Перашкодзіў

 

У дварэ, як на дварэ: то ціха, мірна, то раптам бог ведае што і адкуль.
Не я вінаваты, што мінуў час такіх песень, як «Кацюша”, «Бывайце здаровы” і іншых, кожная з якіх – па­дзея. А пачаліся такія, што любыя тэксты, якія б яны ні былі, спяваюцца на адным матыве. Нічыйным.
Адсюль і розныя прыдзіркі. Жонка Марыля ўбачыла, як мой былы сябра садзіўся на іншамарку, і рушыла, нібы Напалеон на Маскву:
— Вуныцька як людзі. Люба глянуць. Сеў на іншамарку і – расступіся мора, буржуй плыве. Усё ў яго блішчыць, як тое сонейка: і машына, і жоначка, і дзеткі. Я ўжо не кажу пра яго рэстаран і магазін.
Я ў контратаку, а да яе рэзервы – дачка з мужам:
— Кампазітар знайшоўся! Каму патрэбны твае сапселыя песні? Зараз песні не для таго, каб прыгожа апранацца, а, наадварот, шыкоўна распранацца на сцэне.
І ў гэткім родзе аж да непрытомнасці. Давялі – трымайся. Але тут, як засадны полк з лесу, сынок:
— Што размахваеш сумленнасцю, як дурань чырвоным вымпелам? Кожны зараз імкнецца любому канкурэнту горла перагрызці, а калі намя каму, дык гатовы ўласную руку ці нагу адхапіць, абы не губляць імпэту.
Гора, калі сям’я з дурняў. А калі з гэткіх вось акадэмікаў?
Апрануў  я чамусьці лепшы пінжак, у рукі трасцінку і – на вольны вецер. Кірунак узяў да рэчкі, які ляжыць праз аўтастанцыю. Толькі ступіў на платформу, як да мяне мужык з тварам апаленай чырвонай цагліны. Пэўна, не раз пабываў у моцных руках зялёнага змея.
— А-а-а В-вы не такі, як іншыя, дальбог.
— Звычайны, — зло буркнуў я.
— Н-не, зусім не такі. Бачна здаля. З першага пагляду…
Камплімент нішто сабе. Хацеў спыніцца, але чамусьці перахацеў. І што цікава, шыбую далей, нібы там мяне нехта чакае. А ён, пэўна, спадзяваўся, што альбо скіну хуткасць, альбо спынюся.
— А В-вы – творчая асоба, дальбог, творчая, — рушыў ён подбегам побач, каб не адстаць.
Пасля дамашняй пакельні раптам такое… І мо таму мне, як той жырафе, усё яшчэ не даходзіць.
— Вы э-э-э – кампазітар, — спрабуе яшчэ раз прыпыніць мяне добразычлівец.
— Як у сук, — усьміхнуўся я крыва. – Іх у Мінску днём з агнём, а вы – у нашым раённым паўразбураным варанячым гняздзе?
— А чаму не? – захакаўся ён.
— Які кампазітар! – шыбуе яму на падмогу яшчэ такі ж.
— Паэт! Не бачыш, колькі інтэлекту на твары!
— О-го-го! – спрабую зноў смяяцца.
— Ну, не празаік жа, — кажа першы.
Але тут, як з-пад зямлі, яшчэ адзін спатыкач:
— Каму цяпер патрэбны празаік? Кандыдат навук гэта!
І тут у мяне нібы чорныя акуляры з вачэй: ці не народнае прызнанне?
— Які кандыдат! – крычыць першы. – Доктар і не меней. Глянь на лоб. Такіх ілбоў… адзін на вобласць. Ды дзе там! На дзве, калі не на тры!
— Ну, вы даяце, — яшчэ спрабую чапляцца за сціпласць, а сам ледзь не трэснуўся аб асфальт, гэтак затрымцелі ногі. І тут жа кумекаю: адзіны, рэдкі выпадак за ўсё жыццё. Лічы, знаходка. О, каб мае дамашнія акадэмікі пачулі!
І, як заўжды, калі табе неш­та пякнула з неба, прагнасць тут як тут: а што выгадней: прыцішыць хаду ды спыніцца ці гэтак жа перці і далей? Калі спыніцца, то, можа, і прызнанне спыніцца? А калі ляцець, як ляцеў, то чым д’ябал не жартуе! І да Нобелеўскай рукой падаць.
І раптам – мент. Скуль узяўся?
— Што, паважаныя штукары, — звяртаецца ён да маіх дабрадзеяў, — новую ахвяру ўпалявалі да апахмелкі, а? А ну, пройдземся са мной.
І пацягнуў у аддзяленне.
Вось і адхапі тут Нобеля пры гэткіх усюдуісных ахоўніках парадку.

Добавить комментарий