Паратунак

Калі не шанцуе, дык з усіх бакоў. Працы Андрэя пазбавілі за някемлівасць. Дзяўчаты абсыпаліся, як пажоўклае лісце з дрэў. Бесклапотная ўсмешка скісла, прагоркла і, нарэшце, стала чымсьці накшталт ляманту адчаю. Каб не мы, яго сябры…

 

Калі не шанцуе, дык з усіх бакоў. Працы Андрэя пазбавілі за някемлівасць. Дзяўчаты абсыпаліся, як пажоўклае лісце з дрэў. Бесклапотная ўсмешка скісла, прагоркла і, нарэшце, стала чымсьці накшталт ляманту адчаю. Каб не мы, яго сябры…
— Не, я не вытрываю, — стагнаў хлопец, — хай ужо гэтыя ньюбуржуі, дык і бабы туды. Вось вазьму і пасябрую з пелькай проста на плошчы і напішу: «З-за іх”. Будуць ведаць.
Мы не супраць, каб ён правучыў гэтых фанабэрыстых. Але ж ці не задужа каштоўным чынам?
— Сапраўды, — разважалі мы, — фізія арыгінальная, абсалютны квадрат. Такія рэдкасць. Калі пачарніць, дык атрымаец­ца квадрат Малевіча. А яны вуныцька табе – грэбаваць. Як беспрацоўны, дык і нуль?
Канешне, кпіны – не самае лепшае выйсце са становішча, але да такіх-сякіх разважанняў падштурхнулі.
— А ведаеце, — маўляе Жэнік, — бабы дужа бяруцца на розныя там вусікі-бусікі, як акунь на чарвяка. Што калі паэксперыментаваць?
Зрабілі вусы, падклеілі. Не страляе. Нос знік. Не нос, кнопка. Ну, і бацькі, пра што думалі, калі майстравалі сына? Няйнакш былі на падпітку. Не маглі ўжо крыху большы нос зляпіць? Матэрыялу не хапіла ці што?
Біліся, біліся мы. Каб не цырульнік Мікола… У яго вока набіта, як у баксёра пасля спаборніцтваў.
— Тут трэ нешта такое, каб узяло на сябе гэты ўсюдыісны квадрат. Хай ужо лоб, як з-пад сякеры, не навіна, такіх хапае. Але каб сківіца… пад дзевянос­та градусаў кожны кут. Ну, і чаканка. 
Ды тут цырульніка нешта тузанула.
— А ведаеце, мужыкі, ёсць выйсце, дакладней, уваход у бязвыхадны стан. Трэ па краях рамкі вырасціць сцяжынку ў два-тры сантыметры шырынёй нейкай расліннасці. Ну, валаскоў ці што. 
Зрабілі, прыклеілі…
— Божа ты мой! Не Андрэй – знаходка веку. Нос як заіграў, — ускрыкнулі мы хорам, — не кнопка, а цэнтр мудрасці. 
Хлопец спачатку не паверыў свайму ўратаванню.
— Ды ну вас, ідыёты! Здзекваюцца! – скубануў з твару пушыс­ты квадрат.
Калі ж прыгальштучылі ды прылюстэрылі, сам сябе не пазнаў. На вуліцы дзяўчаты пачалі азірацца: ён ці не? Але не спяшаліся кідацца на шыю. Замінаў хамут беспрацоўнага. Вось тады і рашылі мы выпрабаваць вынаходніцтва на санаторнай ніве. Арганізавалі пуцёўку і адправілі з наказам дзяліцца ўражаннямі.
Ды мінае тыдзень, другі, але  ад Андрэя ні ліста, ні грошай. Але тут якраз трапіла туды ж пуцёўка ў рукі Жэніку. Страчае там Андрэя, пытаецца, што ды як, а той зафанабэрыўся, чаўпе адно і тое ж:
— Ды нічаво, ды пакрысе, ды не скардзімся…
Шпацыруе Жэнік з ім па санаторных сцяжынках, азіраецца. І што ж? калі якая прыгажуня і кіне позірк у іх бок, дык усё дастаецца Анд­рэю. На долю Жэніка, метр восемдзесят хлопца-мацака, не застаецца нічагусенькі. Як гіпсавай дзяўчыне ў парку, што з вяслом.
Ну, Жэніку, з аднаго боку, прыемна, усё-такі эксперымент удаўся, а калі з другога, дык самалюбства дало трэшчыну. Няўжо для яго не знойдзецца ні адной сімпатычнай дзяўчыны?
Танцпляцоўка дабіла апошнюю надзею. Да таго, пакуль цікаваў за адной асабай, згубіў Андрэя. І наогул – падалося ці што? – ні адной прыгажуні на танцпляцоўцы. Нібы іх хто павыкрадаў.
Праз гадзіну тулянняў падаўся да сябра: ці не ў палаце ён? Адчыняе дзверы… О, мамачкі-татачкі! Цвет санаторыя «Прывітанне, здароўе!” – тут. Столькі іх… пальца не прашчаміць. Андрэй жа між імі – шчасліва разгублены.
                          Панас Палітыка.

Добавить комментарий