Ніколі (гумарэска)

Вітаецца са мной былы аграном калгаса Язэп Дулька. Губы ўсміхаюцца, а вочы – шабля вострая, але іржавая. Няйначай, хочацца даць мне ў морду.
— Здарова, Бурнос. Як маешся? – пытае.
— Як усе.
— Не можа быць, як-ніяк, былы дырэктар школы.
— Менавіта – былы.
— Дык вось, былы дырэктар, за што ты абазваў майго бацьку гадам? Сумленнага чалавека!
— Ну што ты, Давыдавіч. Каб твайго такога сумленнага – ды гадам?
— Менавіта сумленнага і – гадам. Не выкручвайся. Я ўсё ведаю.
— Ну, калі ўсё, тады іншая справа. Я сказаў Нэльцы, суседцы, што ён калісьці пазычыў у мяне 50 рублёў. Затым за дзьве паездкі па дровы атрымаў па бутэльцы гарэлкі. А калі пасля я спытаў пра 50 рублёў, ён сказаў, што адпрацаваў іх на прывозцы дроў. Я тады вельмі здзівіўся. Але гадам такога сумленнага, прыстойнага не абзываў.
— Не можа быць!
— Можа. А потым ён папрасіў у мяне сякеры для тоўстых круглякоў. Сякеры не вярнуў. За яе абяцаў даць удвая меншую. Але я так і не дачакаўся яе. Ды толькі гадам такога, як твой бацька, не абзываў. Проста яшчэ раз здзівіўся і ўсё.
— Няўжо і ўсё?
— Не, не ўсё. Ён пазычыў у мяне неўзабаве электрадрэль на пару дзён. Але нат праз пару год я так яе і не ўбачыў. А як пацікавіўся, калі верне, ён здзівіўся. Якая, маўляў, дрэль? Усё, што ў каго бяру, вяртаю. Я такі. Ну, я мусіў яшчэ раз здзівіцца, але каб гадам такога сумленнага…
— І ўсё?
— Не, не ўсё. Потым ён папрасіў у мяне пілы. Сказаў, што бензапіла яго сапсавалася. Маўляў, вярну. Я такі: сказаў вярну, значыцца, як у сук. Мінула болей месяца, але пра пілу я не чуў. Калі ж пацікавіўся, ён адказаў, што вярнуў, нат паказаў, куды паставіў. А інакш, запэўніў, і быць не магло. Маўляў, я такі…
— І пра гэта распавёў Нэльцы?
— Каюся, распавёў. Але каб сумленнага, прыстойнага чалавека, як твой бацька, ды – гадам… Ні ў якім разе.
Панас Палітыка.

Добавить комментарий