Псіхічная атака

Псіхічная атакаЁн ускочыў, як у палаючы дом за дзіцяці, з пальцам, як з пікай – наперавес.
— Мікітавіч, пяцёрку! Хутчэй, ну, хутчэй! Вунь – чакае. Ву-уныцька, — тыцнуў пальцам-пікай у шкло вакна.
— Хто? Дзе? – усхапіўся я на ногі ад жаху.
— Ды машына. Ву-унь. Ёй некалі, а яна чакае. А ёй – некалі.
Я ўсё яшчэ, як варона.
— Падвёз. Ніхто не браў, ні адна падла, ні адзін сабака. Не людзі – гадаўё. А ён узяў. Узяў і – падвёз. А іншыя – не. А ён – узяў.
І Сямён зрабіў некалькі нервовых колаў па пакоі. Надта крывых. Не колы – абы-што. Металалом.
Я разгубіўся зусім. Гэтак на мяне не наскокваў яшчэ ніхто за дзесяць год жыцця на летніку.
— Ды вунь жа, — лопнула апошняе цярпенне ў чалавека, — на дарозе, насупраць. Падкінуў прам з горада. Ніхто не браў, а ён – узяў. Яму некалі, ён спяшаецца. А яму – некалі. Мікітыч, ну, хутчэй жа! Адну пяцёрку. Я паабяцаў, а яму некалі.
І зноў па пакоі некалькі ламаных колаў, шасцёрак, васьмёрак і нервовае заламванне рук з грымасай нясцерпнага болю на саракагадовым твары.
І хоць гэта была не апошняя пяцёрка, якую ён прасіў, каб не аддаць, мне стала сорамна. Сапраўды, ніхто не браў, а гэты ўзяў і цяпер мусіць чакаць. Асабліва, калі яму некалі, а ён спяшаецца. А я маруджу. Чаму? Не ведаю.
— Ну, Мікітавіч, дарагі, родны, ну, хутчэй жа! Ву-унь чакае. Аддам, далібог аддам, — зноў кінуўся ён па пакоі крывулінамі. – Толькі пяць тысяч! Я ж не прашу дваццаць ці нат сто. Хаця мог бы. Разумееш, ніхто, ні адна жывёліна, а ён узяў. Ну, што крэкчыш? Чалавек спяшаецца, а яму некалі. А ён спяшаецца. А ты, як той грак.
Сямён пачаў заламваць рукі, нат ірвануў кашулю на грудзях. Але чамусьці не падзёр. Ці то моцы не хапіла, ці, мо, таму, што апошняя? Грымнуў кулаком у грудзі, як у бубен, аж шкло ў вокнах забразгатала. Пра твар ужо і казаць нечага. Суцэльныя сутаргі і жаўлакі, вочы, як шалёныя. Здавалася, вось-вось выскачуць з арбіт. Ён увесь торгаўся так, нібы яго шпынялі з усіх бакоў распаленым жалезам.
Па ўсяму было відаць – не прыкідваецца. Хіба можна з-за нейкай пяцёркі гэтак пакутваць знарок?
— Ну, Мікітыч… Каб я не паабяцаў, а то паабяцаў. Ну, хутчэй жа, ну!
Даю нарэшце пяцёрку і – назіркам следам.
Вылятае і – у краму. Ля машыны сусед.
— Што за яна, Міхалыч?
— Калгасная. Скончылася гаручка, дык шафёр падаўся да канторы. Гадзіны дзве таму…
Та-ак, не губляў дарэмна часу Сямён, адбываючы тэрмін у не дужа аддаленым месцы. Спасціг сакрэты драматычнага акцёра.
                Панас Палітыка. 

Добавить комментарий