Вёска, якой не павінна быць…

Стаяў ліпень, як кажуць, макушка лета. Усе дарослыя дубраўцы былі ў той дзень у полі — у вёсцы, як і ў прыродзе, — самая гарачая пара. Дванаццацігадовую Арыну разам з сястрой бацькі пакінулі на гэты раз дома на гаспадарцы. 

 

Стаяў ліпень, як кажуць, макушка лета. Усе дарослыя дубраўцы былі ў той дзень у полі — у вёсцы, як і ў прыродзе, — самая гарачая пара. Дванаццацігадовую Арыну разам з сястрой бацькі пакінулі на гэты раз дома на гаспадарцы. Справіўшыся па хаце, сястра пайшла ў агарод, а Арынку, як старэйшая, адправіла ў лес па суніцы. А тая рада-радзёшанька — у лесе ж, як-ніяк, куды лепш, чым на спякоце градкі палоць. Вясковыя дзеці сваю Мядань  даўно ўжо ўсю ўздоўж і ўпоперак аблазілі, хоць і была яна не малая, кожны кусцік ведалі, так што адной ісці ў лес Арынцы было зусім і не страшна. Прыхапіла яна некалькі блінцоў, застаўшыхся на стале са сняданку, на перакус, укінула іх у кошык і пабегла, падскокваючы, да высачэзных меднастволых сосен, якія і далі, як расказвалі старыя дубраўцы, такую назву іхняму лесу. 
Суніц у тое лета было ў лесе браць-не перабраць. Збіраючы ягадкі адну за другой, то нешта напяваючы сабе пад нос, то ўспамінаючы вясёлыя гульні з сябрукамі, Арынка і не заўважыла, як праляцеў час і сонца павярнула ўжо ладнага за поўдзень. Але ж і кошык яе быў паўнюткі духмянай чырванню. Толькі зараз дзяўчынка адчула, што як-ніяк, а стамілася. Прысела яна пад сасёнку, абаперлася на яе цёплы ствол, перакусіла блінцамі са жменькай такіх смачных, салодкіх сунічак. І, пэўна, ад стомы ды спякоты неўпрыкметку задрамала ў цянёчку.
Прачнулася Арынка ад таго, што яе нехта крануў за плячо. Расплюшчыла сонныя вочы і ўбачыла перад сабой дзяўчынку прыкладна яе ўзросту. Бялявая такая, з дзвюма коскамі, у расшытай кветкамі сукенцы – дзяўчынка як дзяўчынка, толькі што незнаёмая. Арынка нават падзівілася, бо ўсіх навакольных аднагодкаў яна ведала – у адну ж школу ўсе хадзілі. А можа, гэта якая гарадская да бабулі прыехала? Незнаёмка ж тым часам пытаецца: «Ты чаму тут спіш?». Арынка адказвае, што суніцы збірала, села адпачыць і, вось, паснула… І, у сваю чаргу, ёй пытанне задае, маўляў, ты хто такая – я тут усіх ведаю, а цябе чамусьці не? А тая шчыра так і кажа: «Кася мяне клічуць, а жыву тут вось, на хутары, за ровам…”. Арынка ажно ўзлавалася крыху: «Не хлусі, — кажа незнаёмцы, — няма там аніякага хутара! Я тут усе месцы ведаю…”. І пачалі дзяўчынкі спрачацца, кожная сваё даказваючы. Ажно Кася тут і кажа: «Не верыш, пайшлі са мной – сама ўбачыш, тут па сцежцы недалёка!..”. Зразумела, што Арынка не ўтрымалася:  дзеці ўвогуле цікаўныя, а тут яшчэ, можна лічыць, справа гонару – злавіць на хлусні гэтую нахабную незнаёмку! 
Дзяўчынкі хуценька пакрочылі па сцяжынцы ўглыб лесу да рова, які Мядань на дзве амаль роўныя часткі падзяляе. Перабеглі яны роў. Увогуле месцы ўсе гэтыя Арынцы былі добра вядомыя, але ж праз нейкі час лес раптам разышоўся, і, на яе здзіўленне, перад вачыма з’явілася зусім незнаёмая вёсачка ў некалькі хат. Праўда, нічога дзіўнага ў ёй не было – паселішча і паселішча: ля варот цёткі стаяць, каровак з пашы чакаюць, мужыкі па падворках па гаспадарцы занятыя, дзеці гуляюць, куры ды гусі на вуліцы пад платамі корпаюцца… Звычайны малюнак у вёсцы напрыканцы дня.
І тут неяк задужа хутка пачало змяркацца, хоць Арынка дакладна ведала, што яшчэ не павінна было быць і шасці гадзін апоўдні. Здаецца, вось толькі беглі яны па сцяжынцы, сонейка пралятала ўслед паміж чырвоных сосен, а як да вёсачкі падышлі, ужо цямнець стала. Няйначай навальнічная хмара наплывае, а ў залеву ў лесе вой як страшна, калі пярун на ўсю моц калоціць! Кася таксама зірнула на неба і прапанавала: «Заставайся ўжо, цёмна! Пераначуеш, а ранкам я цябе за роў праводжу». 
Пайшлі дзяўчынкі да яе хаціны. Кася ў дом забегла, а хутка з дзвярэй жанчына выйшла. Зірнула на Арынку і пачала Касьцы вымаўляць, навошта яна зноў кагосьці прывяла… Тая ж ёй адказвае, што, маўляў, у лесе дзяўчынку знайшла, што яна быццам бы заблукала, не гнаць жа яе назад у лес на ноч гледзячы!.. Касіна маці памякчэла, загадала счакаць крыху і вынесла дзяўчынкам глечык малака і па кавалку хлеба. Праглынулі яны хуценька гэтую вячэру і скіраваліся ў адрыну на сена. Ускараскаліся наверх, дзе радном месца было высцелена, ды сталі месціцца спаць. Але паснулі не адразу, доўга яшчэ ляжалі ў цемры, усё размаўлялі пра свае дзіцячыя справы, раз-пораз здзіўляючыся адна адной, што вёскі амаль побач размясціліся, а гульні і забаўкі часцяком у іх вельмі розняцца. Так за размовамі не заўважылі, як і заснулі.
Прачнулася Арынка ад таго, што яе скаланула ад ранішняга холаду і вільгаці. Расплюшчыўшы вочы, нечакана ўбачыла над сабой не страху адрыны, а святлеючае неба, дзе ўжо пачалі згасаць зыркія летнія зоры. Ускочыла на ногі, разгублена агледзелася вакол. Аказалася, што ляжала яна на ўскрайку вялікай утравелай паляны пад сасной прама на шыгаллі. Аніякай вёсачкі і следу няма, а з усіх бакоў паляну шчыльна абступае лес. Ля Арынкінага ўзножжа стаіць паўнюткі суніцамі кошык. Дзяўчынка закруціла галавой ва ўсе бакі, не разумеючы, куды ж гэта падзеліся хаты і ўся надворная гаспадарка разам з гародамі? Абабегла паляну вакол – ні малюсенечкай нагоды, што тут яшчэ ўвечары быў хутар. І тут яе ахапіў жах. Яна падхапіла ў рукі кошык з ягадамі і подбегам кінулася з таго месца па добра бачнай між дрэвамі сцежцы. 
У хуткім часе Арынка вылецела да мясціны, дзе ўчора збірала ягады, а там ужо і да дому было зусім недалёка. Усё так жа подбегам яна пранеслася да свайго падворка. Адчыніла веснічкі і ледзь не сутыкнулася з маці. Тая, убачыўшы дачушку, заплакала ці не наўзрыд, моцна абняла, а потым пачала тармасіць яе, пытацца, дзе яна была так доўга, што з ёй здарылася? Тут і ўся сям’я з хаты павыскоквала. Арынка ж стаіць і аніяк не можа зразумець, праз што гэткі сыр-бор разгарэўся – здаралася ж і раней, што яна заставалася да раніцы ў кагосьці з сяброў! Калі нарэшце сям’я супакоілася і радасны шум-гам аціх, высветлілася, што яе, аказваецца, ужо два дні па ўсім лесе шукаюць, перамерылі нават зарослую сажалку пад лесам, дзе калісьці панскі маёнтак стаяў, ці не затапілася — анідзе яе няма! Зразумела, што ў Арынкіны тлумачэнні пра лясную вёсачку ніхто не паверыў, нават пасмяяліся на радасцях – заснула дзеўка на спякоце, вось і патрызнілася ёй усё гэта. Праўда, як гэта яна праспала два дні, ды яшчэ невядома дзе, ніхто асабліва разбірацца не стаў – знайшлася жывая, здаровая і слава Богу!
Арынкіна прыгода зацікавіла толькі школьнага настаўніка гісторыі, які даўно ўжо складаў летапіс іхняй Дубраўкі са старажытных часін. Ён на поўным сур’ёзе выслухаў аповед дзяўчынкі пра хутар у лесе, падрабязна распытаў пра розныя адметныя дэталі. Нешта сабе падумаў, пагладзіў патыліцу і адпусціў Арынку гуляць. А ўранні на першым аўтобусе настаўнік паехаў у горад. Дзе ён там корпаўся, увесь архіў перавярнуў, а ці не, гэта ведаў толькі ён сам. Але праз два дні вярнуўся дамоў вельмі задаволены. Завітаў дахаты Арынкіных бацькоў, сабраў за сталом усю іхнюю сям’ю і распавёў вось такую гісторыю. Гадоў больш за сто таму, а канкрэтна ў 1863 годзе, узнялі беларусы пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага паўстанне супраць рускага цара за волю і незалежнасць. У іх павеце сяляне разам са шляхтай з’ядналіся ва ўзброены атрад і пачалі ўступаць у баі з расійскімі войскамі. А каб карнікі, якіх цар кінуў на падаўленне паўстання, не адыграліся на іх сем’ях, схавалі жанчын, дзяцей і старых у Мядані, якая ў той час была сапраўднай пушчай. Збудавалі там хаты, падворкі… Але ж салдаты неяк высачылі гэтую схованку, а можа які здраднік прывёў. Абкружылі карнікі лясны хутар і ўсіх жыхароў, нікога не шкадуючы, перабілі, а хаты спалілі дашчэнту… А яшчэ настаўнік дадаў, што ў архіўных дакументах знайшоў рапарты міліцыянераў пра людзей, якія таксама, як і Арынка, выходзілі ў лесе на вёсачку, якой там увогуле не павінна было быць, і нават мелі зносіны з яе жыхарамі.
Cяргей ДЫНІКАЎ.

Добавить комментарий