Восеньскі педагагічны роздум

Восень —  самы прыгожы час.Восеньскі педагагічны роздум

Гэта своеасаблівы золак чалавечага жыцця. Восенню мы асабліва скрупулёзна і па-філасофску пачынаем асэнсоўваць наша мінулае, сённяшняе, будучае. Восень — гэта час вяселляў, стварэння новых сем’яў. 
Верасень — першы месяц восені.  І ў гэты залаты час беларускі народ пачынае падлічваць не толькі атрыманае збожжа на палетках,  але і падсумоўвае вынікі на ніве асветы, адукацыі і выхавання.  І вельмі сімвалічна, што менавіта рознакаляровымі вераснёўскімі днямі тысячы маленькіх беларусаў сядаюць упершыню за школьныя парты.  У першым храме іх жыццёвых універсітэтаў — школе — іх  сустракаюць настаўнікі — тыя апантаныя і вялікія  людзі, якія не ўяўляюць свайго жыцця без высакароднай дзейнасці педагога. 
Восенню чалавек пачынае узгадваць незабыўныя моманты свайго жыцця, сваё дзяцінства,  юнацтва, сталыя гады. Гэта адметны  час добрай настальгіі і шчырага роздуму. Вось і мне захацелася выказаць лірычныя словы павагі ўсім  Настаўнікам з вялікай літары, жыццёвым педагогам. Бо з намі па жыцці заўсёды крочаць духоўныя настаўнікі, якія нас не толькі вучаць, але і натхняюць, падказваюць,  раяць, не пакідаюць у горы і ў бядзе, даючы надзейную пуцёўку ў жыццё. Такіх духоўных настаўнікаў — велічных і самаадданых —  у чалавека, на жаль, не надта многа. І таму трэба асабліва цаніць тых, якіх займеў у  сваіх жыццёвых вандроўках.   
Нашы духоўныя настаўнікі вучаць нас любіць Радзіму — вялікую і маленькую.  Вучаць любіць Жыццё. Яны  валодаюць незвычайным талентам цярплівай любові, поўнай адданасці, добразычлівасці, павагі, неабыякавасці.  А мудрасць і святло душы  гэтых людзей набліжаецца да бацькоўскай — да пяшчоты матулі і гаспадарлівасці бацькі. 
Улада педагога над дзіцём павінна быцць пісьменнай і не пераборлівай! Дзіця  толькі тады стане адданым вам, калі паверыць вам. На даверы, дабрыні і любові і трамаецца жаданне дзіцяці шукаць абарону ў дарослага.
Восенню асабліва востра разумееш: выхаванне — вялікая справа, бо ім у многім вырашаецца наш жыццёвы лёс. Перад педагогамі ўсіх часоў і народаў стаіць агромністая задача — выхаваць і сфарміраваць душы дзяцей. А ў справе выхавання няма і не можа быць ніякіх  дробязей!
І я, як педагог, перакананы, што дзіця ўмее любіць толькі  таго, хто яго любіць.  Дзіця можна выхоўваць толькі сапраўднай любоўю. Аднак памыляюцца тыя, хто думае, што педагогіка —  навука пра дзіця, а не пра чалавека. Бачыць жа добрае ў чалавеку заўсёды цяжка.
Лічу, што нармальнае выхаванне ў тым і заключаецца, каб  дарослае пакаленне  перадавала дастойна свой вопыт, свае веды, заняткі  і перакананні малодшаму пакаленню. Мы павінны абудзіць энэргію падрастаючага пакалення. Брыдкае ў чалавеку можна імгненна  разварушыць, як гнілую  дрыгву. Добрае ж  — яно чакае, яно, бывае, не толькі гадамі, дзесяцігоддзямі,  але і стагоддзямі выхоўваецца. Трэба памятаць, што, выхоўваючы дзяцей, мы выхоўваем будучую гісторыю нашай прыгожай Бацькаўшчыны. І самае галоўнае — навучыць дзетак  любіць жыццё з усім, што ёсць у ім. 
Школа па-за жыццём — гэта хлусня і крывадушша. Школа толькі тады набывае якасць сапраўднай, калі ў ёй фарміруецца разумная думка падрастаючага пакалення. Дрэнны той настаўнік, які сам мала вучыцца. Дрэнны той педагог, якому самому нецікава тое, што ён выкладае. Дзеці ж усё чуюць і бачаць. 
Настаўнік — вялікае  грамадскае прызнанне. Духоўны настаўнік — гэта найлепшы сябра чалавека, яго Зорка. А кожнае дзіця — паэт. І настаўніку неабходна вучыцца ўводзіць яго ў свет творчасці. 
Дзякуй, духоўныя настаўнікі, што вы крочыце з намі пастаянна па жыцці! Дзякуй, настаўнікі, што вы, нягледзячы ні на што, засталіся вернымі абранай ніве —  сеяць і збіраць ураджай ведаў. Няхай на гэтым шляху будзе менш камення, а больш шчодрых каласкоў!
                                                                                                                            Канстанцін КАРНЯЛЮК, 
                                                                                                                                              педагог.

Добавить комментарий