Раён да ацяпляльнага сезона гатовы

Старшыня раённага выканаўчага камітэта Васіль Сысоеў правёў чарговае пасяджэнне райвыканкама. У рабоце пасяджэння бралі ўдзел намеснік Міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Генадзь Трубіла і начальнік упраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі Магілёўскага аблвыканкама Сяргей Вашкевіч.

На пасяджэнні разгледжаны ход выканання раней прынятага рашэння «Аб падрыхтоўцы аб’ектаў народнай гаспадаркі раёна да работы ў асенне-зімовы перыяд 2014/2015 года».
Гэтым рашэннем былі зацверджаны арганізацыйна-тэхнічныя мерапрыемствы па падрыхтоўцы аб’ектаў народнай гаспадаркі да ацяпляльнага сезона, а таксама створана раённая камісія па каардынацыі правядзення падрыхтоўчых, прафілактычных і рамонтных работ, стварэння неабходных запасаў паліва.
Большасць арганізацый раёна завяршылі перадзімовыя падрыхтоўчыя работы з афармленнем і рэгістрацыяй пашпартаў гатоўнасці спажыўцоў цеплавой энергіі і цеплакрыніц. У тэрмін да 1 верасня 2014 г. зарэгістраваны пашпарты гатоўнасці ўсіх аб’ектаў сацыяльнай сферы раёна.
За 7 месяцаў 2014 года доля мясцовых відаў паліва ў кацельна-пячным паліве па раёну склала 6,5% пры заданні 7,2%. Павелічэнне выкарыстання мясцовых відаў паліва (з улікам цеплавых другасных энергетычных рэсурсаў і водпуску насельніцтву) склала 5195 т умоўнага паліва. Планавае заданне за 8 месяцаў 2014 г. філіялам «Крычаўскі райпаліўзбыт» па забеспячэнні насельніцтва брыкетам выканана на 100,1%, дровамі — на 100,1%.
Па стане на 1 верасня 2014 г. УКВП «Камунальнік» завершаны работы па замене сетак 1, 2, 3 чэргаў раёна жылой забудовы ААТ «Крычаўцэментнашыфер». У цяперашні час вядуцца работы па замене цеплавых сетак па 4-й чарзе, у рабоце знаходзіцца 1,38 км цеплавых сетак. Фактычна заменена 5,0 км, што складае 72,5% ад задання.
УКВП «Камунальнік» у поўным аб’ёме праведзены выпрабаванні абсталявання кацельных, гідраўлічныя выпрабаванні цеплавых сетак.
Падача гарачай вады ў між-ацяпляльны перыяд здзяйснялася з выкарыстаннем катлоў, якія працуюць на мясцовых відах паліва. За першае паўгоддзе звышнарматыўных страт цеплавой энергіі  пры яе транспарціроўцы ў цеплавых сетках не было.
На прадпрыемстве створаны запас матэрыялаў і абсталявання для ўхілення рознага роду аварыйных сітуацый на аб’ектах цеплазабеспячэння і сетках.
У цяперашні час з 364 дамоў УКВП «Камунальнік» падрыхтаваны 327, што складае 90,0%. Праведзена праверка манометраў, тэрмометраў у індывідуальных цеплавых пунктах жылых дамоў і на цеплакрыніцах. Выкананы шэраг іншых работ.
УКВП «Водаканал» выканала неабходныя мерапрыемствы водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі па падрыхтоўцы да ацяпляльнага сезона: рэвізія водаправодных сетак, артэзіянскіх свідравін, водаразборных калонак, воданапорных вежаў, перакладка водаправодных сетак, прамыўка каналізацыйных і водаправодных сетак і інш. Аднак праблемным застаецца пытанне па будаўніцтве водаправодных сетак у раёне ў адпаведнасці з праграмай «Чыстая вада на 2011-2015 гады».
На пасяджэнні райвыканкама заслуханы шэраг кіраўнікоў аб праведзенай рабоце па падрыхтоўцы да ацяпляльнага сезона.
Аналізуючы праведзеную прадпрыемствамі і арганізацыямі работу, намеснік Міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Генадзь Трубіла зрабіў вывад, што народная гаспадарка Крычаўскага раёна гатова да асенне-зімовага перыяду 2014/2015 года.
Члены раённага выканаўчага камітэта разгледзілі шэраг іншых пытанняў, якія тычыліся жыццядзейнасці Крычаўшчыны.
                                  Т. Пятрова.

Добавить комментарий