Па інтэнсіўных тэхналогіях

 

Першым у раёне пачаў нарыхтоўку кармоў сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў «Калгас імя Суворава”. І што самае важнае – па інтэнсіўных тэхналогіях: скошаная зялёная маса правяльваецца, затым варушыцца граблямі, а спрэсаванае сена спецыяльнай тэхнікай «Тарнада” ўпакоўваецца ў стрэйч-плёнку. Пры гэтым якасць нарыхтаваных кармоў, як сказаў ветэран сельскагаспадарчай працы Мікалай Сідараў, — «па крайне меры! Распакуеш рулон, і пах сена адчуваеш. Гэта вам не сянаж у траншэях. Плёнка, канечне, дарагая, але яна таго вартая”.
— На сённяшні дзень у гаспадарцы скошана 150 гектараў траў першым укосам, — расказаў галоўны аграном Юрый Беразуеў. – Упакавана ў стрэйч-плёнку больш за 100 тон сена. З наступнага тыдня пачнецца нарыхтоўка сенажу, – і з упэўненасцю дадаў: — Пры любых умовах, пры любым раскладзе гаспадарка будзе з кармамі.
Працуй – і не будзе «даставацца”
Роўнымі валкамі ўкладваецца скошаная зеляніна, спрытна рухаюцца касілкі па полі. Гэта працуюць механізатары гаспадаркі Міхаіл Дзёмін і Уладзімір Аляксеенка.
Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся. Гэта пра Ула­дзіміра Аляксеенку, колішняга сычыкаўскага падлетка і цяперашняга надзейнага работніка, які ўсё сваё жыццё сумленна працуе на роднай зямлі. У гаспадарцы дыспетчарам робіць і жонка Таццяна. Старэйшая дачка вучыцца на землямера ў Барысаве, а малодшая яшчэ школьніца. Магчыма, і яна ў будучым, як і бацькі, звяжа свой лёс з сельскай гаспадаркай – час пакажа.
Таксама дзве дачкі-школьніцы і ў Міхаіла Дзёміна, вучацца ў Бацвінаўскай сярэдняй школе. А можа, як і дзед (старшыня СВК «Калгас імя Суворава” Міхаіл Малашанка – аўт.), каторая з іх праз нейкі час стане кіраваць гаспадаркай? Як гаворыцца, шляхі Гасподні неіспавядальныя. Пакуль жа яны мараць аб усім на свеце – бацькі, а маці Алеся працуе ў Бацвінаўскім сельскім Савеце, не ўмешваюцца. 
Міхаіл Дзёмін пяць гадоў таму перайшоў у СВК «Калгас імя Суворава” са «Звязды”, калі гаспадарку далучылі да «Маляцічаў-агра”, і «трапіў у рукі” цесця.
— Дастаецца па-сваяцку?
— Як і ўсім, — усміхаецца і дадае: – Працуй – і не будзе даставацца ні ад каго.
Прывык да калгаснай работы
механізатар Уладзімір Сербаёў, які цяпер заняты на пагрузцы сена. І не ўяўляе сабе нічога іншага, не бачыць сябе пры іншай справе. Гэта ён сам так сказаў.
28 гадоў працуе ўжо ў гаспадарцы. Сам родам з Касцюкоўкі. Бацька некалі рабіў тут механізатарам, маці была даяркай. І сын прысвяціў сваё жыццё роднай зямлі. Працавітасць, сумлен­насць – гэта ад іх, а вопыт, дасканалае валоданне тэхнікай набыты з гадамі.
— Што я больш скажу? – паціскае плячыма Уладзімір. – Працуем…
…Маляўнічыя мясціны, возера побач з домам, рыбалка ў вольны час – усё звыклае, усё сваё. Парадніўся? Не. З дзяцінства – адзінае цэлае.

Добавить комментарий