Шчаслівы білет

Надзя нарадзілася і жыла ў невялікім раённым гарадку. Вуліца, на якой стаяла іхняя хата, была самай апошняй у горадзе і выходзіла да ракі. Казалі, што раней гэта рака была шырокай і паўнаводнай, і па ёй плавалі нават вялікія судны. Але потым яна абмялела, звузілася, зараслі яе берагі, і 

Надзя нарадзілася і жыла ў невялікім раённым гарадку. Вуліца, на якой стаяла іхняя хата, была самай апошняй у горадзе і выходзіла да ракі. Казалі, што раней гэта рака была шырокай і паўнаводнай, і па ёй плавалі нават вялікія судны. Але потым яна абмялела, звузілася, зараслі яе берагі, і суднаходства скончылася. Ды ўсё роўна рака была прыгожая і з’яўлялася месцам адпачынку гараджан. Вельмі любіла раку і Надзя. Разам з сяброўкамі прыбягала яна сюды купацца і загараць. А зімой, калі рэчка замярзала, дзеці коўзаліся па ёй, вазілі адзін аднаго на санках.
Бацька Надзі працаваў рабочым на заводзе, а маці – санітаркай у бальніцы. Надзя ў іх была адзіная дачка, бо маці яе хварэла і больш дзяцей мець не магла. Жылося Надзі ў сям’і нялёгка – маці хварэла, бацька пачаў заглядваць у чарку. Ён і так быў суровы, а калі напіваўся, рабіўся жорсткім і злосным і ўсю злосць зрываў на маці і Надзі. Яны баяліся яго такога і беглі з хаты. Хаваліся ў гародчыку ці ў лазні, часам там і начавалі. Надзя любіла сваю матулю, а бацьку  нават ненавідзела. Расла яна паслухмянай дзяўчынкай, заўсёды дапамагала хворай маці і ў школе вучылася нядрэнна. Жылі яны небагата, бо заробак у маці быў невялікі. Яна часта клалася ў бальніцу, а з бюлетэняў якія грошы? Бацька атрымліваў нядрэнна, але палову прапіваў.
У тую восень, калі Надзя пачала вучыцца ў дзясятым класе, ёй толькі споўнілася шаснаццаць год, памерла яе матуля. Надзя як зараз помніць дзень яе пахавання: калі везлі труну з маці на могілкі, пайшоў першы снег. Ён сыпаўся маленькімі сняжынкамі на яе труну, і здавалася, што гэта чаромха асыпае яе сваімі белымі пялёсткамі, якую маці вельмі любіла. Грала музыка (тыды, у савецкія часы, усе заказвалі не бацюшку, а музыку). Бацьку далі ад завода грошы на пахаванне, ад бальніцы таксама. Астатняе ўсё было, як у тумане: як закрывалі крышку труны, як апускалі ў магілку… У яе была вялікая дэпрэсія яшчэ доўга, амаль цэлы год. Блізкага ёй чалавека побач не было. Бацька пасля смерці маці запіў яшчэ болей. З ім Надзя, калі ён быў цвярозы, і то не знаходзіла агульнай мовы, а зараз і няма чаго казаць. Яна была вельмі адзінокая. Праўда, у той час ёй падабаўся хлопец, які вучыўся старэй на клас. Ён ужо закончыў школу і паступіў у інстытут у абласны горад. Тады Алег (так звалі таго хлопца) не вельмі звяртаў увагі на Надзю, лічыў яе яшчэ малой. Калі ён сустрэў яе вясною, Надзя ўжо рыхтавалася да экзаменаў за дзясяты клас, то ўбачыў, як тая змянілася – падрасла, папрыгажэла. І ён сам прапанаваў ёй сустракацца. Надзі тады было вельмі адзінока, і яна з радасцю згадзілася, бо побач будзе чалавек, які падтрымае яе. Яны сустракаліся цэлае лета (у іх ля ракі было патаемнае месца). Надзя была вельмі закаханая і шчаслівая. Для Алега гэта была, відаць, забава. Калі Надзя адчула, што зацяжарыла і прызналася Алегу, той сказаў:
— Пазбаўся ад цяжарнасці! Мне ж вучыцца яшчэ колькі! Жаніцца мне яшчэ рана.
Надзі было горка і крыўдна чуць гэта ад чалавека, якога кахала і якому верыла. Яна вельмі перажывала, але ад дзіцяці пазбаўляцца не збіралася. Надзя разумела, што з бацькам-п’яніцам, ды яшчэ з такім характарам, ёй месца ў хаце не будзе. А дзіця хіба можна гадаваць у такіх умовах? І яна ўспомніла матчыну сяброўку цётку Валю, з якой маці разам працавала санітаркай. Надзя рашыла параіцца з ёю. Цётка Валя сустрэла Надзю прыветна і сказала:
— Бедная ты мая, бедная дзяўчынка! Нічога, не бядуй! Добра, што да мяне прыйшла. Табе зараз на працу ўладкавацца трэба, бо як ты жыць без грошай будзеш? Пачакай, у нас жа Маркаўна на пенсію выходзіць, санітарка патрэбна, вось і пойдзеш на яе месца.
Надзя была вельмі ўдзячна цётцы Валі. Цяпер яна працуе санітаркай, жыць да сябе запрасіла Маркаўна, яна здала ёй пакойчык. Праз паўгода Надзя нарадзіла дачку, якую назвала Евай. Толькі два месяцы пасядзела яна з маленькай. Грошы, якія атрымала за дэкрэтны водпуск, скончыліся. А як жыць? Вярнулася на працу ў бальніцу. Пакорміць Евачку, спаць пакладзе, і пакуль тая спіць, памые некалькі палат і бяжыць зноў да дачкі. А прыходзілася і ноччу дзяжурыць, тыды ўжо прасіла Маркаўну пабыць з дзіцяці. Цяжка ёй было вельмі, усяго васямнаццаць, але што зробіш. Праўда, у бальніцы ёй ішлі на ўступкі. А іншы раз і цётка Валя рабіла за яе. Калі трохі падрасла Евачка, Надзя брала яе з сабою. Цяжка было, асабліва зімою. Дзяўчын­цы споў­­­­нілася тры гады, а ўладкаваць у дзіцячы садок не атрымлівалася – не было месцаў. Дапамог галоўны ўрач Змітравіч. Еву ўладкавалі ў дзіцячы садок, а самой Надзі далі пакойчык у старой будыніне бальнічнага корпуса. І то добра: хоць якое, але сваё жыллё. Бацька Надзі некалькі разоў наведаў іх з дачкою, даў крыху грошай, а потым перастаў прыходзіць. Яго ўжо не цікавілі ні дачка, ні ўнучка, а толькі гарэлка. Ён зусім спіўся.
Ева падрастала, вучылася. Дзяўчынка вырасла прыгожая: тварам падобная на маці, і валасы кучаравыя, як у Надзі, толькі крыху цямнейшыя. Рос­там была вышэй – гэта ўжо па Алегу. 
Еве споўнілася дванаццаць, калі распаўся Савецкі Саюз, пачалася перабудова. Было цяжка ўсім, а Надзі яшчэ цяжэй, бо дачка падрастала, яе ўжо трэба было лепш апранаць, а грошай за сваю працу санітаркай яна атрымлівала мала. Праўда, з вопраткай дапамагала медсястра Людміла Леанідаўна. Яна прыносіла Еве рэчы сваёй старэйшай дачкі. А потым знайшлі нежывым бацьку Надзі на вуліцы. Невядома, што з ім здарылася: была зіма, мароз, а бацька быў п’яны. Яшчэ гэты клопат зваліўся на Надзіну галаву. Праўда, пахаваць дапамог завод, і крыху грошай сабралі калегі.
Будынак, у якім яна жыла, прызналі аварыйным, і Надзі выдзелілі невялікую аднапакаёвую кватэру ў лепшым доме.
Ішлі гады. Ева закончыла школу і паступіла ў медыцынскае вучылішча на фармацэўта. Пакуль Ева вучылася, Надзі прыходзілася яшчэ падпрацоўваць сястрой-гас­падыняй на паўстаўкі. Вельмі стамлялася, прыходзіла дамоў і літаральна валілася з ног, бо недасыпала. Нарэшце Ева закончыла вучылішча. Але паднесла маці сюрпрыз: прыехала з хлопцам і аб’явіла, што яны хочуць пажаніцца. Для Надзі гэта было нечаканасцю, яна была незадаволена. Але, гледзячы на іх, як яны кахаюць адзін аднаго, якія шчаслівыя, дала згоду. Хлопец, яго звалі Андрэй, быў з вёскі, сям’я ў іх была мнагадзетная, жылі небагата. Таму пасля жаніцьбы пачалі жыць у іхняй аднапакаёўцы. Надзя адвяла ім адзіны пакой, сама ж тулілася на кухні. Каб было на чым спаць, ставіла раскладушку, а на дзень прыбірала яе. Ежу, у асноўным, гатавала сама, карміла і дачку, і зяця. Ева працавала ў аптэцы ў той жа бальніцы, Андрэй – медбратам на «хуткай дапамозе». Жылі яны дружна.
У гарадку аднавілася царква, якая ў савецкія часы была закрытай. Надзя разам з цёткай Валяй пачалі наведваць царкву. Надзя атрымлівала тут супакаенне – ад святых лікаў сыходзіла святло і замілаванасць. Яна запальвала свечкі за спачын сваіх бацькоў, за здароў’е сваіх дзяцей (яна і зяця лічыла сваім сынам), за сваіх блізкіх, усіх тых, хто дапамагаў ёй у яе нялёгкім жыцці. Малілася Богу і Божай Маці, каб далі яе дзецям хоць крыху болей шчасця, чым ёй.
Андрэй і Ева ўжо пражылі разам цэлы год, у гэту нядзелю хочуць яго адзначыць. Надзя сабрала грошы і вырашыла падарыць ім пральную машыну – старая ўжо не належыла рамонту. У магазіне прадаўшчыца, калі Надзя выбрала машынку і заплаціла, падала ёй на рэшту латарэйны білет, сказала, што няма дробных купюр. Ева і Анд­рэй купілі шампанскага і торт. Усё было цудоўна. Дзякавалі маці за падарунак.
Прайшло два тыдні. Надзя пацікавілася ў дачкі, ці правярала тая латарэйны білет.
— А я на яго і забылася! Ты думаеш, што ён выйграе? Наўрад ці! Вунь Светка, якая працуе са мной у аптэцы, колькі ўжо разоў купляла і нічога не вый­грала. Але заўтра праверу, каб не думалася.
Назаўтра вечарам Ева ўскочыла ў кватэру радасная. Падбегла да маці, якая мыла посуд.
— Матулечка! Мы выйгралі вялікія грошы, дзякуй табе за білет! 
Надзя здзіўлена глядзела на дачку:
— Ты не жартуеш, Ева? 
— Не жартую, мамулечка, гэта праўда! За тыя грошы можна будзе купіць большую кватэру. Вось абрадуецца Андрэй!
Надзя доўга не магла заснуць, лежачы на раскладушцы. У думках яна дзякавала Богу і Божай Маці. Праз некалькі месяцаў яны купілі кватэру ў сваім горадзе. Ева і Андрэй звалі Надзю жыць да сябе, але яна сказала:
— Я прывыкла да гэтай кватэры, мне тут добра. Я да вас у госці хадзіць буду, а вы – да мяне.
Ева абняла маці і шапнула: «Матулечка, у мяне будзе дзіця!”. Надзя ўзрадавана ўсміхнулася: «Гэта добра, я вельмі рада! І дзякуй Богу. Бо гэта шчасце”.

Добавить комментарий