Дзеці – крыніца натхнення

 

Надзея Сямтомава — педагог-арга­нізатар сш № 5 — дзяўчына актыўная, мае сапраўднае жаданне зрабіць уклад у працвітанне роднага горада. 

З Надзеяй Сямтомавай пазнаёміліся на прэзентацыі раённага этапа конкурсу «100 ідэй для Беларусі”. Дзяўчына актыўная, шчыра захопленая сваім праектам, з сапраўдным жаданнем зрабіць уклад у працвітанне роднага горада. Надзея – малады спецыяліст, працуе педагогам-арганізатарам у СШ № 5. Разам з калегай Аленай Дубяга яны распрацавалі карту выдатных мясцін Крычава для конкурсу і заваявалі 2 месца. «Ідэя даўно жыла ў нашых галовах. Перыядычна сутыкаемся з сітуацыяй, калі запытва­юць, дзе можна адпачыць? А мы звычайна толькі Палац Пацёмкіна і можам назваць. Вось і задумаліся аднойчы: што цікавае ёсць у нашым горадзе? І ўбачылі, што мясцін, прыгожых і памятных, хапае. Так і ўзнік праект”, — расказала Надзея Сямтомава. У алімпіядах і конкурсах яна ўдзельнічае яшчэ са школы. Але сапраўдны інтарэс з’явіўся ва ўніверсітэце. «Калі ўдзельнічаеш, напрыклад, у канферэнцыі і пішаш работу ці распрацоўваеш праект, то развіваешся, адкрываеш новае. Таксама ад іншых ­удзельнікаў даведваешся пра актуальныя пытанні і праблемы грамадства, на якія сама не звярнула б  увагі. Да таго ж, удзел у некаторых конкурсах дазваляе пабы­ваць у розных гарадах нашай краіны, і не толькі”, — расказала суразмоўца. А каб дабіцца поспеху, трэба, на яе погляд,  быць адукаваным і ініцыятыўным. 
Нарадзілася дзяўчына ў Крычаве. Бацька – будаўнік, маці – кандуктар. Ёсць брат і сястра. «Сям’я – гэта самае каштоўнае, што ў мяне ёсць, і я даражу ёй кожную хвіліну”, – прызнаецца суразмоўца. І шчасце для яе – гэта калі ў родных і блізкіх усё доб­ра. Настаўнікаў сярод сваякоў няма, таму прафесія На­дзеі – цалкам яе выбар. Скончыла Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. Куляшова па спецыяльнасці «сацыёлаг, выкладчык сацыялогіі і сацыяльна-палітычных дысцып­лін”. Настаўнікам яна марыла стаць з дзяцінства. Летась, пасля заканчэння ўніверсітэта, уладкавалася ў СШ № 5 педагогам-арганізатарам. «Мне пашанцавала. У школе, дзе я вучылася, была вакансія педагога-арганізатара. Я зразумела, што гэта цікавая прафесія. Працуеш з дзецьмі, дорыш ім свята, дапамагаеш рэаліза­ваць творчыя здольнасці, пры гэтым рэалізуеш і свой творчы патэнцыял”, –  сказала На­дзея. Яна займаецца арганізацыяй школьных мерапрыемстваў – канцэртаў, конкурсаў, акцый, а таксама дапамагае вучням ­удзельнічаць у розных паза­школьных мерапрыемствах. «Любая прафесія складаная, калі адносіцца да яе з адказнасцю”, – лічыць педагог. 
Прафесія педагога-арганізатара дзяўчыне падабаецца. У чым яе сак­рэт, як палюбіць работу? «Займацца тым, што падабаецца. Тады кожную раніцу прачынаешся з задавальненнем, а падчас адпачынку няма цяжкіх думак, што хутка на работу. Калі зарабляеш на жыццё любімай справай, гэта ў нейкім сэнсе перастае быць работай. І кожны дзень, як свята, і па жыцці – адпачынак”, – лічыць На­дзея. Дзеці – крыніца натхнення маладой настаўніцы, асабліва актывісты, а таксама блізкія лю­дзі. «Прыемна бачыць шчаслівыя вочы дзяцей, прыемна, калі яны цікавяцца, што сёння адбудзецца ў школе, і праяўляюць ініцыятыву. Ты разумееш, што твая праца нямарная”, – па­дзялілася дзяўчына. А каб дзеці паважалі, трэба быць разумным  настаўнікам і доб­рым чалавекам. Таксама яна вельмі цэ­ніць у людзях шчырасць. «Адказная і добрая – і як работнік, і як чалавек”, – такой думкі пра маладую настаўніцу намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце СШ № 5 Алена Сурганава. У сваю чаргу Надзея Сямтомава задаволена калегамі. Яны заўсёды дапамогуць і падтрымаюць. 
Надзея – чалавек разнастайных інтарэсаў. Акрамя работы, дзе пастаянна знаходзіцца ў творчым пошуку, любіць падарожнічаць, маляваць, ра­біць прычоскі. А цікавы чалавек заўсёды будзе цікавіць навакольных. Надзея любіць чытаць. Як сацыёлагу, ёй асабліва па­дабаюцца кнігі, у якіх вывучаюцца сацыялагічныя, псіхалагічныя аспекты паводзінаў асобы, а таксама, як на яе фарміраванне ўплывае грамадства. «На сучаснае грамадства вялікі ўплыў аказваюць працэсы глабалізацыі, гэта значыць, індывідуальнасці лю­дзей праяўляюцца ўсё радзей. Мне асабліва цікавыя работы Тарда, у якіх ён вывучае феномен натоўпу і пераймання, «Спіраль маўчання” Ноэль-Нойман”, – расказала суразмоўца. Словам, чалавек яна адукаваны і цікавы. 
Анжэліка Саўчанка. 

Добавить комментарий