Карміцелька…

Раней пражыць без каровы сялянскай сям’і, асабліва калі ў хаце шмат дзяцей, было амаль немагчыма. Бацькам Анэлі вялікімі высілкамі, нават пазычыўшы ў родзічаў і знаёмых, удалося назбіраць грошай, каб купіць карміцельку. Падчас продажу былы яе гаспадар запэўніў, што кароўка добрая, малака дае ўдосталь, ды якога смачнага!
Аднак няладнае пачалося ці не з першага дня як карову прывялі на новы падворак. Спачатку кароўка, калі пастух гнаў статак з пашы ў вёску, пачала з невядомай прычыны абмінаць свой дом. З нейкім неўразумелым падрыкваннем яна літаральна подбегам кіравалася да суседчынага падворка. Што толькі ні рабіў Анэльчын бацька, нават дрынам спрабаваў біць сваю рагулю – нічога не дапамагала! Суседка ж на бацькавы пытанні толькі з усмешкай круціла галавой і паціскала плечыкамі, маўляў, адкуль я магу ведаць, чаму яна бяжыць міма сваёй хаты да майго двара?
І ўсё ж гэта было не самае горшае ў паводзінах каровы – навязаўшы вяроўку на рогі, яе вярталі дадому. А бяда была ў тым, што аказаліся дарэмнымі спадзяванні на добры надой: нават у самы разгар лета, калі травы было ўдосталь, гаспадыні за дзень ледзь-ледзь удавалася надаіць вядро малака, ды і тое аказавалася, лічы, без вяршкоў. Анэлі і яе братам ды сёс-трам дужа прыкра было слухаць, калі сябрукі расказвалі пра смачную смятану ды іншыя прысмакі, якія яны елі дома.
Неяк Анэля не пайшла на вуліцу, а засталася гуляць у садзе, дзе можна было паласавацца смачнымі медунічкамі і салодкімі ігрушкамі. Хрумкаючы яблычкам, яна раптам заўважыла ў траве на мяжы з суседчынай сядзібай нешта незразумелае. Зацікавіўшыся, падышла бліжэй. І тут разгледзелася, што купіны доўгай травы месцамі дзіўным чынам пазакручаныя. Дзяўчынка пакратала на ўсялякі выпадак дзіўныя месцы рукой і, так і не зразумеўшы, што гэта і для чаго, пабегла да бацькі. Той спачатку не хацеў адрывацца ад справы, маўляў, што за дзіцячыя показкі. Але ўсё ж саступіў дачушцы і пайшоў за ёй. Убачыўшы на мяжы травяныя закруткі, таксама падзівіўся, уважліва агледзеў іх, памацаў рукамі… І нарэшце няўцямна паціснуў плячыма – напэўна, вецер пасваволіў, панакруціў тут дзівосаў!
Напакутваўшыся са сваёй кароўкай, на сямейным савеце было вырашана яе прадаць – можа, у другіх гаспадароў ёй будзе лепш? Але пакуль бацька выбіраў час ды шукаў пакупніка, напасць з рагуляй неяк сама сабой скончылася. Але перад тым у вёсцы адбылася сумная па-дзея — іх суседка, зусім яшчэ не старая кабеціна, раптам памерла. Сабраліся вяскоўцы, пахавалі яе, бо ў жанчыны не было ні мужа, ні дзетак, а пляменнікі жылі дзесьці далёка, наладзілі, як патрабаваў звычай, хаўтуры ды і разышліся ўвечары па дамах.
Назаўтра іх кароўка, ідучы ўвечары з пашы, прыветна фыркнула гаспадару, які ўжо па звычцы стаяў ля варот з вяроўкай напагатоў, каб цягнуць яе дамоў ад суседкі, і пайшла на свой падворак. З гэтага дня рагуля больш нікуды не бегла, а ішла толькі да свайго хлява. А яшчэ ў яе пачало наладжвацца малако – яго станавілася ўсё больш, і ў хуткім часе гаспадыня надойвала ўжо ледзьве не тры вядры за дзень. І было яно густое і вельмі смачнае, як і абяцаў калісьці прадавец. Цяпер сям’і хапала і смятаны, і тварагу… Жыццё стала сытнае, а значыць, і весялейшае. Нават нейкая капейчына пачала заводзіцца на адзенне дзеткам і гарадскія ласункі для іх, калі бацькі пачалі выязджаць на рынак у горад за пакупкамі…
Гісторыю гэту расказала сталая ўжо кабета, з якой аднойчы пазнаёміліся ў адной з навакольных вёсак. Праўда, жанчына так і не змагла ўдакладніць, выпадкова адбывалася ўсё тое з іх сям’ёй, ці сапраўды ва ўсім вінаватыя, як кажуць, благое вока або замова.
Сяргей ДЫНІКАЎ.

Добавить комментарий