«Лицей и лицеиста званье Не запятнать – клянусь…»

У апошні дзень восені 10-класнікаў ліцэя № 4 пасвяцілі ў ліцэісты. З гэтай нагоды ў навучальнай установе прайшоў канцэрт, які назвалі святам сяброўства і згуртаванасці. Павіншаваў навучэнцаў і пажадаў ім поспехаў дырэктар Міхаіл Міхайлаў: «Ліцэіст – гэта той, хто паказвае інтарэс да вучобы, мае пэўны ўзровень выхавання, адказна адносіцца да справы і выконвае правілы пражывання ў інтэрнаце. Ліцэісты – гэта эліта”. Як расказаў Міхаіл Мікалаевіч, 1 верасня 10-класнікі былі залічаны ў навучальную ўстанову з выпрабавальным тэрмінам. А пасля 1-й чвэрці ўжо можна падвесці вынікі, наколькі яны справіліся. Па словах дырэктара, навучэнцы паказалі сябе годна: 40% 10-класнікаў маюць адзнакі 6-10. Яны актыўна ўдзельнічаюць у конкурсах і алімпіядах як раённага, так і абласнога ўзроўняў. Дарэчы, у гэтым годзе навучэнцы ўжо атрымалі дыпломы на раённых алімпіядах па геаграфіі, фізіцы, беларускай, нямецкай і французскай мовах. 
У чым сэнс пасвячэння ў ліцэісты? Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Анжэла Вашчанка лічыць: «Пасвячэнне ў ліцэісты – гэта свята, калі вучні павінны зразумець, куды прыйшлі пасля школы і чым яна адрозніваецца ад ліцэя. У нас больш самастойнасці. Дзеці самі рыхтуюць розныя мерапрыемствы, паказваюць свае ўменні і раскрываюць таленты. Добра развіта самакіраванне, каб вучні былі гатовы да студэнцкага жыцця ”. Напрыклад, Таццяна Кісялёва з 10 «Б” класа прыехала з вёскі Барсукі. Дзяўчына хоча стаць фармацэўтам, таму вучыцца на хіміка-біялагічным напрамку. Па словах Таццяны, вучоба праходзіць на «ўра”. Павел Рубанаў прыйшоў у ліцэй, каб падцягнуць свае веды. На яго погляд, тут ёсць перспектыва для залічэння ў ВНУ. Хлопец марыць паступіць у БДМУ. 
Пра сябе і сваю навучальную ўстанову 10-класнікі расказалі ў канцэртных нумарах: сцэнках, вершах, песнях. Таксама вучні танцавалі і ігралі на музычных інструментах, а 10 «Д” клас падрыхтаваў прэзентацыю. Далі наказ і ўручылі падарункі новаспечаным ліцэістам 11-класнікі. Таксама падчас свята паказалі відэаводгукі выпускнікоў, у якіх яны выказалі падзяку настаўнікам, а Мікіта Туравец нават склаў песню. Завяршылася свята клятвай ліцэістаў і гімнам у выканані вучняў і настаўнікаў. 

Добавить комментарий