И в шутку, и всерьез

Начны кашмар

 

Начны кашмар
 
І вось надышла вясна. Няхай яшчэ толькі-толькі з рэчак і азёраў сышоў лёд, аднак усё-такі надышла доўгачаканая пара, тая самая, калі ўсе заўзятыя рыбакі, махнуўшы рукой на бясконцыя неадкладныя справы, робяць свае першыя вылазкі на берагі вадаёмаў, дзе, дарэшты, аддаюцца вялікаму таемству — рыбалцы. Першая рыбалка ў сезоне — падзея значная. Менавіта таму Пятровіч з сябрукамі-рыбаловамі вырашылі адзначыць яе ў цішыні і спакоі ў аддаленым бязлюдным кутку.
На месца прыбылі разам з сонцам. За доўгачаканымі рыбалоўнымі клопатамі дзень праляцеў, нібы адна гадзіна. Пачало змяркацца. Уся дружная кампанія сабралася ля вогнішча, бо настаў час халоднай вясновай ночы. Але весела патрэскваючае вогнішча, водарная юшка, каньячок і цёплая сяброўская размова прымусілі ўсіх забыцца на ўсё яшчэ сырое і зябкае вясновае надвор’е. 
Апоўначы стома ўсё ж пачала браць сваё — арганізм патрабаваў спакою і сну, пара было размяшчацца на начлег. Так атрымалася, што першыя дзве гадзіны няспання, на працягу якіх нехта з сябрукоў павінен быў ахоўваць сон таварышаў і падтрымліваць вогнішча, па жэрабі выпалі Пятровічу. Мужыкі ў палатцы даволі хутка салодка засаплі ў «абдымках Марфея», а Пятровіч застаўся сам-насам з начной прыродай. 
Павяваў лёгкі ветрык. Голае суччо на прыбярэжных дрэвах нягучна пашоргвала, час ад часу нешта ў ім патрэсквала, на дол падалі абламаныя сухія галінкі. Неба бліжэй да ночы зацягнула шчыльнай коўдрай аблокаў, так што цяпер на амаль чорным небасхіле не было бачна аніводнай зорачкі. Толькі дзесьці далёка, на самым  небакраі, воблачнае покрыва крыху падсвятлялася ліхтарамі нейкага паселішча. Пятровіч быў не з баязлівага дзясятка, але ў гэтай абстаноўцы ўсё ж адчуваў сябе не зусім утульна. У галаву пачалі лезці містычныя гісторыі, пачутыя ў дзяцінстве, сюжэты твораў Гогаля і іншыя жудасныя рэчы. У дадатак да ўсяго гэтага, Пятровіч раптам адчуў, што яго пачынае адольваць сон. Каб пераадолець гэткую слабасць, ён падняўся і пакрочыў ад вогнішча да ракі. Прысеўшы на кукішкі, ён узяўся асвяжаць твар сцюдзёнай вадой. 
Тут яно і здарылася, тое, што ён усё дзяжурства адганяў прэч. Ён пачуў, як глуха, нібы з-пад зямлі, яго кліча па імені жаночы голас. Па спіне Пятровіча цэлым статкам панесліся халодныя мурашкі, сэрца спачатку сціснулася, а потым шалёна затахкала. Ён паспрабаваў супакоіць сябе ўратавальнай думкай: «Падалося з прасонку!..». Аднак той жа глухі голас, але ўжо больш настойліва, зноў звярнуўся да яго, выразна вымаўляючы ягонае імя. І самым жахлівым было тое, што гэты таямнічы голас да жудасці нагадваў голас ягонай жонкі.
У галаве Пятровіча ўсё закруцілася, аднекуль выплыла пагрозлівая думка, што ён з’язджае з глузду. Ён увесь страсянуўся і рэзка ўскочыў на ногі. Патрос галавой, пабіў сабе па шчоках далонямі, паскакаў. Аднак голас працягваў клікаць яго ўсё больш і больш настойліва. 
Тут ужо Пятровіча кінула ў гарачку. Ён рыўком расхінуў куртку, з намерам скінуць яе і па-сапраўднаму асвяжыцца рачной вадой. І тут… Тут надышло прасвятленне. Голас даносіўся з яго мабільнага тэлефона, які знаходзіўся ў нагруднай кішэні курткі. Па-ўсяму бачна, нахіляючыся да вады, Пятровіч неяк націснуў на тэлефонныя кнопкі, паслаўшы тым самым выклік жонцы. Тая ж, падняўшы трубку, не пачула адказу, і, запанікаваўшы, паспрабавала дакрычацца да яго. Жонку Пятровіч супакоіў, ды і сам супакоіўся, нават пачаў падсмейвацца з сябе. Аднак сябрукам уранні не сказаў ані слова – ну іх, будуць потым кпіны да самай зімы строіць!

Добавить комментарий