Зацікаўленая размова

 

Падчас «прамой тэлефоннай лініі”, якую праводзіў з насельніцтвам нашага раёна памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Магілёўскай вобласці Генадзь Лаўранкоў, жыхары вуліцы Гастэла звярнуліся з пытаннем адкрыцця мясцовага магазіна. Для прапрацоўкі ўзнятага пытання была арганізавана сустрэча з насельніцтвам прылягаючага раёна, у якой бралі ўдзел першы намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Бачкоў, старшыня Мсціслаўскага раённага спажывецкага таварыства Алена Сапёрава і іншыя адказныя асобы. Мяркуючы па колькасці сабраўшыхся жыхароў вакольных вуліц, пытанне сап­раўды мела падставу. Сустрэча праходзіла ажыўлена, у зацікаўленай размове былі вызначаны неабходныя захады для таго, каб арганізаваць работу магазіна. Асноўная праблема на даным этапе – адсутнасць прадаўца. Неабходную кандыдатуру будзе шукаць райста, але была агучана прапанова, каб гэтую пасаду заняў чалавек з мясцовых жыхароў, бо яму будзе прасцей і лягчэй наладзіць работу магазіна. Як толькі будзе зной­дзены прадавец, магазін запрацуе.
Падчас сустрэчы прагучалі і іншыя пытанні. Яны тычыліся стану дарожнага пакрыцця вуліцы Вашчылы, хоць не так даўно там праводзіўся рамонт, руху маршрутных таксі… Таксама жыхары вакольных вуліц вялі размову пра часцейшыя сустрэчы са сваім дэпутатам. Усе агучаныя пытанні былі ўзяты на кантроль, ва ўстаноўленыя тэрміны людзі атрымаюць на іх адказы.

Добавить комментарий