Пад Мінскам затрыманы 32 баевікі замежнай прыватнай ваеннай кампаніі

29 ліпеня ўначы супрацоўнікі праваахоўных органаў Беларусі пад Мінскам затрымалі 32 баевікоў замежнай прыватнай ваеннай кам­паніі Вагнера. Акрамя таго, яшчэ адзін чалавек быў знойдзены і затрыманы на поўдні краіны, паведам­ляе БелТА.
Як расказалі ў праваахоўных органах, была атрымана інфармацыя аб прыбыцці на нашу тэрыторыю больш як 200 баевікоў для дэстабілізацыі абстаноўкі ў перыяд выбарчай кампаніі. Пры сабе расіяне мелі кож­ны па невялікай ручной паклажы, і на ўсіх – тры вялікія цяжкія чамаданы, загрузку якіх у транспартны сродак ажыццяўлялі некалькі мужчын.
Пасля прыбыцця ў сталіцу ў ноч з 24 на 25 ліпеня група засялілася ў адну з гасцініц Мінска і павінна была выселіцца 25 ліпеня, аднак пакінула атэль 27 ліпеня і пераехала ў адзін з санаторыяў Мінскага раёна.
Паводле даных адміністрацыі санаторыя, прыезджыя звярнулі на сябе ўвагу нехарактэрнымі для расійскіх турыстаў паводзінамі і аднастайным адзеннем у стылі мілітары. Спіртнога не ўжывалі, забаўляльных устаноў не наведвалі, трымаліся адасоблена, стараючыся не прыцягваць да сябе ўвагі. Яны невялікімі групамі ўважліва вывучылі тэрыторыю і наваколле санаторыя. 32 чалавекі сіламі групы «А» КДБ пры падтрымцы АМАП ГУУС Мінгарвыканкама былі затрыманы. Акрамя таго, яшчэ адзін чалавек быў выяўлены і затрыманы на поўдні краіны. Адносна названых асоб Следчым камітэтам праводзіц­ца праверка.
* * *
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сабраў тэрміновую нараду з членамі Савета бяспекі. Кіраўніку дзяржавы далажылі аб сітуацыі ў сувязі з затрыманнем у Беларусі больш як трох дзясяткаў прадстаўнікоў замежнай прыватнай ваеннай кампаніі, дадала БелТА.
«Я запрасіў вас для таго, каб разабрацца з гэтым, можна сказаць, надзвычайным здарэннем, якое адбылося сёння ноччу. Інакш яго не назавеш», – адзначыў беларускі ­лідар.
Ён папрасіў старшыню КДБ Валерыя Вакульчыка больш дэталёва далажыць аб сітуацыі. «Я гляджу на рэакцыю ­расіян. Яны ўжо, апраўдваючыся, гавораць, што амаль не мы іх самі сюды завезлі. Зразумела, трэба ж неяк апраўдаць свае брудныя намеры. Таму вельмі прасіў бы, каб у гэтай сітуацыі і з гэтым фактам было ўсё вельмі адкрыта і сумленна. Калі гэта расійскія грамадзяне (а я так разумею, іх дапыталі), значыць, трэба звярнуцца неадклад­на ў адпаведныя структуры Расійскай Федэрацыі, каб яны растлумачылі, што адбываец­ца», – сказаў Аляксандр ­Лукашэнка.
Асобнае даручэнне Прэзідэнт так­сама даў прэс-сакратару Натал­лі Эйсмант: «Нам трэба звярнуцца да расійскіх сродкаў масавай інфар­мацыі, у тым ліку Telegram-каналаў, каб яны, як Пуцін гаворыць, пургу не гналі. Калі вінаватыя, трэба з гэтай сітуацыі выходзіць дастойна. Не вінаватыя – добра, у нас няма ніякіх мэт зняславіць блізкую нам краіну».
«Таму я хацеў бы, каб коратка далажылі мне аб сітуацыі і аб тым, што на сённяшні дзень мы маем», – дадаў беларускі лідар.

Добавить комментарий