“Дзіцячая бібліятэка – адкрыты свет для бацькоўскай адукацыі”

 

Пад такой назвай у Год навукі на базе дзіцячай бібліятэкі адбыўся семінар для прыёмных бацькоў. Удзельнікі задаліся пытаннем: як дабіцца, каб сын ці дачка не адставалі ў развіцці ад равеснікаў? Падказвае сусветны вопыт: трэба як мага раней далучаць дзіця да кнігі і чытання – крыніцы ведаў, ідэй, мудрасці і досведу. Любая перамога, на алімпіядзе, конкурсе ці турніры патрабуе эрудыцыі і творчага мыслення, а значыць – начытанасці. Ад таго, што чытаем сёння, залежыць заўтра, ды і ўвогуле будучыня Беларусі.
Што такое чытанне? «Эрудыцыя”, – адказваюць бацькі. Так, кнігі даюць інтэлект, веды, якія ствараюць так званы «чалавечы капітал”.  Літаратура развівае фантазію – аснову творчасці. Чытанне – гэта выхаванне не толькі розуму, а і душы, якое праяўляецца ў суперажыванні. У кнігах можна знайсці  запас самых разнастайных жыццёвых сітуацый і спосабаў іх вырашэння, што дапаможа ў штодзённых зносінах з людзьмі. 
Сёння ўсе прывыклі шукаць інфармацыю ў інтэрнэце. Дык ці патрэбны тады бібліятэкі? Гэта ўдзельнікі семінара абмеркавалі падчас дыскусіі «Дадатковая адукацыя дзяцей у бібліятэках: за і супраць”. На погляд бацькоў, бібліятэка духоўна абагачае чалавека. У адрозненне ад інтэрнэта, тут захоўваецца дакладная, эксклюзіўная інфармацыя. У бібліятэцы перыядычна праходзяць адукацыйныя, пазнавальныя мерапрыемствы для школьнікаў. Тут дзіця сацыялізуецца – знаходзіць сяброў, вучыцца культурна сябе паводзіць. У чым яшчэ плюсы бібліятэкі? У вялікім выбары літаратуры, якую можна атрымаць  бясплатна.   
Падчас семінара быў праведзены майстар-клас па тарцаванні з гафрыраванай паперы. Такім  цікавым і прыгожым заняткам можна захапіць і дзяцей. Таксама ўдзельнікам семінара паказалі прэзентацыю пра беларускіх вучоных і дасягненні айчыннай навукі, пазнаёмілі з кніжнай выставай, прымеркаванай да Года навукі. Напрыканцы бацькам раздалі рэкамендацыйныя спісы літаратуры. А псіхолаг ДУА «Крычаўскі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр” Алена Касценіч расказала бацькам, як засцерагчы дзяцей ад негатыўнага ўплыву інтэрнэта. 

Добавить комментарий