Чаму дзіцячы сад № 19 лепшы ў Крычаве
Тое, якім чалавекам вырасце дзіця, шмат у чым залежыць ад яго дзяцінства. У наш час ранняе дзяцінства праходзіць не толькі дома, але і ў дзіцячым садзе. Яслі-сад № 19 заўсёды на перадавой, яго па праве лічаць адным з лепшых у раёне.
Установу наведвае 227 дзяцей. Усяго дзейнічае 12 груп, дзве з якіх ясельныя, яшчэ адна – спецыяльная, для дзяцей з цяжкасцямі ў навучанні, і адна інтэграваная – для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. Працуюць ва ўстанове 64 супрацоўнікаў, з іх 31 – педагог. Загадчыца дзіцячага сада Алена Максімава расказала аб калектыве:
– Зараз у нас працуе два маладых спецыяліста. З чатырох, якія прыйшлі раней, трое замацаваліся на месцы, а гэта добры паказчык. Калектыў неверагодна творчы і працаздольны. Пастаянна ўдзельнічаем у конкурсах раённага, абласнога і нават міжнароднага маштабу. Асабліва мы ганарымся выхавальніцай Алінай Лаўрыненка, якая перамагла ў раённым этапе і стала лаўрэатам заключнага этапу конкурсу «Прызванне – педагог». Дыплом абласнога этапу конкурса «Настаўнік года» атрымала выхавальніца Іна Жандарава. Настаўніца-дэфектолаг Таццяна Адынец пастаянна ўдзельнічае ва ўсіх міжнародных конкурсах, канферэнцыях, публікуецца ў розных спецыялізаваных зборніках. Яна ж з’яўляецца кіраўніцай раённага метадычнага аб’яднання. Ва ўстанове працуе яшчэ трое кіраўнікоў МО: Святлана Антошкіна (музычная кіраўніца), Таццяна Петушкова (педагог-псіхолаг) і Стражнікава Алена (выхавальніца). Таксама ў нас працуе кіраўніца школы станаўлення маладых педагогаў Ала Ціткова.
У 2020 годзе пяць педагогаў установы былі ўзнагароджаны граматамі аддзела па адукацыі райвыканкама і шасцёра – падзячнымі лістамі ад начальніка аддзела, адзін педагог – падзячным лістом ад Прэзідэнта.
– Вялікую ўвагу мы ўдзяляем двум важным пытанням: захаванню і ўмацаванню здароўя дзяцей і стварэнню бяспечных умоў іх знаходжання ва ўстанове. І нам ёсць чым ганарыцца: ніякіх траўмаў у нас не было – ні дробных, ні буйных.
У дзіцячым садзе аказваюць і разнастайныя платныя паслугі: «Мазаіка» (мастацкая творчасць), «Вясёлыя далонькі» (развіццё дробнай маторыкі рук), «Бэбіфіт» (фітнес), «Вясёлка талентаў» (харэаграфія). Нядаўна арганізавалі «Маміну школу»: прыходзяць мамы з дзецьмі да 3 гадоў, якія не наведваюць дзіцячы сад, з імі займаецца выхавальнік дашкольнай адукацыі, педагог-псіхолаг, музычны педагог. Толькі запусцілі аб’яднанне «Тата, мама, зала»: вечарам на гадзіну бацькі могуць з кіраўніком фізвыхавання пагуляць і пазаймацца фізкультурай са сваімі дзецьмі.
– Мы любім нашых бацькоў, – працягвае Алена Вячаславаўна, – яны дапамагаюць нам у рамках апякунскага савета. Да 23 лютага і 8 сакавіка рыхтуем для іх падзякі, якія перадаем ім праз месца працы. Выдатная акцыя была ў нас да Дня маці. Дзеці зрабілі віншавальныя паштоўкі, выхавальнікі прынеслі хрызантэмы. І дзеці на вечаровай прагулцы віншавалі мам: не сваіх, а ўсіх, якія прыходзілі ва ўстанову. Было вельмі кранальна.
Такі вялікі спіс заслуг і дасягненняў запэўнівае, што даверыць педагогам яслісада № 19 сваё дзіця можна не толькі без страху, але і з вялікай асалодай.
Дар’я Баравікова.
Фота з архіва яслі-сада № 19.