Чорт сядзіць!..

 

Старая Кудасіха памерла ціха, нікому не замінаючы – лягла ўвечары спаць і не прачнулася. Суседзі паведамілі сыну ў Мурманск, а пакуль ён едзе, зрабілі ўсё, што патрабуецца ў такіх выпадках. Але, каб не парушаць звычай і не кідаць нябожчыцу на другую ноч у хаце, вырашылі апусціць труну ў ямку і не закопваць. Прыедзе сын, развітаецца, тады і завершаць пахаванне. Так і зрабілі.
Увечары міма могілак ехалі кумы Міхал і Ляксей. Ехалі яны з горада, з рынку, дзе ўдала пагандлявалі. Зразумела, на радасцях прынялі па дарозе дамоў добрую чарку. І вось чаго толькі ў нецвярозую галаву не стукне!
— Слухай, Ляксей, — зухавата міргануў вокам Міхал. – А ці залезеш ты ў ямку з дамавінай?
— Ці ты здурнеў! – нервова перахрысціўся Ляксей. – Страшна…
— А я вось не пабаюся! — ганарліва выпрастаўся Міхал і нават рукі ў бакі ўторнуў. – Пляшка будзе? 
— Добра, — насмеліўся і Ляксей, — паглядзім на цябе. А бутэлька з мяне будзе…
Тпрукнуўшы каня, яны злезлі з калёсаў. Злёгку пахістваючыся, пашыбавалі ў глыб могілак. У паўзмроку ямка свяцілася свежым жвірам. Не вагаючыся ні хвіліны, Міхал адразу скокнуў уніз, у цемрадзь. Але замест начнога прахалоднага пяску нечакана патрапіў на нешта цёплае і жывое, да таго ж, зарослае густой поўсцю. Гэтае нешта зараўло пад ім так, што Міхалу адразу заклала вушы. Але яму ўжо было ўсё роўна – ён гарлапаніў не менш аглушальна.
— Га-а-а-а, чо-орт сядзіць!.. Ратуйце, га-а-а-а!..
Ляксей ажно паваліўся на зямлю ад жаху – куды і хмель падзеўся! Апантана хрысцячыся, ён няўклюдна ўзняўся на дрыготкія ногі і, імкліва набіраючы хуткасць, лупануў у бок вёскі. «Што за чорт,.. які чорт,.. дык жа два галасы…” – скакалі ў яго галаве думкі.
— Чорт, чорт кума на могілках схапіў!.. – загрукаў ён у вокны бліжэйшых хат. – Людцы доб­рыя, ратуйце!..
Народ няўцямна выскокваў вонкі, мужыкі, на ўсялякі выпадак, хто з сякерай, хто з дубцом… Ажно па ўсёй вёсцы чутны быў несупынны двухгалосы лямант, што ляцеў з боку могілак.
Усхваляваны натоўп абкружыў яміну. Мужыкі — а раптам і сапраўды чорт! — уздымалі прыхопленную «зброю” ўгару. Нехта запаліў ліхтар. У яго святле вяскоўцы ўбачылі, як Міхал, учапіўшыся за рогі, сядзіць вярхом на здаравенным баране. І крычаць яны ўдваіх так, што аглухнуць можна.
— Людзі, гэта ж мой, — разгублена вымавіў Мікола Крупенькін. – Я ж парваўся шукаць яго ўвечары, думаў, што ўжо зусім згінуў мой Бяшка…

Добавить комментарий