Сон

Сон 
 
Я расказаў жонцы сон і – загінуў.
Некалькі імгненняў яна стаяла, як пасля сустрэчы з кулаком.
— Пачакай, пачакай, — пачала яна набіраць паветра ў лёгкія, — гэта якую ты… гэтую фіфу, колішнюю эканамістку? Карову гэтую?
— Цяпер карова, а тады…
— Ах, маладую калі. Гэта колькі ж ёй было? 20, 25?
-Зда… здаецца.
— І ты, сямідзесяцігадовы пескараспыляльнік… Пачакай, пачакай, а як ты да яе трапіў?
— Не памятаю. Тэпаў па калідоры, яна наперадзе..
— Па якім калідоры?
— Хто яго ведае, гэта ж сон.
— Не бальнічны выпадкова?
— Не-е.
— Шкада. А як яна цябе ў пакой, хрэна старога?
— Ключ у дзвярах пакінула.
— Маладая, ідыётка, а кемлівая. Ну, і моладзь пайшла, абы што.
— Якая ж яна моладзь?
— А чаго ж гарбатай не прыснілася, цяперашняй? Ведаю яе, прыгажуню, паўвека хавала пад касметыкай. Вось і ў сон да цябе ўшчамілася сямнаццаткай.
— Таццяна, што з табой? Гэта ж сон!
— Ведаю, не вучы. Але ключык жа, ключык у замку, а? А тады? Прам распранулася пры табе і – бух у пасцель? А ты… Ты што? Таксама туды? Адразу?
— Н-ну.
— Нягоднік! Як са мной, дык цэлы год вакол ды каля цю-цю-цю, сю-сю-сю. А як з гэтай пачварай… А ты. А ты не пабаяўся, што яна ў тваіх маршчаках заблытаецца, як муха ў павуцінні? Не? А далей, далей, пачаў цалавацца? Адразу, з налёту?!
— Ну, сам не разумею, як атрымалася. Сон жа, сон.
— Вось брыдота, толькі стрэну, я ёй, гарбатай кабыле, апошні зуб…
— Далібог, здурэла. Сон, разумееш? Сон!
— Заткніся, сабака, распуснік. Што ў цвярозага на розуме, тое ў соннага, крывадушнік. На мяне – нуль увагі, а за другой…
— Не, з табой немагчыма. Сон жа, сон.
— Добра, зразумела. А далей, далей?
— Дык я ж казаў. Я ёй – маўляў, я стары, мне пацалунка даволі.
— А яна?
— Давай, маўляў, і ўсё.
— Ну, распусніца, ну, пачакай! Стрэну – апошнюю нагу… Ну, а ты? А ў цябе атрымалася?
— Сам не разумею як, але…
— Мярзотнік, нягоднік! Я так і ведала. Прыкідваўся нямоглым, а як з маладой… Прэч з майго дома, валацуга! Каб твайго духу тут не было!
— Танечка, гэта ж сон!
— Я табе пакажу сон, крывадушнік пракляты!
              Апанас Палітыка.

Добавить комментарий