Нечаканыя «саюзнікі»

Прачнуўшыся, Міхась соладка пацягнуўся і вырашыў не спяшацца вылазіць з-пад коўдры — так не хацелася злазіць з цёплай печы, апранацца ў тоўстыя адзежкі і выходзіць за дзверы ў лістападаўскую халаднечу. Але тут пачуўся матчын ласкавы голас: “Сынок, час ужо ісці на працу. Ідзі да стала, я снядак стаўлю…”. З вялікай неахвотай – але што паробіш! – Міхась саскочыў на падлогу. На стале ўжо стаяла, запаўняючы хату апетытным водарам, толькі што згатаваная ў печы яечня, пастрэльваючы смажаным салам. Хуценька прыстроіўшыся на лаўку, хлопец падхапіў відэлец і пацягнуўся да патэльні. І раптам уваходныя дзверы з трэскам так ляпнуліся ў сцяну, што страсянулася ўся хата. У пакой уляцеў бацька і нейкім чужым голасам нема закрычаў: “К бою!..”.
Міхась ускочыў на ногі, балюча ўдарыўся аб нешта галавой і толькі тут урэшце ўцяміў, дзе ён знаходзіцца. Зямлянка трэслася ад блізкіх выбухаў, за плашч-палаткай, якой быў завешаны ўваход, чуўся рык старшыны: “К бою!..”. Схапіўшы зброю, хлопец ірвануў да свайго баявога месца. У галаве мільганула ўзлаваная думка: “Вось, свалата, так і не пасмакаваў яечні!”. А ўскочыўшы ў сваю ячэйку, ён раптам усміхнуўся – ну, хоць у сне дома пабываў!
Між тым артылерыйскі абстрэл пачаў аціхаць. Але на змену яму “заквакалі” мінамёты. Праўда, на шчасце, білі яны недакладна, некаторыя міны нават заляталі ў балоцвіну, што раскінулася за іх пазіцыямі метраў за сто перад сінеючым лесам. Ці то немцы не паспелі прыстраляцца, бо яны занялі гэтую пазіцыю толькі пару дзён таму, ці проста не давалі спакою, рыхтуючы яшчэ які-небудзь падвох? І тут паступіў новы загад: “Падрыхтавацца да атакі!”. Напэўна, камандаванне вырашыла апярэдзіць нямецкія “сюрпрызы” і нанесці апераджальны ўдар.
Цераз пазіцыі чырванармейцаў прашалахцелі снарады і ўдарылі па нямецкіх акопах. І тут жа прагучала: “У атаку!”. Міхась на нейкую хвілю замарудзіўся, засоўваючы ў кішэні запасныя абоймы, і выскачыў з траншэі амаль апошні. Але гэткая нагода ніколі не перашкаджала яму апынуцца сярод першых, бо яго доўгія ногі за адзін крок рабілі, лічы, паўтара звычайных. Аднак на гэты раз ён аніяк не мог наблізіцца да першых байцоў. Яны літаральна ляцелі па-над зямлёй, нібы здаючы нарматывы па бегу на стомятроўцы, ды яшчэ і неяк дзіўна – не прама на варожыя акопы, а наўкось управа і ўлева.
З нямецкага боку ажыў кулямёт і адначасова зашчоўкалі вінтоўкі. Міхась інстыктыўна прыгнуўся ледзь не ўдвая і раптам уцяміў, што б’юць яны не па атакуючых салдатах, а кудысьці далей за іх. Тут ужо, рызыкуючы спатыкнуцца, ён азірнуўся і… выпрастаўшыся ў свой немалы рост, таксама натуральным чынам паляцеў над зямлёй, і таксама наўкось. У некалькіх дзясятках метраў адзаду ў атаку імкліва несліся нейкія велізарныя калматыя, падобныя на людзей, пачвары. Мет-рах у дваццаці-трыццаці перад імі адчайна бег старшына, чамусьці не зварочваючы ўбок, як усе астатнія, нібы ўзначальваючы гэты жудасны атрад з пяці ці шасці незразумелых істот. Немцы шалёна палівалі калматых ворагаў агнём, але складалася ўражанне, што кулі праляталі міма – пэўна, са страху стралкі бралі няправільны прыцэл. А мо, гэтых пачвар кулі проста не бралі?
Імклівая атака скончылася поўнай перамогай. Пасля кароткай рукапашнай, тым больш, што шмат немцаў выскачылі з акопаў і збеглі яшчэ да сутыкнення, байцы пачалі асцярожна паглядаць у бок пазіцыі, якую атакавалі калматыя “саюзнікі”. А тыя павылазілі з траншэі, пастаялі гуртом, нібы пра нешта раючыся, і калонай, гуськом пакрочылі назад. Толькі калі іх велізарныя постаці зніклі за прыбярэжным кустоўем балоцвіны, з якой іх “выпаралі” нямецкія міны, салдаты скіраваліся да адбітай пазіцыі. Што там нарабілі калматыя пачвары, лепш не апісваць, але больш за ўсё Міхася ўразілі сагнуты напалам нямецкі МГ і скручаныя ледзь не ў спіралі вінтоўкі. Ён нават здрыгануўся, уявіўшы, што гэтыя нечаканыя “саюзнікі” такім жа чынам маглі апынуцца на баку немцаў…
Міхал Сцяпаныч скончыў свой аповед, падняўся з-за стала і падышоў да акна. На вуліцы па-ранейшаму імжэў восеньскі надакучлівы дождж. “Нібы там, на гэтым Каўказе ў сорак трэцім — таксама днямі сыпаў дождж, — ён звычна пацёр рубец на плячы, у непагадзь былое раненне заўсёды адгукалася тупым болем. – А ці бывае там увогуле сапраўдная зіма?”.
— Дзеда, дык гэта вам, напэўна, снежныя людзі дапамаглі? – падаў голас старэйшы з паўдзясятка хлопчыкаў, якія, шырока расплюшчыўшы вочы, слухалі расказ былога франтавіка.
— Можа, і яны, – азваўся стары, вяртаючыся за стол. – Гэта зараз у вас тэлевізары, кніжкі якія хочаш… А мы адкуль маглі ведаць, што гэта за яны? У нас жа такія снежныя ці то лясныя людзі зроду не вяліся. Побач з імі і мядзведзь, напэўна, дзіцём выглядаў бы. Хаця, можа, са страху падалося, што яны такія вялізныя? Але ж, што вышэй за мяне тагачаснага сама мала на галаву, а ў плячах ці не ўдвая шырэй – гэта дакладна. А ўжо рукі, дык сапраўды, як кажуць, бярвёны. Не дзіўна, што хтосьці з іх сагнуў кулямёт удвая. Там яшчэ ў акопе і невялікі мінамёт быў, сплясканы ў блін…
Сяргей ДЫНІКАЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *