Сёма-сібірак

Пасля няўдалага замужжа Анюта ўжо трэці год не заводзіць ніякіх знаёмстваў, баючыся зноў абпячыся. Праўда, замужжа яе працягнулася нядоўга – менш года.

Сёма-сібірак

 

Пасля няўдалага замужжа Анюта ўжо трэці год не заводзіць ніякіх знаёмстваў, баючыся зноў абпячыся. Праўда, замужжа яе працягнулася нядоўга – менш года. Сама Анюта – дзяўчына сімпатычная, вясёлая. Працуе аператарам машыннага даення на ферме, інакш кажучы, даяркай. Працуе добра, бо змалку бегала на ферму дапамагаць маці, якая даіла кароў. Працу Анюта сваю любіць, яна – першая даярка ў раёне, занесена на дошку гонару. Жыве ў нядаўна створаным аграгарадку, дзе ёй далі жыллё ў новым доме. Ёй дваццаць восем год, пара б заводзіць сям’ю, але не атрымліваецца. Сяброўка Паліна раіць Анюце пазнаёміцца па інтэрнету, але тая толькі смяецца.
— Перастань ты! – кажа яна сяброўцы. – Яшчэ не хапала мне знаёмства па інтэрнету, глупства ўсё гэта!
Паліна ж так настойліва ўгаворвала Анюту, што тая, нарэшце, згадзілася. Выклала свой здымак на старонцы і апісала крыху сябе. Хутка з’явілася некалькі пратэндэнтаў. Але Анюце ніхто не прыйшоў да душы: то тое не так, то гэта. Усім траім адмовіла ў перапісцы. Чацвёрты быў ажно з Навасібірска. Гэты чамусьці зацікавіў Анюту. Ён выклаў свой фотаздымак – нічога асаблівага ў ім не было, але з твару быў сімпатычны. Пісаў, што яму таксама дваццаць восем, рост 1 м 60 см, не жанаты, працуе механікам на заводзе, мае сваю кватэру. Сяброўка Паліна, убачыўшы ўсё гэта, сказала: «Ну, так, ён нічога, але ростам малы! Не, гэты табе не падыходзіць!”. Анюту словы сяброўкі крыху раззлавалі: «Ну і што? Ты вунь выбрала сабе высокага, і дзе ён? Прыехаў, пазнаёміўся і знік. А ў гэтага, дарэчы, яго Сёма завуць, рост такі, як у мяне, значыць, будзем роўныя! Я ўжо згадзілася на сустрэчу, ён павінен узяць водпуск і прыедзе да мяне знаёміцца”.
— Дык яго яшчэ і Сёма завуць? – засмяялася Паліна. – Ну і выбрала ты!
— Нічога, — адказала Анюта, — прыедзе, паглядзім!
І трэба ж такому здарыцца, Анюта вярталася вечарам з фермы, а быў галалёд, і яна пакаўзнулася і паламала нагу. І апынулася на бальнічным ложку. 
Прайшоў тыдзень, яе наведвалі Паліна і бацькі. Яны жылі тут, у гэтай вёсцы, толькі ў сваёй хаце. Калі пайшлі з палаты бацькі Анюты, сяброўка завяла размову пра Сёму:
— Не прыедзе ён, відаць. Гэта так далёка. Самалётам трэба ляцець, а потым да нас цягніком дабірацца. Ты яму хоць паведаміла, што ў бальніцы знаходзішся?
— Паведаміла, — неяк сумнавата адказала Анюта. У душы яна і сама пачала сумнявацца ў прыездзе Сёмы. Але потым падумала: — Калі спадабалася, то адлег­ласць не перашкодзіць!
І сапраўды, у нядзелю, дзесьці гадзін у адзінаццаць, пасля абходу доктара, які сказаў, што яна ідзе на папраўку, дзверы ў палату адчыніліся, і з’явіўся малады чалавек. У адной руцэ ён трымаў букет чырвоных руж, а ў другой – сумку з рознымі пакункамі. Абвёўшы позіркам палату, ён накіраваўся да ложка ля акна, на якім ляжала Анюта. Тая ледзьве пазнала Сёму, бо на здымку ён быў у кепцы, а зараз у яго на галаве была пышная шавялюра хвалістых валасоў. «Ну, вось, — падумала Анюта, — а Паліна казала, што ён, напэўна, маленькі, лысы і нават пузаты”. А Сёма аказаўся моцным, стройным сібіраком. Падышоўшы да Анюты, ён прывітаўся і падаў ёй ружы. І калі яны датыкнуліся рукамі, паміж імі нібы ток прабег, ад чаго яны абодва пачырванелі. Потым Сёма выклаў пакункі на тумбачку і пачаў расказваць, як ён дабіраўся, як жыў дагэтуль разам з маці ў іхняй кватэры, служыў у арміі, працаваў. Аб жаніцьбе неяк не думаў, займаўся тэхнікай, многа чаго ўмее рабіць, але пасля смерці маці пачаў разумець, што аднаму жыць немагчыма, трэба заводзіць сям’ю, і што Анюта яму вельмі спадабалася, і ён мае самыя сур’ёзныя намеры. І яшчэ сказаў, што хоча пабыць, каб дачакацца яе выздараўлення. На што Анюта адказала:
— Дзе ж ты будзеш жыць? Гасцініцы ў нас няма.
Сёма неяк разгубіўся і змоўк.
— Добра, — падумаўшы, сказала Анюта. – Бяры вось ключы і жыві ў маім доме, усё роўна ён зараз пустуе.
І Сёма пачаў жыць у Анюціным доме. Ён там не сядзеў без справы, перамыў посуд, зрабіў уборку, гатаваў ежу. Ён умеў добра гатаваць, навучыўся ад маці. Калі маці хварэла, а потым памерла, ён увесь час гатаваў сам. 
Кожны дзень ён наведваў Анюту, насіў ёй розныя прысмакі, згатаваныя самім. Адзін пакой у Анюты стаяў без рамонту, усё не хапала часу, каб зрабіць яго. Дык Сёма, чалавек, які не прывык сядзець без справы, зрабіў яго. А яшчэ яму хацелася зрабіць прыемнае для каханай. Анюта ў душы вельмі радавалася, але выгляду не падавала, яна баялася спудзіць сваё шчасце. Усё не верылася ёй, што яе выбраннік аказаўся такім добрым чалавекам. Калі Анюту выпісалі з бальніцы і яна ўжо магла хадзіць, праўда, яшчэ з кастылямі, Сёма вынес яе да машыны на руках. А потым прапанаваў пажаніцца, і Анюта згадзілася. Вяселле зрабілі багатае, пышнае. Грошы былі і ў самой Анюты, і ў Сёмы, дапамаглі і бацькі Анюты. Пасля вяселля паўстала пытанне: дзе жыць маладым? Сямён хацеў, каб Анюта паехала жыць да яго ў Сібір. Яна не згадзілася. Сказала, што вельмі любіць сваю зямлю, сваю прыроду і не зможа больш нідзе жыць. І Сёма ўступіў каханай. Яны паехалі разам у Навасібірск, там наведалі магілу Сёмінай маці. Анюта яму паабяцала, што сюды будуць прыязджаць кожны год. Пабыўшы там месяц, прадалі кватэру, Сёма звольніўся з працы, і яны вярнуліся ў Беларусь.
Хутка знайшлася яму работа механіка, былы пайшоў на пенсію. Анюта працавала па-ранейшаму на ферме. Праз год у іх нарадзілася двойня – хлопчык і дзяўчынка. Сёма вельмі любіў дзяцей. Увесь вольны час займаўся імі, ва ўсім дапамагаў Анюце. І дзеткі вельмі любілі яго. Анюта не магла нарадавацца на іх. І механік Сёма быў добры, яго паважалі ў каператыве. Калі пыталіся ў яго, ці прывык ён да нашай зямлі, то Сёма адказваў: «Мне падабаецца Беларусь, яе прырода, яе людзі, бо яны працавітыя і сумленныя, як і сібіракі. І я не шкадую, што тут жыву і працую».
Сяброўка Паліна, якая да гэтай пары не сустракала сваю палавінку, убачыўшы, як Сёма і Анюта ідуць па вуліцы, трымаючыся за рукі і ведучы сваіх дзетак у садзік, гаварыла: «Як я па-добраму зайздрошчу вам! Такая добрая сям’я атрымалася”. Анюце было шкада сяброўку, але што яна магла зрабіць, чым тут дапаможаш? Можа, прыдзе і да яе шчасце.

Добавить комментарий