Памяці адважнага генерала

25 чэрвеня 2014 года, у дзень 70-годдзя вызвалення Чавускага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, каля вёскі Халмы быў адкрыты памятны знак на месцы, дзе загінуў Герой Савецкага Саюза генерал-маёр Іван Сідаравіч Лазарэнка (1895-1944 г.г.). Ініцыятарам устанаўлення помніка стаў унук генерала Рыгор Рыгоравіч Лазарэнка. Помнік выраблены з граніту з выбітым партрэтам і ініцыяламі генерала.
Званне Героя Савецкага Саюза Іван Лазарэнка атрымаў за ўмелае кіраванне дзеяннямі 369-й стралковай дывізіі. 23-25 чэрвеня 1944 года часці дывізіі прарвалі даволі моцную абарону ворага , фарсіравалі рэкі Проня і Бася і з баямі прайшлі ўперад на 25 кіламетраў. Камандзір дывізіі генерал-маёр Іван Лазарэнка загінуў у баі 26 чэрвеня 1944 года ў 4 км к захаду ад вёскі Халмы — артылерыйскі снарад трапіў у машыну генерала пры выездзе ў перадавыя часці для асабістага кіраўніцтва боем па фарсіраванню ракі Раста.
Спачатку генерал быў пахаваны ў Крычаве ў парку 40-годдзя БССР (Дзіцячы парк), а пасля вызвалення Магілёва быў перапахаваны там у скверы, які зараз носіць яго імя на вуліцы Першамайскай. Імем героя названы вуліцы ў Магілёве і Крычаве.
Ў баях ён славу здабываў,
Заўсёды мужна ваяваў.
Крыжы ж так проста
не давалі,
Яны адвагі каштавалі!
Шмат бітваў здолеў ён прайсці,
Удзельнік войнаў аж пяці!
Як афіцэр, знаў месца,
З баямі выйшаў з Брэста!
Геройскі, мужны камандзір,
Ён вызваляў і бараніў
Край Магілёўскі родны наш.
У баі загінуў пры Халмах…
І хоць імклівы год ад года,
Заўжды ён у памяці народа!
Яго жыццё — служба Радзіме,
Вернасць прысязе і краіне! Канстанцін Цітоў.

Добавить комментарий