На канікулах не сумуем!

У вучняў пачаліся вясеннія канікулы, але дзверы школ для іх застаюцца адкрытымі. У кожнай установы адукацыі раёна ёсць праграма арганізацыі адпачынку дзяцей. Вялікая ўвага надаецца здароваму ладу жыцця, таму школы імкнуцца максімальна задзейні­чаць спартыўныя залы. Падчас канікул адбудуцца раённыя спаборніцтвы па гандболе. Многія мерапрыемствы пройдуць пад знакам Года малой радзімы, якім абве­шчаны 2018-ы. У сувязі з гэтым актыўна бу­дзе выкарыстана сацыякультурная прастора рэгіёна. Так, будуць арганізаваны паходы ў музей. Раённы Цэнтр турызму, краязнаўства і экскурсій прапаноўвае паездкі ў розныя гарады, экскурсіі па гістарычных мясцінах Крычаўшчыны. Установы дадатковай адукацыі арганізу­юць для дзецей ігравыя праграмы, турніры эрудытаў… На базе СШ № 8 адбудзецца раённая алімпіяда па вучэбных прадметах сярод вучняў малодшых класаў. Таксама падчас вясенніх канікул 7 навучэнцаў раёна прымуць ­удзел у заключным этапе рэспуб­ліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Дарэчы, летась такіх было толькі 2 чалавекі.
Сёлета споўнілася 75 гадоў з дня хатынскай трагедыі. З гэтай нагоды пройдзе раённы этап конкурсу “Дарогамі памяці”. Школьнікі збяруць інфармацыю пра спаленыя населеныя пункты, сустрэнуцца са сведкамі вайны і іх сем’ямі… Працаваць у музеях і архівах вучні будуць і ў рамках акцыі “Мы гэтай памяці верныя”, грамадзянска-патрыя­тычнага праекта “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”. Падчас канікулаў у школах арганізаваны лагеры. Да Міжнароднага дня тэатра тут пака­жуць розныя фільмы. Асаблівая ўвага надаецца арганізацыі вольнага часу дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Іх вучаць здароваму ладу жыцця, законапаслухмяным паводзінам. Словам, на канікулах вучні не сумуюць. Кожны школьнік можа знайсці занятак па душы – спартыўны, культурны, адукацыйны, забаўляльны…
Анжэліка Саўчанка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *