Помнік друкару

Імя Пятра Мсціс­лаўца зай­мае пачэснае месца ў пляядзе беларускіх першадрукароў. Ён прадоўжыў друкарскую справу пасля Францыска Скарыны ў нашай краіне, з’яўляецца адным з заснавальнікаў друкавання кніг у Маскоўскай Русі і ва Украіне.

Нарадзіўся ён у купецкай сям’і, дзе апроч яго было яшчэ двое дзяцей, у першай чвэрці ХVІ стагоддзя ў Мсціславе. Адукацыю юнак атрымаў у межах радзімы — у Пустынскім або Тупічэўскім праваслаўных манастырах. 3 друкаванай кнігай i друкарскай справай пазнаёміўся ў роднай Беларусі.
Пасля смерці бацькі стрыечны брат маці майстар-будаўнік Васіль узяў Пятра з сабой у Маскву. Там ён пазнаёміўся з Іванам Фёдаравым, і ў іх пачалася сумесная праца. Відавочна, што да прыезду ў Маскву Мсціславец ужо быў майстрам кнігадрукавання.
Па даручэнні цара Івана ІV i мітрапаліта Макарыя Фёдараў і Мсціславец стварылі друкарню. Разам яны выдалі у Маскве «Апостал» — першую датаваную рускую друкаваную кнігу (1564 г.), два выданні «Часоўніка» (1565 г.). Але на гэтым работу ў Маскве давялося спыніць. На друкароў пачаліся ганенні за няправільную, на думку маскоўскага кансерватыўнага духавенства, падачу святых пісанняў, іх нават абвінавачвалі ў ерасі. Нарэшце яны былі вымушаны каля 1566 года збегчы на радзіму, у Вялікае княства Літоўскае.
Атабарыліся майстры ў мястэчку Заблудава Гродзенскага павета (цяпер тэррыторыя Польшчы). Сюды іх запрасіў вялікі гетман літоўскі Рыгор Хадкевіч, які вызначыўся не толькі пераможнымі бітвамі з ворагам, але і асветніцкай дзейнасцю. Хадкевіч дапамог ім заснаваць друкарню. Шрыфты, гравіраваныя дошкі заставак, канцовак і буквіц, нескладаны інструмент былі прывезены з Масквы, друкарскі станок зрабілі на месцы. І вось 17 сакавіка 1569 года Пётр Мсціславец і Іван Фёдараў выдалі ў Заблудаве «Евангелле вучыцельнае», як яны пісалі, «к лучшему поучению и направлению душевному». Наступная кніга «Псалтыр з Часаслоўцам» (1570 г.) была іх апошнім заблудаўскім выданнем, хвароба Хадкевіча спыніла работу друкарні.
Аднак кнігавыдавецкая дзей­насць Мсціслаўца i Фёдарава набыла шырокую вядо­масць на землях Вялікага княства Літоўскага i за яго межамі. Іван Фёдараў адправіўся працягваць сваю друкарскую дзейнасць ва Украіну, а Пётр Мсціславец, па запрашэнні віленскіх купцоў Мамонічаў, якія вырашылі распачаць выданне кніг, скіраваўся ў Вільню.
Першай кнігай, выдадзенай тут Мсціслаўцам, было “Евангелле напрастольнае”, якое выйшла з друку ў канцы 1574 ці на пачатку 1575 года. Клапоцячыся аб пашырэнні асветы і духоўным развіцці народа, ён нават у сваім падборы царкоўных кніг для першапачатковага чытання ішоў услед за Скарынам. І таму невыпадкова, што пасля выдання “Евангелля напрастольнага” ў 1576 годзе друкуецца “Псалтыр”, які Скарына лічыў “пачаткам всякое доброе наукы”. “Псалтыр” Пятра Мсціслаўца карыстаўся вялікім попытам у ВКЛ і Маскоўскай дзяржаве. Толькі ў Маскве ён перавыдаваўся 31 раз, вытрымаў 8 выданняў у Кіеве, тройчы выдаваўся ў Чарнігаве, двойчы – у Вільні і Унеўскім манастыры і па аднаму разу – у Магілёве, Львове, Ясах і Куцеіне пад Оршай.
Але дзейнасць Пятра Мсціслаўца ў друкарні Мамонічаў працягвалася нядоўга. У 1576 годзе, пасля выхаду з друку «Часоўніка», Мсціславец быў вымушаны яе пакінуць. Мамонічы абмяжоўвалі самастойную дзейнасць кнігадрукара, ставячы перш за ўсё камерцыйныя мэты. У Мсціслаўца пачаліся судовыя разбіральніцтвы з адным з іх — Кузьмой. Гэты канфлікт і перашкодзіў Пятру Мсціслаўцу выдаваць кнігі. Матэрыяльных сродкаў на тое, каб зноў наладзіць кнігадрукаванне, у яго не было.
Пасля 1579 года звесткі аб далейшым лёсе Пятра Мсціслаўца зніка­юць, але ягонае імя засталося на кнігах, надрукаваных ім. Выданні Мсціслаўца аказалі значны ўплыў на кнігадрукаванне ў Вялікім княстве Літоўскім і суседніх дзяржавах, адыгралі вялікую ролю ў развіцці асветы. Удзячныя нашчадкі ў знак глыбокай павагі ўстанавілі ў 2001 годзе ў Мсціславе помнік друкару і асветніку Пятру Мсціслаўцу.
Падрыхтаваў С. ДЗМІТРЫЕЎ.

Добавить комментарий