Таленты для Каралевы

На базе сярэдняй школы № 8 прайшоў адборачны этап рэспубліканскіх спаборніцтваў “300 талентаў для Каралевы”, арганізаваных Беларускай федэрацыяй лёгкай атлетыкі. Удзел у іх прынялі каманды юных спартсменаў 2-4 класаў з Крычава, Чэрыкава, Касцюковічаў, Клімавічаў, Слаўгарада і Мсціслаўля.
“Мы вельмі ганарымся, што менавіта Крычаў абралі для правядзення гэтага этапу нараўне з Магілёвам і Бабруйскам”, — кажуць работнікі СДзЮШАР.
У праграме спаборніцтваў былі чаўночны бег, бег на 30 м і на доўгія дыстанцыі (500 м для дзяўчынак і 800 м – для хлопчыкаў); кіданне тэніснага мяча і кіданне мяча з кален, скачкі ў даўжыню з месца і скачкі на скакалцы. Упартасці, з якой дзеці змагаліся за лепшыя рэзультаты, мог пазайздросціць нават дарослы. Кожны з удзельнікаў атрымаў пасведчанне аб удзеле і медаль. Калі будуць падведзены вынікі, стане вядома, хто пройдзе ў наступны этап.
Трэцім этапам спаборніцтваў будзе вучэбна-трэніровачны збор на спартыўна-аздараўленчай базе “Рудэя”, а пад Новы год пройдуць урачыстыя фінальныя спаборніцтвы ў Мінску. Жадаем перамог нашым маленькім спартсменам!

Дар’я Баравікова.

Добавить комментарий