Легенды і міфы – дзівосныя крынічкі са святой вадой (аповед)

Легенды, сказы і паданні –
Народныя апавяданні.
Дайшлі з далёкай даўніны
Ад нашых прашчураў яны.
Не зніклі памяці крыніцы
З гаючай чыстаю вадзіцай,
Не зніклі мудрасці сады –
Там з вечным водарам плады.

Слова!.. Яно валодае незвычайнай сілай уздзеяння на чалавека, пакідаючы, нібы камета на начным небе, свой след у сэрцы: можа ўзняць на крылах шчасця да нябёсаў або скінуць у бездань гора і адчаю, усхваляваць усе патаемныя струны душы.
Нездарма з даўніх часоў людзей, якія ведалі пра магіч­ную моц слова, умелі ёю карыс­тацца, называлі знахарамі (ад рускага слова “знать” – значыць, ведаць), бо яны маглі з яго дапамогай выратаваць ад смерці ці забіць, паклаўшы чорную энергію праклёну. Іх баяліся і паважалі.
У духоўнай спадчыне беларусаў асаблівае месца займаюць легенды – фальклорныя фантас­тычныя апавяданні, заснаваныя на паэтызацыі гістарычных па­дзей і ўслаўленні народных герояў. Менавіта легенды дапамагаюць нам пазнаць жыццё, яны распавядаюць пра мінулае і сучаснае, па-свойму тлумачаць, адкуль пайшоў свет, як утварыліся зямля, азёры, балоты, рэкі, адкуль паходзяць назвы гарадоў, гарад­скіх пасёлкаў, вёсак, урочышчаў, гарадзішчаў. Як і ў казках, у легендах амаль заўжды існуе барацьба паміж дабром і злом.
Вусную народную творчасць ведаюць і любяць усе: дарослыя і дзеці. Таму ніхто не здзіўляецца, калі бачыць, з якой цікавасцю слухаюць людзі экскурсавода, які расказвае пра паходжанне тапанімічных назваў у час вандровак па родным краі.
Кожнаму вядома, што Беларусь багатая на легенды і падан­ні пра мясціны, славутыя рознымі цудамі. На Крычаўшчыне яны таксама ёсць. Можна прыгадаць такія легенды, як “Урочышча Крычаў”, “Легенда пра Крычаў”, “Сярэбраны Ручай”, “Мыс ­закаханых”.
Але больш за ўсё ўзрушыла мяне легенда, пачутая ў маленст­ве. Проста дзіва, наколькі цікавыя гісторыі расказвала бабуля доўгімі зімовымі вечарамі. Адну з легенд я добра памятаю і зараз. Яна пра паходжанне Сожа і Дняпра.
…Сярод глухіх пушчаў, цёмных бароў знаходзіліся палацы вялікага князя старога Рыдана. З усяго багацця славілася на ваколіцу залатая Рыданава карона, схаваная за 12 дзвярыма, 12 замкамі. Як уначы выносілі тую карону, станавіўся дзень, а калі была зіма, то змянялася на лета – так зіхацелі каштоўныя камень­чыкі на кароне. Зайздрослівыя суседзі князя вырашылі ўкрас­ці карону. Нанятыя варажбіты і знахары думалі 3 дні і 3 ночы. І прыдумалі разрыў-траву, якой, калі дакрануцца да замкоў, самі адчыняцца, ды сон-траву, зярняткамі якой калі пасыпаць, жывое ўсё наўкола засне. Злодзеі выканалі загад князёў.
Убачыў раніцай Рыдан, што ўсе спяць, здагадаўся аб прапажы, ударыў у званы – і прачнуліся два яго сыны: Сож і Дняпро.
Папрасіў бацька Дняпро ўзяць сталёвую зброю і дагнаць злодзеяў з каронай.
Сож застаўся пры бацьку. Тройчы прасіў Рыдан малодшага сына прыкласці вуха да зямлі і паслухаць, ці бяжыць Дняпро.
І калі на трэці раз Сож сказаў, што гул зямлёй ідзе, чуецца крык вялікі, паслаў бацька і малодшага на падмогу.
Доўга чакаў стары. Ні сыноў, ні кароны. З маркоты пачаў плакаць, просячы, каб разам з дзет­камі слязамі разліцца. Так і здарылася. Разліліся слязамі браты і стары бацька: у рэкі ўсе трое змяніліся.
Дняпро плыве садамі ды лугамі, Сож – імхамі ды балотамі, а Рыдан – у свет ночы.
Пасля доўга ноччу не магла заснуць, бо шкада было ўкрадзенай кароны, няшчасных братоў і старога бацькі.
Вось так, на маю думку, нашы продкі растлумачылі, чаму і як узніклі такія магутныя рэкі Сож і Дняпро. А ў мяне пасля таго, як пачула легенду, узнікла пытанне: а якую ж ролю адыгрываюць рэкі ў жыцці беларусаў?
З глыбокай старажытнасці рэкі вельмі дапамагалі людзям. Людзі сяліліся каля рэк, таму што яны давалі ежу і ваду, цяпло і святло, заступалі шляхі і ворагу. Па рэках ішлі гандлёвыя шляхі. Я з гэтым поўнасцю згодна, бо, напрыклад, па Дняпры праходзіў знакаміты шлях “з вараг у грэкі”.
Рэкі нясуць духоўнае ачышчэнне. З даўніх часоў беларусы верылі ў тое, што рэкі змываюць грахі і хваробы, а таму раней абрад хрышчэння адбываўся ў рацэ.
А яшчэ рэкі, як мне здаецца, — наша памяць і гісторыя. На берагах рэк нярэдка людзі пралівалі кроў у бітвах. Так, у 1943 годзе бітва за Дняпро стала чарговым буйным паражэннем сіл вермах­та і сарвала намеры Гітлера зніш­чыць Чырвоную Армію.
На маю думку, маляўнічы пейзаж рэк – гэта крыніца натхнення для пісьменнікаў. Менавіта такім скар­бам для Уладзіміра Караткевіча стаў Дняпро. Уладзімір Караткевіч – гэта публіцыст, паэт, празаік, сцэнарыст, драматург. У лісце да Янкі Брыля ён пісаў: “Люблю Дняпро, як вершы, нават такі змялелы, абязрыбелы, з дубамі, якія паступова пускаюць на дравішкі… Не бачыў Нёмана, але думаю, што Дняпро ля Рагачова не горшы…”.
Сапраўды, “і песняй, і славай” нашага народа можна назваць гэтыя цудоўныя рэкі. А такіх мес­цаў, якімі можна вечна захапляцца і любавацца, у Беларусі нямала. Галоўнае – убачыць…
Такім чынам, легенды і міфы – дзівосныя крынічкі з празрыстай святой вадой, кожны глыточак якой дорыць ачышчэнне кожнаму, насычае мудрасцю, вопытам – дзівоснымі набыткамі сівых продкаў-прашчураў.
Аліна Сёма,
навучэнка 10 «Б» класа СШ  № 1, пераможца раённага этапа рэспубліканскага ­конкурса работ творчай моладзі «­Золотое перо «­Белой Руси-2020» у ­катэгорыі «­навучэнцы».

Добавить комментарий