Гэтак нельга

Я люблю сябраваць з кніжкамі. Чытаю ўсё, абы цікава. Не супраць пазнаёміцца і з карыснымі парадамі наконт вырошчвання гародніны.

 

Я люблю сябраваць з кніжкамі. Чытаю ўсё, абы цікава. Не супраць пазнаёміцца і з карыснымі парадамі наконт вырошчвання гародніны.
А мой сусед — не. Калі ён прачытаў хоць адну кніжку пасля заканчэння школы, то гэта цуд. І не толькі не чытае, а і з пагардай ставіцца да ўсяго надрукаванага. Дастаткова сказаць, што з газеты даведаўся нешта пра догляд нейкай культуры, як ён тут жа сваё рэзюмэ:
— Там напі-і-шуць…
Ён перакананы да цяперашняга часу, што вайну выйграў не народ з дапамогай іншых краін,  а толькі Сталін. 
— Каб не Сталін…
І каб даказаць, што ён і без кніжак усё ведае і ўсё можа, хваліцца бясконца то вялікім ураджаем бульбы, то гародніны, то вішні. Асабліва казырае вішнямі.
— А ты ведаеш, Трафім, сёлета ў мяне з вішнямі няма куды дзецца. Верыш ці не? Дзевяць вядзёр, як лёду! І дачкам па горла, і сыну па макаўку.
Пакрысе закурвае, каб паказаць, што для яго гэта, што вераб’я напалохаць. Урэшце мне надакучыла. А чаму б не грымнуць і мне чым-небудзь? Што замінае? Закурваю, адганяю дым ад вачэй, кажу:
— А мне дык нечым сёлета пахваліцца. Галоўнае, чытаеш, чытаеш усялякія парады, а толку, як з асіны бярозавіку.
— Я ж кажу, — радуецца ён, — там напі-і-шуць..
— Вось і я… Здаецца, клубніцы і падкарміў, і напаіў, як алкаш, а ягад — кот наплакаў, усяго нейкіх 5-6 вядзёр. Меней леташняга.
Такога Савельевіч не чакаў. Мае ліпавыя вёдры ладнага грымнулі  па яго самалюбству. Ён неўпрыкмет уціснуў галаву між плячэй і заціх, нібы знік куды.
Клубніц у яго няма.
— Што ж тычыцца маліны, зноў жа чорт ведама што. Заместа шасці мінулагодніх сёлета чатыры з паловай, — павялічыў я даход удвая.- Дальбог павысякаю. Хіба гэта маліна?!
Савельевіч папярхнуўся дымам, але нічога не сказаў. Ён бы абавязкова запярэчыў нейк, каб сам не схлусіў з вішнямі. Таму мусіў цярпець. А мо, чаго не бывае, раптам у мяне і сапраўды так? Каб хоць чым азвацца, кажа абыякава:
— Спякота, сухмень. І калі ўжо скончыцца гэтае пекла?
— Мо таму і з вішнямі… Не тое, што ў цябе. Нейкіх чатыры вядры…
Гэтымі вёдрамі я, здаецца, даканаў яго. І таму ён ціха, як ледзь жывы, кажа:
— Догляд любіць.
— Дык усё ж рабіў, як у кніжцы напісана.
— Я ж ужо казаў: там напі-і-ішуць, адно чытай, — кажа ён і яшчэ глыбей уціскае галаву між плячэй.
Потым пакрысе ўзнімаецца, скардзіцца на ламаніну ў касцях, якая не іначай, як перад дажджом, і падаецца прэч. Назіраючы, як ён пакалечана перастаўляе ногі, пачынаючы шкадаваць, што перастараўся. Але з ім так нельга. Можа, у яго пахваліцца чым-небудзь — адзіная радасць у жыцці…

Добавить комментарий