахання.
Радзіма лясоў і буслоў,
Старонка азёр чараўнічых,
З дзяцінства ў блакіце сноў,
У ручаях ты крынічных.
*     *     *
Нібы ружай белаю,
Зоркай на світанні,
Вішняй пераспелаю 
Позняе каханне
Абудзіла ласку
Ды святло-журбу,
Заклікала ў казку
На маю бяду.
Ты – мая вандроўніца
Пазабытых сноў,
Як раней, напоўніцца
Хай табою кроў.
*     *     *
Хацеў бы стаць я морам —
Бязмоўнай глыбінёй,
Каб там зямное гора
Ператвараць у спакой.
Хацеў бы стаць я чыстым
Небам – з вышыні
Знайсці надзеям прыстань,
Вярнуць радасці ў дні.
Хацеў бы стаць мяжою
Радзімы ад бяды
І сэрцам, і душою
Аберагаць заўжды.
*     *     *
Выйду на ранку 
ў чыстае поле —
Подых пачуцці ірве,
З радасці першай, 
з апошняга болю
У сэрцы надзея жыве.
Вецер журботны 
мінулай пагодай
Краем зайграе матыў.
Хочацца верыць 
у дзіва свабоды,
Не хочацца даляў пустых.
Выйду на ранку 
ў чыстае поле,
Праменне рукамі лаўлю…
У Бога не верыў, 
здаецца, ніколі,
Аб літасці Бога малю.
*     *     *
Помніш, шаптала нам лісце,
Зоркі слалі святло?
Цалуй жа мяне, як калісьці,
Развей заляжалае тло.
Сцішэе ў дрымоце рака,
Дождж абарвецца на хвалі…
Цалуй жа мяне, не чакай,
Нясі ў закаханыя далі.

Добавить комментарий