“Чэрыкаўскі прывал-2018”

Пад такой назвай у вёсцы Горкі Чэрыкаўскага раёна адбыўся традыцыйны абласны турыстычны злёт. У ім удзельнічалі грамадзяне пажылога ўзросту, якія наведваюць аддзяленні дзённага знаходжання цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва вобласці. Наш РЦСАН на злёце прадставіла каманда “Усмешка” ў складзе капітана Людмілы Мітраховіч, а таксама Валянціны Даніленка, Ганны Гузун, Ларысы Цыганковай, Наталлі Паўлючэнка. Уладзімір Даніленка, які склаў групу падтрымкі, дапамог жанчынам устанавіць палатку і раскласці вогнішча. Усяго ў злёце ўдзельнічалі 10 каманд. Яны спаборнічалі ў розных конкурсах, якія далі ім магчымасць паказаць сваю творчасць, спартыўную і медыцынскую падрыхтоўку, кулінарныя здольнасці… Гэта такія конкурсы, як “Візітная картка”, “Лепшы бівуак” (устаноўка палаткі і раскладанне вогнішча), “Насценгазета”, “Турыстычная паласа перашкод”, інфармацыйнае паведамленне “Мая малая радзіма”, эстафета “МНС”, практычнае заданне “Палявы ўрач” і конкурс паходных страў “Абед на прывале”. Наша каманда парадавала песняй “Усмешка”, здзівіла прыгожа пададзенымі і арыгінальнымі стравамі “Паўлінавы хвост”, “Вожык на паляне”, “Пальмавы рай”, “Салодкая парачка на поплаве”… Зацікавіла ўдзельнікаў злёту гісторыя ўзнікнення горада Крычава, расказ пра выдатныя мясціны, помнікі і, канечне, славуты Палац Пацёмкіна, які шчыра запрасілі наведаць. А ў эстафеце “МНС” канкурсанты паказалі ўменне і спрыт у збіранні пажарнага апавяшчальніка на час.
Каманда нашага РЦСАН, якая летась атрымала дыплом у намінацыі “Самыя экстрэмальныя”, і ў гэтым годзе да злёту падышла адказна, добра падрыхтавалася. “Усмешка” сёлета перамагла ў намінацыі “Лепшыя ў віктарыне “Палявы ўрач”, паказала выдатнае веданне правілаў аказання першай медыцынскай дапамогі. Таксама ўсе каманды турыстычнага злёту “Чэрыкаўскі прывал-2018” атрымалі дыпломы ўдзельнікаў. Такія мерапрыемствы накшталт турзлёту даказваюць: узрост спартыўным перамогам не перашкода. І на пенсіі можна не сумаваць, а радавацца, рэалізоўваць свае мары, на якія раней, можа, не хапала часу, знаходзіць новыя цікавыя і карысныя заняткі. Галоўнае – жаданне, аптымістычны погляд на жыццё і, як спяваецца, сэрцам не старэць.
Анжэліка Саўчанка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *