Любімы занятак

Пасля начоўкі пад плотам і ранішняга душа Нічыпара цягне на нешта гераічнае. Найбольш – да шпацыру па вуліцы і кампліментаў.

 

Гэта – яго апахмелка, бо грошай нават на піва няма.

Пасля начоўкі пад плотам і ранішняга душа Нічыпара цягне на нешта гераічнае. Найбольш – да шпацыру па вуліцы і кампліментаў.
Гэта – яго апахмелка, бо грошай нават на піва няма.
Ён вывальваецца на вуліцу і ператвараецца ў галантнага, паважанага кавалера. Тут, як на тое, і знаёмая.
— Ой, каго я бачу-у! манюнь! Ну, не чакаў. Была ўчора самая-самая, а сягоння – найсамейшая, — пляскае далонямі і прысядае. Не, прысядае, а потым ужо пляскае.
Але Манюнь сягоння не ў гуморы.
— Дзякуй, Данілавіч, а далей што?
— Як што?! Ты – самая-самая! Лепш няма.
— А далей, пытаюся, у ЗАГС ці ў кут?
— Не зразумеў!
— І я. Вунь як Дзіна, сяброўка мая. За «самая-самая” алігарх ёй пад сядалішчы нерв тах іншамарку. А ты?
— Ну, ты даеш…
— Не магу. Па — першае, ты не самы-самы, па-другое, дала б, ды нечага.
— А ножкі, Манюнь, ножкі…
— У Надзеі Ныркінай ножачкі не лепш за маіх. Але дырэктару завода падалося, што самыя найсамейшыя. Ён за ножачкі ды ў кабінет. Цяпер сакратарыць машыністкай, а ён любуецца ножкамі.
— Ну, Манюнь… а бюст! Болей гэткіх…
— У сяброўкі Нэлькі бюст так сабе. Гэтулькі ж і голасу, а адзін назваў самай-самай і мусіў уладкаваць, на сцэну. Цяпер яна шэптам распавядае гледачам залы, пра што спявае. А ён глядзіць ды радуецца.
— Манюнь, я ў шоку.
— Як кажуць французы, за абед трэба плаціць. Зразумеў? Нават за абед. А за любаванне прыгажосцю… цяпер гэта – самая каштоўная рэч. І, як бачыш, кожны разлічваецца, чым можа. Хто тачкай, хто кватэрай, а хто проста загсам. А ў цябе, Данілавіч, я бачу, гэта не захапленне, а штосьці накшталт пахмелля. Дык пахвалі Акунёўскую. Яна без гэтага не можа. Пасля «самая-самая” сноўдаецца па канторы, як на добрым падпітку, ледзь не ўвесь дзень. Яшчэ адно папярэджванне і кыш з работы. А ёй усёроўна.
— Ну, Манюнь…
— А калі жадаеш, каб Жабуркіна спатыкнулася і трэснулася на роўным месцы і пакалечылася, вось так плясні далонямі, прысядаючы, як перада мной. І шчыра, толькі шчыра скажы, што яна самая-самая. І ўсё. І хірургічнай палаты ёй не мінуць.
— Манюнь, ты мяне крыўдзіш, дальбог.
— А калі з’явіцца жаданне паназіраць, як Палонкіна Таіса выганяе мужа, пры сустрэчы з ёю ўсё зрабі, як толькі што, і назаві самай-найсамейшай. Потым можаш гадзінамі слухаць пад вокнамі, як яна будзе галоўнага інжынера завода абзываць дурнем, ахламонам, папіхашкай, якой дырэктар выцірае не толькі нос, але і ўсё астатняе, што патрабуе выцірання. І што яна яшчэ не такога сабе знойдзе. А калі яшчэ дадасі здзіўлення, як яна жыве з такім ахламонам, усё, ён выляціць з уласнай кватэры, як корак з бутэлькі.
— Не чака-аў, Манюнь…
— Дадала б яшчэ тое-сёе, да некалі. Бывай.
Вось і зрабі чалавеку прыемнае.

Добавить комментарий