Слова пра бацьку

SONY DSC

Яшчэ бацькоўскі зруб жыве,
і шашаль точыць столь і сцены…
Яшчэ карова ў хляве
жвануе сон начны нязменна…
Яшчэ хусцінка ў акне
пільнуе сынаву ўсмешку…
Яшчэ даспелены ранет
цалуе знічку пад узмежкам…
Кастусь Цыбульскі
Продкі мае былі сяляне-земляпашцы, прос­тыя працаўнікі. Вялі духоўны лад жыцця, гадавалі памногу дзяцей, гаспадарылі. А калі клікала Радзіма, ішлі яе абараняць.
Бацька, Пётр Цімафеевіч Стальмахоў, першы распавядаў мне гісторыю паходжання проз­вішча нашай сям’і. Стальмах (ці стэльмах) – майстар, які вырабляў калёсы, сані, брычкі.
Нарадзіўся бацька 12 ліпеня 1929 года ў вёсцы Губеншчына (у той час Горкаўскага сельсавета Чэрыкаўскага раёна Калінінскай акругі, БССР). У 20-30-я гады мінулага стагоддзя жыхароў вялікіх вёсак рассялялі на новыя мясціны, і з 1930 года бацькавай, а затым і нашай малой Радзімай стала вёска Сычык Бацвінаўскага сельсавета.
12 ліпеня, як вядома, адзначаецца дзень святых Пятра і Паўла. У гэты дзень на працягу многіх гадоў да нас завітвалі госці, каб павіншаваць бацьку, пабачыцца ўсім. Прыязджалі родныя і зводныя бацькавы браты з сем’ямі, родныя мамы,а потым і мы, дзеці, што раз’ехаліся па краіне.
Нашы бацькі былі вельмі гасцінныя людзі. Родныя з Магілёва, Масквы, Днепрапятроўска, Урала з радасцю ехалі да нас у вёску. Для кожнага знаходзілася ў бацькі добрае слова, тэма для гаворкі і… праца. У асноўным, гэта была нарыхтоўка сена. Усе з задавальненнем выконвалі бацькавы даручэнні, пакуль ён шчыраваў у калгасе на трактары або камбайне. Вечарамі тапілі лазню, вячэралі і доўга-доўга размаўлялі, успамінаючы мінулае. А ўспамінаць нашаму бацьку было што…
З чатырнаццаці год ён быў за старэйшага ў сям’і. Разам з малодшым братам у цяжкія пасляваенныя гады, як маглі, дамагалі маці, рана навучыўшыся сялянскай працы.
У школе вучыўся бацька з вялікай ахвотай і стараннем — у пасведчанні толькі добрыя і выдатныя адзнакі. У 1955 годзе скончыў вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі ў вёсцы Манастырок Чэрыкаўскага раёна. Чытаю ў пасведчанні: “вытрымаў выпускныя кваліфікацыйныя экзамены на “выдатна” па спецыяльнасці механік-камбайнер. Мае права працаваць на самаходных і прычапных камбайнах і слясарна-мантажных работах”…
Мае права працаваць. І як працаваў! Калгасную зямлю заўжды апрацоўваў як сваю. Бацька казаў: “Гладжу калгаснае поле восем разоў з вясны да восені, толькі мяняю плугі на бароны, культыватар – на сеялку, перасаджваючыся з трактара на камбайн”.
Не тое што гадамі, дзесяцігоддзямі не меў ні выхадных, ні водпускаў. Праца ў калгасе была для бацькі не проста працай, а сэнсам жыцця.За добрасумленную працу наш бацька быў узнагароджаны ордэнамі Працоўнай Славы III і II ступені, медалём “Ветэран працы”, шмат лікімі пачэснымі знакамі савецкіх часоў — «Ударнік камуністычнай працы», «Ударнік 9-й пяцігодкі», «Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва». У бацькоўскім доме захоўваецца сто грамат, падзяк за высокія паказчыкі ў веснавой сяўбе, уборцы ўраджаю, як лепшаму механізатару. 70-я, 80-я, 90-я гады…
Вельмі даражыў бацька Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, якую атрымаў у 1968 годзе з рук С.В. Прытыцкага. Выве­дзенае пер’евай ручкай каліграфічным почыркам бацькава прозвішча надавала ёй нейкую асаблівую значнасць і ўрачыстасць. З цягам часу ў яе скураную вокладку ўладкаваліся іншыя. Але ж працаваў бацька не за ўзнагароды, а па сумленні.
У адпаведнасці з традыцыямі тых часоў, уверсе грамат былі надпісы: “Слава працы! Хвала рукам, што пахнуць хлебам!”. Але хоць бацька і вырошчваў хлеб, рукі яго заўсёды пахлі мазутам. Немагчыма ўявіць, каб ён недажаў поле або пакінуў няскончаную пахату. Працаваў да ночы, як сам казаў, “завяршаў поле”. Наогул, да зямлі адносіўся з асаблівым, шчымлівым і трапяткім пачуццём, з сапраўднай сялянскай павагай. Пракладзеныя ім барозны былі роўнымі, аднолькавай глыбіні, ніякіх “лапін”. Калі бацька касіў, то абкошваў усе няўдобіцы, кустоўе, скошваў і тую траву, якую не бу­дзе есці карова, каб не рассявалася.
Правацаў наш бацька самааддана і ў той жа час неяк весела, з задавальненнем. Ён многае ўмеў рабіць: не кажучы пра звычайную сялянскую працу, мог справіцца ў кузні, вырабляў тапарышчы, граблі, ладзіў косы, плёў кошыкі, валяў валёнкі.
Было ў бацькі нейкае вельмі чыстае ўспрыманне свету. Просты чалавек, ён заўважаў і разумеў прыгажосць, любіў людзей. Мне казаў: “Вучыся, дачушка, разбірацца ў людзях”. Сам жа з першага позірку ацэньваў чалавека. Любіў дзяцей, паважаў і апякаў старых. Вельмі любіў маладыя дружныя сем’і. Лічыў, што да суседак трэба адносіцца лепш, чым да іншых. Усё жыццё шкадаваў сваю маці, што завіхалася ля печы, а потым нашу матулю, першым уставаў раніцою, прыносіў дровы, ваду, распальваў печ, устаўляў вялікія чыгуны з бульбай ці буракамі для хатняй жыўнасці і толькі потым будзіў гаспадыню рыхтаваць сняданак. Бацька захапляўся жаночай прыгажосцю, не шкадаваў добрых слоў нашым сяброўкам.
З 1949 па 1954 год Пётр Стальмахоў праходзіў службу на Балтыйскім флоце, порт прыпіскі — Кранштадт. Да канца жыцця збераглі флоцкае сяброўства з земляком Іванам Антонавічам Катоўскім. Захаваліся ў бацькавай гаворцы характэрныя словы: «кампас», «вецер сёння норд-ост», «нельга апускацца», «дружна», «ніжэй за ватэрлінію».Чытаў шмат кніг на марскую тэматыку.
Наогул, чытанне было бацькавым захапленнем.Ён пазнаёміў нас, старэйшых дзяцей, з творамі Жуль Верна. Сярод яго любімых кніг – “Цусіма” В. Новікава-Прыбоя, “Петр Першы” А.Талстога, “Успаміны і разважанні” Г. Жукава. Памятаю, як краналі бацьку творы В. Шукшына, В. Астаф’ева. Чытаў дапазна, а іншы раз, калі зранку трэба было ісці на працу і да ночы жаць ці сеяць, уставаў у чатыры гадзіны, каб дачытаць…
Наш бацька-калгаснік быў сапраўдным інтэлігентным чалавекам: добразычлівым, пісьменным. Пісаў прыгожым почыркам, без памылак. Любіў пісаць пісьмы, віншаваць родных і блізкіх са святамі. Паштовак пасылаў шмат, знаходзячы для кожнага чалавека асаблівыя словы. Я захоўваю бацькавы лісты – прос­тыя, добразычлівыя, яны працяты пачуццём роднасці, душэўнай цеплыні.
Бацька быў нераўнадушным чалавекам і ў будзённым жыцці, і ў грамадскай дзейнасці. У 1969 годзе з’яўляўся дэлегатам III з’езда калгас­нікаў Беларусі.З гонарам прадстаўляў калгас імя Суворава на Выставе дасягненняў народнай гаспадаркі СССР ў Маскве. Неаднаразова абіраўся дэлегатам партыйных канферэнцый, доўгія гады быў членам праўлення калгаса. І не прос­та лічыўся, а сумленна і прынцыпова адстойваў інтарэсы людзей і гаспадаркі. З ім раіліся і старшыня калгаса, і спецыялісты.
А яшчэ бацька неяк асабліва ўмеў супакоіць чалавека. “Усё улаштуецца, – казаў. – Зараз абмазгуем.Трэба разабрацца”. І сапраўды, разбіраўся, дапамагаў.
Калі наш бацька захварэў, доктар, між іншым, сказаў: “Інфаркт – справа сур’ёзная. Да таго ж, сэрца ў вашага бацькі вялікае…”. Ён меў на ўвазе памеры хворага органа. Я ж бачу ў гэтых словах іншы сэнс. Ён сапраўды быў чалавекам Вялікага Сэрца. Зараз мне здаецца, што бацька больш за ўсё любіў нашу сям’ю, родную зямлю, нашу вёску, палеткі, нашу сядзібу, сад, лес. Ніколі ён не зламаў дарэмна ні воднага дрэўца, калі нарыхтоўвалі дровы, забіраў дадому нават маленькія сучкі. Ведаў грыбныя і ягадныя мясціны, але не меў часу хадзіць, бо заўсёды быў заняты працай.
Мабыць, з цягам часу, таму што вельмі люблю бацьку, я пачала яго злёгку ідэалізаваць. Быў жа ён жывым чалавекам, з недахопамі, памылкамі, “прамашкамі”. Але ж, па вялікім рахунку, гэта быў Чалавек з вялікай літары і камуніст у лепшым сэнсе гэтага слова.
А для нас тата так і не стаў старым.
Надзея Бабкова (Стальмахова).

Добавить комментарий