“Не кочегары мы, не плотники…”

 

У агратэхнічным каледжы прайшлі майстар-класы, на якіх вучні даведаліся пра будаўнічыя прафесіі. Паклалі свае першыя цагліны і пазнаёміліся са зваркай дзевяцікласнікі школ №№1 і 3. Муляр, бетоншчык, тынкоўшчык… Падчас прафарыентацыйнага мерапрыемства абітурыенты маглі выбраць спецыяльнасць па душы.

Сёлета ў каледж набралі 125 навучэнцаў на аснове базавай адукацыі, яшчэ 50 – на аснове агульнай сярэдняй адукацыі. Самая запатрабаваная спецыяльнасць – «муляр, бетоншчык, электразваршчык”. Вось і сёлета больш за ўсё заяў падалі менавіта сюды. З 1 кастрычніка пачнецца прыём дакументаў на завочнае навучанне па новай спецыяльнасці – «Арганізацыя працы сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак”. Выпускнікам прысвояць кваліфікацыю «Арганізатар-тэхнолаг”, інакш кажучы, фермер. Па меры камплектавання груп у каледжы адкрываюцца курсы зваршчыкаў. Таксама ў навучальнай установе крычаўляне могуць перавучыцца з адной вадзіцельскай катэгорыі на другую. 
Як расказаў старшы майстар Віктар Жывіцкі, на занятках выкарыстоўваюцца сучасныя метады і тэхналогіі, напрыклад, вадкія шпалеры, навейшыя тынкавальныя сумесі. «Таксама ў нас ёсць інтэрактыўная дошка, плотар (прылада для вычэрчвання), што значна палягчае навучанне студэнтам”, – дадала намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Жана Полькіна.
Ці падабаецца студэнтам тут вучыцца? Алеся Каролька тры гады таму атрымала ў каледжы спецыяльнасць «маляр, тынкоўшчык”. Зараз дзяўчына зноў студэнтка, вучыцца на тэхніка-будаўніка. Сама Алеся з вёскі Сідараўка Клімавіцкага раёна. Да нашага горада дзяўчына даўно прывыкла, у каледжы сустрэла свайго каханага. Студэнтка Наталля Дударава пайшла па слядах бацькоў-будаўнікоў, першакурсніца атрымлівае спецыяльнасць «маляр, тынкоўшчык”. «Мне падабаецца, што тэорыю заўсёды можна прымяніць на практыцы”, – дзеліцца Наталля. Першакурснік Антон Дудараў у каледжы ўжо атрымаў спецыяльнасць слесара-механіка, зараз вучыцца на тэхніка-механіка. «На занятках у майстэрнях мы разбіраем рухавікі, рамантуем трактары. Мне гэта вельмі падабаецца. Да таго ж, заўсёды дапамагаюць выкладчыкі”, –расказаў студэнт. З будучым поварам-агароднікам Вольгай Барашкавай сустрэліся пасля заняткаў, дзе студэнтка гатавала катлеты «Арыгінальныя”. Дзяўчына прыехала з Казахстана. Самая любімая страва – нацыянальная, бешбармак. Гэта ежа якраз добра і атрымліваецца. Не зусім удаецца ў студэнткі пакуль што боршч. «Таксама часта не ў меру ў стравы дадаю воцат і атрымліваецца кісла”, – прызнаецца Вольга. З беларускай ежы дзяўчыне падабаюцца, канечне, дранікі. А родныя любяць булачкі, якія Вольга навучылася гатаваць у каледжы. 
Студэнты каледжа – актыўныя ўдзельнікі самых розных конкурсаў і мерапрыемстваў. Напрыклад, у інтэрнаце ўжо становіцца традыцыяй правядзенне міні-турніраў па настольным тэнісе. Кіруе спартыўнымі спаборніцтвамі малады спецыяліст Павел Ле­шчанка. Нядаўна каледж удзельнічаў у «Дажынках”. Была арганізавана выстава-продаж работ будаўнічых майстэрняў, а таксама булачак, гародніны, вырабаў гуртка дэкаратыўна-прыкладнога мас­тацтва «Фантазія”. 

Добавить комментарий