“Да навукі – праз кнігу”

«Тэрыторыя вялікіх спраў: развіццё сучасных пуб­лічных бібіліятэк у Год навукі” – пад такой назвай на базе цэнтральнай бібліятэкі прайшоў семінар. Бібліятэкары разгледзелі прыярытэтныя напрамкі сваёй дзейнасці ў гэтым годзе, формы работы па распаўсюджванні кнігі і чытання. Сёлета галоўная іх мэта – распаўсюджванне навуковых ведаў сярод крычаўлян. У прыярытэце знаходзяцца вулічныя формы работы, напрыклад, у студзені бібліятэкары на гарадскіх вуліцах віншавалі ўсіх Таццян святочнымі паштоўкамі.   
Па словах работнікаў цэнтральнай бібліятэкі, дэвіз «Да навукі – праз кнігу” чырвонай ніткай праходзіць сёлета амаль праз усе мерапрыемствы. Плануюцца круглыя сталы «Год навукі ў інавацыйных праектах і акцыях публічных бібліятэк”, «Магчымасці інтэрнэта як рухавіка навуковай думкі”, праект «Інтэлект-экспрэс” і інш. Ужо прайшлі інфармацыйная гадзіна «Іх імёны праславілі навуку”, кніжная выстава «Крок у свет навукі: 2017 – Год навукі”, мерапрыемства «Выдатныя асобы ў навуцы і гісторыі” і інш. 
Бібліятэка заўсёды цесна звязана са школай. Таму ўдзельнікі семінара абмеркавалі тэму «Дзіцячае чытанне і інфармацыйна-адукацыйнае асяроддзе”. Было адзначана, што для дзяцей нават самыя элементарныя доследы – гэта сапраўднае адкрыццё. Нядаўна ў раённай дзіцячай бібліятэцы для вучняў СШ № 1 арганізавалі інтэлектуальную гульню «Разумнікі і разумніцы” – да Дня  беларускай навукі, пазнавальнае мерапрыемства «Матэматык з дзіцячай душой” – да юбілея пісьменніка Л. Кэрала. 
Практычная частка семінара прайшла ў выглядзе трэнінгу «Я – бібліятэкар-прафесіянал”. Работнікі з дапамогай інтэлекту і прафесійнага вопыту спрабавалі знайсці рашэнні нестандартных сітуацый. 

Добавить комментарий