За сталом

Не паспелі жанчыны пакінуць стол, што ля дома, як яго акупіравалі мы, аматары даміно. Хацелі згуляць, але не дазволіла лянота.

 

Не паспелі жанчыны пакінуць стол, што ля дома, як яго акупіравалі мы, аматары даміно. Хацелі згуляць, але не дазволіла лянота.
Сядзім, думаем, аб чым бы тут падумаць? Як на тое, ніхто не тэпае міма, каб патрапіць нам на язык. І калі страцілі ўжо ўсялякую надзею, раптам – Мікола Гуж. Пругкі, крамяны, малако з кроўю, э-э-э кроў з малаком. І гэта ў сем­дзесят год! Як жа яму ўдалося? Урадзіўся ці што? Дык бацька нават пенсіі не дачакаўся. І жоначка ў Гужа адна за траіх, а то і на значна болей.
— Як ты лічыш, колькі ў яе кілаграмаў? —  звярнуўся Пят­рок да Міцькі.
— Маеш на ўвазе пуды?
— Хай пуды.
— Мяркую, не меней дзесяці.
— Пры такіх пудах Мікола па­вінен быць, як трэска. Яму ж хоць бы што, як з гуся гарох. Каб такая мне, даўно загадаў бы будаваць светлую будучыню.
Мужыкі прызадумаліся. Але тут ажыў самы ціхі:
— А ведаеце, аксакалы, — мо­віў Адам, — сакрэт у сябрах. Сапраўдных, канешне, а не ліпавых.
І ён распавёў наступнае.
Пасля жаніцьбы Мікола Гуж неўзабаве пачаў нешта хутка засынаць за рабочым сталом. Пратрымаецца нейкую гадзіну і – галавой аб стол. Не разбудзіць. Параіўшыся, тады жонка яго яшчэ толькі пачынала паўнець, калегі рашылі назначыць яму ў сяб­ры Паўла, аднаго з мацакоў арганізацыі. Загадалі быць сумленным-сумленным, каб як мог ратаваў Міколу, бо таму недалёка і да звальнення.
І, трэ сказаць, Гуж ачуняў. Ужо мог прасядзець за сталом гадзіны дзве, а то і дзве з паловай. І толькі тады грукаўся ілбом аб лічыльную машынку.
Не паспелі нарадвацца нейкімі зрухамі, як заўважылі, што ледзь не тое ж робіцца і з Паўлам. Праўда, гэты мог пратрымацца каля трох гадзін, пасля чаго засынаў, падпершы галаву далонямі, чаго век не здаралася. Калегі да яго з пытаннямі. А ён жагнаецца рукамі і нагамі, што робіць усё магчымае і немагчымае, але на большае не здатны.
— Трэ падмога. Інакш дам драла і з сяброў, і з арганізацыі.
Пасля працяглых спрэчак загадалі ісці ў сябры да Міколы яшчэ і Хадоркіну, чэмпіёну горада па штанзе ў цяжкай вазе. Наказалі быць таксама сумленным-сумленным, не адступаць ні перад якімі цяжкасцямі, як і належыць мацнейшаму з моцных.
Толькі справы на лад, гэта значыць, усе ўтрох пачалі засынаць аж перад абедам, як на табе, штангіст сышоў з дыстанцыі. Вось вам і мацнейшы горада.
Наступнага як ні ўгаворвалі падацца ў сябры да Міколы – ні за якія галушкі. Маўляў, жонка, дзеці, суседзі.
Але не губляць жа самага каштоўнага працаўніка! І тады вырашылі ў якасці партыйнага даручэння сяб­раваць з Гужам групамі, па графіку: тыдзень – адна група, тыдзень – другая.
І вось вам вынікі разумнай сяброўскай падмогі. Чалавек не толькі паспяхова дажыў да пенсіі, але і ў семдзесят пачувае сябе, як саракагадовы. А групы падтрымкі, на жаль, не.
І тут мы ўсе дужа прызадумаліся. Не пра даміно, канешне, не.

Добавить комментарий