Трыумф Беларусі

Трыумф Беларусі
Беларуская біятланістка Дар’я Домрачава стала трохразовай алімпійскай чэмпіёнкай. Пасля перамог у пасьюце і індывідуальнай гонцы яна 17 лютага стала лепшай у мас-старце.

Трыумф Беларусі 
Беларуская біятланістка Дар’я Домрачава стала трохразовай алімпійскай чэмпіёнкай. Пасля перамог у пасьюце і індывідуальнай гонцы яна 17 лютага стала лепшай у мас-старце. Прэзідэнт прысвоіў алімпійскай чэмпіёнцы Дар’і Домрачавай званне Героя Беларусі.
Лідар беларускай каманды зноў, як і ў дзвюх папярэдніх гонках, 17 лютага таксама апярэдзіла ўсіх у бегу па лыжні на дыстанцыі з масавага старту на 12,5 км. На першых трох агнявых рубяжах Дар’я была бездакорная, паслаўшы ўсе кулі дакладна ў цэль і толькі на апошняй «стойцы» адзін раз прамахнулася. Зрэшты, гэта ўжо не магло перашкодзіць Дар’і Домрачавай упэўнена заваяваць сваё трэцяе золата на сочынскай Алімпіядзе з рэзультатам 35 хвіл. 25,6 сек. У мінулыя гады ў жаночым біятлоне трохразовай алімпійскай чэмпіёнкай станавілася толькі праслаўленая нямецкая спартсменка Каці Вільхельм, якая стала лепшай на дзвюх Алімпіядах — у Солт-Лейк-Сіці-2002 у спрынце і эстафеце і Турыне-2006 у пасьюце.
Яшчэ адна беларуская біятланістка — бронзавы прызёр гонкі праследавання — Надзея Скардзіна на гэты раз выступіла не так паспяхова, заняўшы толькі 16-е месца, адстаўшы ад чэмпіёнкі на 1 хвіл. 42,4 сек. пры двух промахах.
На біятлонным алімпійскім турніры засталося правесці яшчэ 4 гонкі
                                                                                          *    *    *
Беларускі фрыстайліст Антон Кушнір стаў алімпійскім чэмпіёнам у лыжнай акрабатыцы.
У фінальным раўндзе спаборніцтваў у экстрым-парку «Роза Хутар» 29-гадовы мінчанін цудоўна выканаў скачок з найвышэйшым каэфіцыентам складанасці — трайное сальта з 5 вінтамі, і атрымаў самую высокую ацэнку сярод усіх канкурэнтаў — 134,59 бала. Сярэбраны прызёр аўстраліец Дэвід Морыс адстаў вельмі далёка, атрымаўшы 110,41 бала, а ўладальнікам бронзы стаў кітайскі спартсмен Цзя Цаньянь — 95,06 бала.
Антон Кушнір паўтарыў поспех Алы Цупер, якая 14 лютага стала чэмпіёнкай сочынскай алімпіяды ў гэтай жа дысцыпліне сярод жанчын.

Добавить комментарий