З першага погляду
Быў час, калі ўсе кінуліся абзаводзіцца дачамі. Не разгубіўся і бухгалтар Адам Верас. Прыдбаў у калгасе дамок, лічы, гнілы. Без вокнаў і дзвярэй, з праблемным дахам.
Перш, чым узнімаць яго на крывыя рахітычныя ногі, рашыў ацаніць, цяпер ужо вачыма ўласніка, куды ўпёк ледзь не паўгадавы заробак. Прыехаў, наблізіўся да аконнага праёму і разглядвае друз на падлозе. І такі сум ахапіў уласніка, што не адразу заўважыў, як побач апынулася моцненькая жанчынка год пад сорак з гакам.
— Здрасьце, — мовіла яна сціпла і за кампанію зазірнула ў хату. А заадно, не губляючы марна часу, бо хутка даіць кароў калгасных, нейкім асаблівым чынам прыкусіла ніжнюю губу. Прыкусіла і трымае, як кот мыш.
А гаспадар гнілухі не бачыць. Усё мяркуе, з чаго пачаць выбівацца ў прадпрымальнікі? А, можа, не жадае бачыць з вышыні шасцідзесяці год? Тады жанчына, як потым аказалася, суседка, адпусціла ніжнюю і закусіла верхнюю. Больш пульхнатую і бліжэйшую да незнаёмца. І моцненька закусіла. Ледзь не да крыві. А, можа, і да крыві. Ды ён зноў нуль увагі. Ну, гэта ўжо было задужа. Гэткая абыякавасць да закусвання раззлавала б каго заўгодна. Суседку ж тым болей. «Ну, пачакай, гарадскі задавака, я табе пакажу. Калі ты з нейкай там канторы, дык на мяне можаш зыркаць, як на смецце, што пад нагамі? – падумала суседка. — Пачакай…”.
І ўсчала шукаць зручнага моманту, каб расквітацца за наплявацельскія адносіны да сваіх пачуццяў, якія, між іншым, узніклі з першага погляду.
І ён настаў. Тыдні праз два прывёз Адам Верас чатыры рамы. Паставіў, палюбаваўся і, задаволены сваім першым поспехам, падаўся прэч.
Наталля Пікіна не адразу прыйшла да высновы, што рабіць. Але прыйшла. Паразважаўшы, спынілася пад шырокім клёнам з поўнымі кішэнямі невялікага камення. Гэтак метраў за дваццаць пяць. Дастала першы каменьчык, пахукала на яго, перахрысцілася, прыцэлілася ў крайняе з левага боку, мовіла:
— А вось табе, стары задавака, маё першае прызнанне ў каханні, — і шпульнула камень.
Але міма. Гэта яе здзівіла. Каб з такой малай адлегласці ў такую вялізную мішэнь ды прамазаць?
— Ты што ж, канторскі пацук, думаеш, што гэта і ўсё?! Не-е-е… Не на тую нарваўся. Не такіх утаймоўвалі. І са словамі «а вось табе, пень асінавы, яшчэ адно прызнанне!” шпульнула другі камень. І зноў міма.
— Ах, дык ты вунь як! – усчала злавацца закаханая. – Дык ты думаеш, што я прыйшла гуляць з табой у цацкі? А-а-а в-восьт-таб-бе яшчэ…
І зноў міма. Ну, такое не кожны сцерпіць. А тым болей Наталля Пікіна. Яна хацела тут жа падскочыць бліжэй да акна, але стрымалася. Не дазволіў гонар. Яшчэ маці вучыла дабівацца свайго цярпліва, прыстойна.
— Не-е-е, лысы пень, усё роўна будзе так, як жадаю, — і шпульнула ў акно адразу тры каменьчыкі.
Яна аж падскочыла ад радасці. Ледзь утрымалася, каб не ўскрыкнуць. Верхняя шыбіна дзынкнула і раскалолася на кавалкі. Хацелася, вельмі хацелася замацаваць поспех, але яна ўзяла сябе ў рукі, бо ў душы спела жаданне расцягваць задавальненне як мага надалей. Калі раструшчыць усе вокны адразу, што ж рабіць заўтра, паслязаўтра, праз тры дні?
На другі дзень, уладкаваўшыся пад клёнам, Наталля Пікіна дастала некалькі каменьчыкаў з кішэні, запела тое-сёе з оперы «Кармэн”:
Трам ты там, трам ты там,
Ты мяне не любіш, дык я люблю…
Трам ты там, трам ты там…
І прыму-у-уш-шу ця-бе-е, гі-гэ-гэ, лю-юбі-і-іць…
І шпульнула першы камень у акно. І тут, як з-пад зямлі, ўзніклі блізняты – дачка і сын.
— Ой, мамачка, дай і нам каменьчыкаў, — заенчыў сынок, — я пацелю адразу. Вось пабачыш!
— Што-о?! Я сама тут, і толькі сама, а ну, кыш адсюль! — І шпульнула яшчэ раз. І на табе, патрапіла. А так хацелася шпуляць і шпуляць.
Калі ля будынка ў нядзелю зноў апынуўся гаспадар, тут жа аказалася і Пікіна. На яго ашалелы погляд яна вельмі спагадліва мовіла:
— Гэта ж дзеці. Ну, дзеці, хто ж яшчэ?
І Адам Верас паверыў. Вярнуўшыся ў горад, ён заняўся пошукамі шкла, а Наталля Ільінічна – пошукамі кругленькіх, прыгожых каменьчыкаў.
Наступіў новы этап прызнання ў каханні.