Начны візіцёр

Начны візіцёрДаўно гэта было, а ці не – не так важна. Важна тое, што ўсё гэта не прыдумкі, а адбывалася на самой справе. І здарылася гэтая гісторыя на ўскрайку адной вялікай вёскі…
Старая Ганна аніяк не магла сканаць. Здаецца, ужо ўсё, але раптам набягалі сутаргі і пачынала яе круціць, ламаць, кідаць па ўсяму ложку. «Бог яе карае!” – шапаталі паміж сабой сабраўшыеся ля хаты вяскоўцы. А і то, было за што! Старая Ганна лічылася ў ваколлі калі і не вядзьмаркай, але ж звязанай з чарадзействам. Яе часцяком бачылі ля балоцьвіны сярод прырэчных хмызоў або на ўскрайку лесу, якраз насупраць самай старой мясціны з векавымі дрэвамі, куды нават апоўдні не прабіваўся і праменьчык сонейка. І заўсёды пры гэтым вусны Ганны варушыліся, нібы прамаўляючы нейкія замовы. Таму, калі ў якой вакольнай вёсцы здаралася нейкая нягода, адразу думалі на Ганну. А так гэта было, ці не – адказаць магла толькі яна сама. Аднак ніхто не наважваўся нават у вочы ёй пільна паглядзець – нашле яшчэ суроцы! 
І вось надышоў яе час, але душа аніяк не магла адляцець вонкі. Калісьці ў даўніну ў такіх выпадках хто-небудзь з мужыкоў лез на паддашак і рабіў дзіркі ў даху і столі. І тады душа нябожчыка без перашкод пакідала гэты свет, кіруючыся ў нябёсы. Аднак у вёсцы нікога не знайшлося, хто б памятаў старажытны звычай, а, мо, нехта і назнарок не нагадаў пра тое, каб хоць на яе сконе адпомсціць вядзьмарцы… 
Пасля пахавання калгасны брыгадзір павесіў на Ганчыну хату вялізны замок. Хоць, хутчэй за ўсё, гэтая перасцярога была дарэмнай, бо і так нават заўзятаму злодзею не прыходзіла ў галаву трывожыць вядзьмарскае жытло. Аднак праз год-паўтара каля хаты з’явілася сталая кабета ў суправаджэнні брыгадзіра. Той зняў ужо паіржавеўшы замок, завёў яе ўнутр, а праз невялікі час пашыбаваў далей па сваіх справах, пакінуўшы новую гаспадыню наводзіць у хаце парадак. Як потым высветлілася, цётка Мар’я прыехала сюды з аддаленай вёскі, дзе ў яе быў дом. Але нядаўна яго спаліла маланка. Пагаравала жанчына ды скіравалася да сваякоў. І хоць шанавалі яе як за родную, аднак хацелася усё-ткі мець уласны дах над галавой. А тут прачула, што ёсць пустая хата ў суседнім калгасе. Вось і апынулася ў гэтым месцы.
Новая гаспадыня хутка ўпарадкавала хату, наладзіла гаспадарку. Зазелянеў, заквітнеўся агарод, на падворку засакаталі куры, а ў пуньцы зарохкала парася і пачало падаваць голас цяля. Заставалася толькі, як кажуць у казках, жыць-пажываць ды дабра нажываць. 
Аднойчы на золку цётка Мар’я прачнулася ад цокату капытоў па падлозе. Першая думка была, што цяля адвязалася і завалачылася ў хату. Яна расплюшчыла сонныя вочы з намерам падняцца і выгнаць нахабную жывёліну за дзверы. І сапраўды, у прыцемках на яе ўтаропіліся два бліскучых жаўтлявых вока на калматай пысе. Яна прыўзнялася з ложка і толькі тут пачала ўсведамляць, што гэтыя жоўтыя вочы знаходзяцца неяк высакавата ад падлогі. Міжволі апусціла позірк ніжэй. Такога жаху цётка Мар’я не зведвала нават тады, калі маланка ўдарыла ў яе дом – пасярод пакоя стаяў нехта кудлаты, на дзвюх нагах, а ў падлогу ўпіраліся капыты! 
Як яна апынулася за дзвярыма, не памятала. Не разумеючы куды, панеслася наперад, абы падалей ад хаты. Бегла доўга, знемаглася ўшчэнт, задыхалася. І тут раптам пачула разлівісты спеў ранішняга пеўня. З вачэй нібы заслона ўпала – аказваецца, яна ўвесь час бегала вакол хаты…
Аддыхаўшыся на прызбе, цётка Мар’я зажурылася – хіба ж можна жыць у хаце, дзе нячыстая сіла адчувае сябе, як дома!  Увогуле, адкуль тут гэтая нечысць узялася? І тут пачала ўспамінаць, што суседзі неяк даўно ўжо паміналі нешта пра вядзьмарку, што жыла ў іх вёсцы. Праўда, дзе была яе хата – не казалі. Вось, напэўна, яно і ёсць, гэтае вядзьмачае жытло! Што ж рабіць? Збіраць гаспадарку і зноў ісці ў прочкі? Ратавальная думка з’явілася неяк сама сабой. Крыху адпачыўшы, цётка выйшла на бальшак і патэпала ў бок райцэнтра, па святара…
                                                                                     Сяргей ДЫНІКАЎ.

Добавить комментарий