Дзверы для маладых заўсёды адчыненыя
Напярэдадні галоўнай для педагогаў Крычаўшчыны падзеі – раённай педагагічнай канферэнцыі – адбылася сустрэча старшыні раённага выканаўчага камітэта Андрэя Седукова з маладымі настаўнікамі, якія сёлета прыбылі ў раён па размеркаванні. Сем маладых спецыялістаў з пачаткам новага навучальнага года ўвальюцца ў кагорту настаўнікаў, каб на працягу сваёй працоўнай дзейнасці вучыць школьнкаў «разумнаму, добраму, вечнаму»…
Кіраўнік раённай выканаўчай улады пацікавіўся, як маладое папаўненне ўладкавала свой быт, магчыма, у іх ёсць якія пажаданні, пытанні. Дарэчы, сярод дзяўчат ёсць і тыя, хто родам з Крычаўшчыны. Пасля заканчэння навучальнай установы яны вярнуліся сюды, на сваю малую радзіму. І дай Бог, каб было так: дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся.
Маладым спецыялістам растлумачылі пра перавагі, якімі яны могуць скарыстацца, – атрыманне льготных крэдытаў на набыццё тавараў першай неабходнасці, жылля, пра атрыманне арэнднага жылля і інш.
Старшыня райвыканкама Андрэй Седукоў прапанаваў маладым педагогам звяртацца ў райвыканкам, асабіста да яго, калі будуць узнікаць якія пытанні, прапановы. Дзверы райвыканкама заўсёды адчыненыя. І падкрэсліў па завяршэнні сустрэчы, што асноўная мэта настаўнікаў – несці ў душы і сэрцы навучэнцаў усё тое добрае і цёплае, што дапаможа ім выхаваць дастойных грамадзян нашай незалежнай краіны.
Т. Лістапад.
Фота Уладзіміра Далецкага.