Проблемы решены

“Эх, дарогі…”
Мясцовыя дарогі, як і цэнтральныя, склада­юць важную частку ў гаспадарчай інфраструктуры краіны. Асаблівую вагу яны набываюць у маштабах асобнага раёна. Гэта своеасаблівыя артэрыі, што злучаюць гаспадарчы арганізм у адзінае цэлае. А каб ён дзейнічаў зладжана і належным чынам, дарогі мясцовага значэння неабходна ўтрымліваць у належным стане. На балансе Крычаўскага філіяла камунальнага ўнітарнага прадпрыемства па праектаванні, рамонце і будаўніцтве дарог «Магілёўаблдарбуд» «Дарожнае рамонтна-будаўнічае ўпраўленне № 198» знаходзіцца 104,5 кіламетра аўтадарог з гравійным пакрыццём і 109,6 кіламет­ра грунтавых. Якія работы вядуцца для падтрымання іх у належным стане, расказаў начальнік арганізацыі Вадзім Няверка:

— За перыяд з 20 красавіка па 18 мая адпрафіліравана 75,19 кіламетра дарог, што складае прыблізна 30 працэнтаў ад патрабуемых работ. Зас­таўшыеся 70 працэнтаў дарожнага палатна, дзе патрабуецца прафіляванне, будуць апрацаваны за май і чэрвень. На сённяшні дзень ідуць работы па бягучым рамонце — умацаванне гравійнага пакрыцця на дарозе Лучкі-Юркаўка-­Зайцава Слабада працягласцю 3,1 кіламетра.
— Гэта што тычыцца грунтавых і гравійных дарог. А якія мерапрыемствы праводзяцца на дарогах з асфальтабетонным пакрыццём?
— На сённяшні дзень вядуцца работы па вуліцы Ціміразева. Гэта вуліца, якая з’яўляецца пачаткам нашай дарогі, знаходзіцца ў дзяржпраграме. Тэрмін заканчэння работ – ліпень. Але ліпень — гэта ўвогуле. Што тычыцца пешаходнай дарожкі, узнімалася такое пытанне, то яна будзе выканана за май-чэрвень, гэта зна­чыць, раней устаноўленага тэрміну. Таксама ў гэты час па асноўных напрамках дарог вядзецца ямачны рамонт. У самым дрэнным стане дарога Крычаў-Ходасы-Курманава. Гэта маляціцкі накірунак, ажыўленая траса. Адтуль паступае шмат нараканняў і скаргаў на стан дарожнага палатна. Па меры магчымасці выконваем заяўкі. Ужо прыступілі да ямачнага рамонту гэтай дарогі.
Адзін з наступных аб’ектаў, запланаваных на бліжэйшы час, – дарога на Лабковічы. Неабходна прывесці ў належны стан адгалінаванне з асфальтабетонным пакрыццём ад дарогі Крычаў-Орша-Лепель у бок гэтай вёскі працягласцю 780 метраў. Увод участка плануецца ў канцы мая-пачатку чэрвеня. Ёсць у нас яшчэ і дарога Крычаў-Беліца, на рамонт якой выдзелены сродкі. Адпаведна заданню, за ліпень-кастрычнік трэба ўкласці на ёй асфальтабетонае пакрыццё працягласцю 3,6 кіламетра. Але гэтыя работы будуць весціся не ў адным месцы, скажам так, не адным кавалкам, а ўчасткамі, дзе патрабуецца неадкладны рамонт. Такім чынам, самыя зношаныя ўчасткі будуць вызначацца на месцы калегіяльна, з удзелам прадстаўнікоў заказчыка, тэхнагляду. Акрамя работ канкрэтна на дарожным палатне, мы праводзім і іншыя. У прыватнасці, на дарозе Дарагая-Волчас-Цінькава плануецца абуладкаванне прыпыначнай пасадачнай пляцоўкі і ўстаноўка павільёна аўтобуснага прыпынку.