Мама

Колькі радасці і дабрыні, эмоцый і пачуццяў выпраменьвае гэта роднае слова. Я не ведаю болей ласкавых, блізкіх, дарагіх і значымых, чым гэтае. Яно як веснавое сонейка, як любімая песня, як свежая ружа і майская раніца – цёплае, гаючае, шчырае, светлае і святое. Як само жыццё, дадзенае нам мамай з надзеяй на шчаслівы лёс яе дзяцей…
…Аднойчы мой брат Пётр сказаў, што ў нашай вёсцы, напэўна, ніхто з жанчын не любіў і не ахоўваў так сваіх дзяцей, як нас наша маці. Ніхто так не клапаціўся аб дзецях, як яна аб нас. Ніхто столькі і так заўзята і ўтрапёна не працаваў, як яна.
І ў мяне, і ў сястры былі гэткія ж думкі. І ў гаротныя часы, і ў радасныя побач была мама. Яна настаўляла, вучыла нас сардэчнасці, сціпласці, павазе да людзей, справядлівасці, сумленнасці.
…Відаць, ніколі не забудзем тыя, асабліва пякучыя, моманты, калі фашысты, адступаючы, на нашых вачах, вачах малалетніх дзяцей, палілі нашу хату. Ніякія просьбы-маленні маці не дапамаглі. Мы бачылі на скажоных тварах нелюдзяў раз’юшанасць, чулі чужую грубую лаянку. Тады датла згарэлі ўсе нашы пабудовы разам з маёмасцю. І не толькі нашы, амаль ва ўсіх вяскоўцаў. Усяго дзве хаты, якія з-за дыму і полымя не ўбачылі фрыцы, уцалелі. Колькі потым гора, нястачы паспыталі! Проста розуму недаступна, як вынесла ўсе тыя пакуты наша мама. Першую зіму мы перабедавалі ў суседняй вёсцы ў траюраднай цёткі. А ўжо другую зіму – у сваёй невялікай хаціне памерам тры на чатыры метры. Для пабудовы яе ўсё з лесу перанесла на сваіх плячах маці – па аднаму танкляваму бярвенцу. Не адну сотню цяжкіх “рэйсаў” зрабіла…
Мне тады было шэсць гадоў, брату – чатыры, сяст­ры – сем. Такія ў яе былі памочнікі. Але ж нешта дапамагалі, напрыклад, мясіць босымі нагамі гліну з дробнай саломай для вырабу цэглы-сырцу, з якой потым склалі невялікую печ. Прыносілі з лесу мох для ўшчыльнення бярвенцаў. Вядома ж, дапамагалі вяс­коўцы, сваякі, якія пабудаваліся крыху раней… Дзеці цалавалі сваю маму ад радасці, калі над комінам завіхурыў першы сіняваты дымок. Ведалі: цяпер не прападзём, печ і накорміць, і абагрэе… з дапамогай любай мамы.
Амаль усе палявыя работы тады выконвалі ўручную – і ў калгасе, і на прысядзібных участках. Бо машын і механізмаў, лічы, не было, а коней – зусім мала, ды і тыя выбракаваныя, калекі, а здаровыя пайшлі з войскам на Захад. вясной вялікія ўчасткі калгаснай зямлі ўскопвалі рыдлёўкамі. Іншы раз можна было бачыць, як, напрацаваўшыся за дзень, з поля ішлі жанчыны, спяваючы песні, а над іх галовамі пабліскваў, нібы вінтоўкі, гэты прымітыўны інвентар. Дзеці радаваліся, узбадзёрваліся: зараз будзе мама. І, у той жа час, усхвалёўваліся: а ці ўсё яны зрабілі, што загадвала, прасіла зрабіць мама?
Мы здалёк пазнавалі сваю маму па цемнаватай хусцінцы, завязанай на галаве касынкай. Высявае яна ў раллю з сяўні зерне або жне сярпом жыта, матычыць пасевы кок-сагызу ці падварушвае сена – усюды выдзялялася, віднелася яе такая дарагая нам касыначка. Маці ўмела касіць і касіла траву, не раз хадзіла за плугам, калі трэба было пасадзіць бульбу на прысядзібным участку. А плуг цягнулі дзве, а то і тры жанчыны. Спачатку аднаму пасадзяць бульбу, потым другому, трэцяму… Прыгадалася, як кожнай раніцай да нашай хаты падыходзіў, засланяючы ўсё акно шырокай постацю, брыгадзір Мікола і, прыпаўшы да шыбы, громка агучваў прадстаячыя на дзень работы. Мне асабліва падабалася,калі ён казаў: “Мар’я, сёння стагаваць сена. Рыхтуйся, будзеш вяршыць…”. І я, зрабіўшы ўсё, што наказала маці, хуценька шыбаваў на луг, дзе ішла ўборка сена. Бачыў, як мама стаяла на самым версе высокага стога і граблямі ўкладвала ахапкі сухой травы, якую ёй падавала з прыкопка, што прыладзілі для зручнасці да стога, Праскоўя Сілаўна, а ёй – жанчыны з зямлі. Яна раскладвала, утоптвала, раўняла сена. Калі ўкладку завяршылі, маці па вяроўцы, якую з аднаго боку ўтрымлівалі два чалавекі, спусцілася на прыкопак, потым на зямлю. Стомлена села на сена і прагна піла ваду з бутэлькі, якую я ёй прынёс. Сказала: “Зараз пойдзем дахаты”.
Шмат гадоў маці адпрацавала на ферме, даглядала свінаматак, групы дарошчвання і адкорму. Цяжка было, але ніколі не скардзілася, рабіла ўсё сумленна.
…Як яна хацела, каб мы ўсе трое вучыліся і сталі пісьменнымі, адукаванымі, што, пераконвала нас, вельмі дапаможа ў жыцці. Часам гаварыла: “Я ахвочая была да вучобы. За адну зіму два класы скончыла. Настаўнік сам да нас прыходзіў два разы, калі не ўбачыў мяне ў трэцім класе. Усё ўгаворваў бацьку, каб не забараняў мне вучыцца далей. А той нават і слухаць не захацеў. Яму важней было, каб я прала кудзелю, ткала палатно, жывёлу пасла. Я на яго доўга крыўдавала…”.
І мяне маці падхвальвала, падахвочвала добра вучыцца: “А настаўніца Алена Данілаўна мне казала, што ты здольны, можаш на адны пяцёркі вучыцца”. І я стараўся.
…Калі атрымаў атэстат аб сярэдняй адукацыі, да службы ў арміі заставалася крыху больш года. І каб марна не губляць час, па парадзе мамы панёс дакументы ў Крычаўскае прафтэхвучылішча. Але іх не прынялі: маўляў, немэтазгодна вучыць юнака, калі на парозе армія. І я падумаў: “Лагічна, пераканаўча”. Толькі не так думала маці. На наступную раніцу яна пайшла ў Крычаў, а ўвечары вярнулася з радаснай навіной: “Прынялі, будзеш вучыцца на машыніста парасілавых і дызельных установак”. І яна паведала, што сур’ёзна пагаварыла з самім дырэктарам. Расказала яму, як цяжка адной жанчыне гадаваць траіх дзяцей без бацькі, які загінуў ужо ў канцы вайны. Паклала перад ім бацькаў ордэн Айчыннай вайны 2-й ступені, паведамленне аб пахаванні ў Польшчы. І ён, уважліва выслухаўшы, тут жа распарадзіўся залічыць мяне навучэнцам вучылішча.
Маці заўсёды хораша адзывалася аб дзецях, якія паспяхова вучацца, дапамагаюць бацькам у дамашніх справах, добра паводзяць сябе і паважаюць старэйшых. раіла і нам браць з іх прыклад, сябраваць з імі. І не звязвацца з тымі, хто робіць дрэнныя ўчынкі. Яна даводзіла нам, што ў яе родзе ўсе прыстойныя людзі і што і мы, яе дзеці, павінны быць такімі. Але як жа яна расхвалявалася і ўзлавалася, калі даведалася, што я лазіў у чужы сад за яблыкамі. А было гэта так. За суседняй вёскай Дуброўка мы, падлеткі, падворвалі калгасную бульбу, якая падступала да прысядзібных участкаў, сяк-так абгароджаных плотам. Круглы сірата Жэня Юрчанка разы са два ўжо злазіў за яблыкамі ў агарод Сіпоўкінай Ніны. Іншым даў па яблычку-зелянцу, а некаторым, у тым ліку і мне, паказаў на агарод: “Там вазьміце самі, бачыце, нікога няма?”. І я, калі ў чарговы раз усе ўжо былі пад яблынямі, адважыўся пралезці ў агарод. Нібы чорт, злы дух пацягнуў. Сарваў адзін яблык, памкнуўся па другі. І тут мяне ўхапіла за руку гаспадыня, яна нібы з-пад зямлі вырасла: “Ай-яй, не думала, што Мар’ін хлопец здольны на такое. Які сорам, якая ганьба!”. Гэта быў горкі ўрок для мяне на ўсё жыццё. Больш маму сваю я ніколі не падводзіў.
А колькі разоў кожны год маці змервала 15-кіламет­ровую дарогу ад вёскі Ліпаўка да горада з хатылямі, напоўненымі такой-сякой малочнай прадукцыяй, гароднінай, ягадамі, грыбамі і інш., каб прадаць гэта на рынку, адрываючы ад сябе, і купіць для дзяцей хоць што з вопраткі і абутку. Прадавала маці і тытунь. Некалькі гадоў за хатай шырокую градку займала лапушыстая табака. Маці навучыла нас плесці чуні з вяровак і лапці з ліпавага лыка, якія самі насілі, а таксама прадавала. Словам, усё рабілі, усяляк стараліся, каб неяк жыць, вучыцца…
Яшчэ многа прыемнага можна расказаць пра нашу маму. Успомніў, як яна ў завірушлівы вечар, калі ішоў з Маляціцкай школы, сустракала мяне каля парослага хмызняком балотца, дзе два дні назад вяскоўцы бачылі двух ваўкоў. Здзіўляўся, як яна ўгадала, адчула, бы с божай дапамогай, што ў той вечар мне асабліва было страшна? Потым на гэтым месцы яшчэ не раз сустракала мяне. І я быў вельмі ўдзячны маці, да мяне вярнулася ўпэўненасць, смеласць. І неяк тады не задумваўся, што ёй, пэўна, бывае страшна тут, калі чакае мяне? Сама яна аб гэтым ніколі не гаварыла.
У нашай памяці яна – самая добрая, руплівая, клапатлівая і любячая сваіх дзяцей маці, якая жыла і працавала дзеля іх, жадаючы дабрабыту і шчаслівага лёсу…
Вельмі клапаціліся аб сваіх нашчадках, каб яны выраслі добрымі людзьмі, і ўдовы вайны Ксення Піліпаўна Барысава, Марыя Іванаўна Юрчанка, у якіх па чацвёра дзяцей, а таксама Ефрасіння Ягораўна Сардэ, Яўгенія Ануфрыеўна Салаўёва, Еўдакія Мікалаеўна Садомава і іншыя жанчыны нашай невялікай вёсачкі Ліпаўка.
Іван Салаўёў,
пенсіянер.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *