Свята працы і хлеба

У пятніцу на Крычаўшчыне прайшоў 
раённы фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2016”. Удзельнікаў свята гасцінна прымаў аграгарадок Маляцічы.

 

У пятніцу на Крычаўшчыне прайшоў 
раённы фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2016”. Удзельнікаў свята гасцінна прымаў аграгарадок Маляцічы.
Распачалося мерапрыемства ўрачыстым шэсцем па цэнтральнай вуліцы аграгарадка Маляцічы – тут праходзіла свята, якое па праву называюць святам працы  хлеба.
Слаўнае гераічнае мінулае ў нашай малой Радзімы, якая сёлета адзначыць знакавую падзею – 880-годдзе з дня заснавання Крычава. Ураджэнцы зямлі крычаўскай у гады Вялікай Айчыннай вайны, як і ўвесь народ вялікай краіны Саветаў, мужна змагаліся за свабоду і незалежнасць сваёй Радзімы. Шмат з іх загінулі. У верасні 1943 года вёска Маляцічы была спалена разам з 210 яе жыхарамі. Усе да адзінага былі расстраляны жыхары Антонаўкі, а сама вёска спалена. Яна так і не адрадзілася да жыцця. На мемарыяльным комплексе «Хатынь” Антонаўка ўнесена ў спіс загінуўшых вёсак.
Памяць аб велічным подзвігу нашых землякоў жывая. І ў гэты ўрачысты дзень – свята стваральнай працы і жыцця пад мірным небам – ім аддадзена даніна павагі: да памятнага знака ў гонар землякоў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, ускладзены кветкі.
Гераічнае мінулае роднага краю, яго дзень сённяшні, яго будучыня – непарыўныя. І пацвярджэнне таму – праца хлебаробаў, душой і сэрцам адданых роднай зямлі. Дзякуючы іх працы агульная вага сёлетняга караваю Крычаўскага раёна склала 29567 тон.

Да пляцоўкі ўрачыстага дзейства крочуць героі жніва, прадстаўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раё­на. Сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў «­Калгас імя Суворава» (старшыня Міхаіл Малашанка): валавы збор збожжа склаў 5153 тоны. Адкрытае акцыянернае таварыства «Крычаўрайаграпрамтэхзаб” (дырэктар Генадзь Ермакоў): у сёлетняе жніво намалочана 3388 тон збожжа. Камунальнае сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства «Добрасць» (дырэктар Аляксандр Брынявец): хлебаробы прадпрыемства намалацілі 3857 тон збожжа. Камунальнае сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства «Бель” (дырэктар Раман Быкаў): на рахунку калектыву – 6262 тоны збожжа. Гаспадары свята – сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў «Маляцічы-агра” (старшыня Аляксандр Радоўскі) – намалацілі ў сёлетняе жніво 10907 тон збожжа, гэта адзіная ў раёне гаспадарка, якая пераўзышла леташні паказчык па валавому збору збожжа амаль на 1,5 тысячы тон.
Героям жніва – узнагароды, падарункі, музычныя віншаванні і самыя шчырыя словы падзякі за нялёгкую працу, вынік якой, па вялікаму рахунку, – харчовая бяспека краіны, далейшы яе росквіт. Свой уклад у гэту вялікую справу ўнеслі і крычаўскія хлебаробы. Каравай новага ўраджаю – падзяка ад хлебаробаў за падтрымку – уручаецца старшыні раённага выканаўчага камітэта Васілю Сысоеву, а асабіста ад яго караваі атрымалі кіраўнікі гас­падарак раёна.
Шчырую ­падзяку кіраўнік раённай выканаўчай ­улады выказаў ­кам­бай­не­рам, ­ме­­ха­­ні­­за­та­рам, ­вадзі­­­­целям, работнікам зерне­такоў, спецыялістам сель­гас­прадпрыемстваў, якія самааддана папрацавалі ў сёлетняе жніво.
— У маёй працоўнай бяіграфіі гэта 23-е жніво. І ніводнае з іх не падобнае адно на другое. Хочацца адзначыць, што ў сёлетнім годзе сельскія працаўнікі раёна папрацавалі вельмі доб­ра: раён адным з першых завяршыў пасяўную кампанію, што дазволіла добра папрацаваць на нарыхтоўцы кармоў – кармавая база, у параўнанні з леташнім перыядам, павялічана. А гэта, у сваю чаргу, дало магчымасць раней прыступіць да падрыхтоўкі тэхнікі да жніва. І ўборку збожжавых і зернебабовых культур раён завяршыў у ліку першых.
Так, магчыма, мы не сабралі той ураджай, які б хацелі – на гэта былі розныя прычыны, але ж асноўную задачу мы выканалі: хлеб убраны і ляжыць у сусеках, — сказаў старшыня райвыканкама Васіль Сысоеў.
Ад сябе асабіста і ад імя раённага выканаўчага камітэта ён павіншаваў працаўнікоў сельскай гаспадаркі са свя­там, пажадаў моцнага зда­роўя, сямейнага дабрабыту і ўсяго самага найлепшага і ўручыў пераможцам раённых спаборніцтваў  за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых раслін узнагароды. Вось імёны пераможцаў: старшы камбайнер КСУП «Бель» Іван Дабравольцаў, які на камбайне «КЗС 12-18» намалаціў 1082,6 тоны збожжа; старшы камбайнер СВК «Калгас імя Суворава» Сяргей Беразуеў – на камбайне «КЗС 12-18» намалаціў 1017,6 тоны збожжа; старшы камбайнер СВК «Калгас імя Суворава» Аляксандр Раманенка – на камбайне «КЗС 12-18» намалаціў 932,8 тоны збожжа. Сярод мала­дзёжных экіпажаў пераможцамі сталі старшы камбайнер  СВК «Маляцічы-агра» Павел Марфонаў (на камбайне «КЗС 12-18» намалаціў 819,5 тоны збожжа), старшы камбайнер СВК «Калгас імя Суворава»  Яўген Крыцкі (на ­камбайне «КЗС 10К» намалаціў 709,5 тоны збожжа). У групе вадзіцелі транспартных сродкаў і маладыя вадзіцелі пераможцам прызнаны вадзіцель СВК «Калгас імя Суворава» Аляксандр Пугачоў – за жніво перавёз 2746,8 тоны збожжа, вадзіцель КСУП «Бель» Вячаслаў Гітальскі – перавёз 2115,4 тоны збожжа, вадзіцель СВК «Маляцічы-агра» Аляксандр Пракопаў – перавёз 2111,9 тоны збожжа. Сярод аператараў зернесушыльных установак перамаглі Мікалай Каралько і Дзмітрый Сукач з СВК «Калгас імя Суворава”, якія на зернесушыльным комп­лексе «ЗСК-20” высушылі 3377,7 тоны збожжа. Лепшым аграномам раёна прызнаны Юрый Беразуеў (СВК «Калгас імя Суворава»), у якога ўраджайнасць на 1 бала-гектар склала 127,9 кілаграма, а галоўным  інжынерам – Мі­калай Кавалёў з гэтай жа гас­­па­дар­кі: выпрацоўка ў сярэд­нім на ўмоўны збожжаўборачны камбайн склала 858,8 тоны ­збожжа. 
Віншуючы хлебаробаў Кры­чаў­­шчы­ны са святам, на­мес­нік старшыні Магілёўскага абласнога вы­канаў­чага камітэта Дзмітрый Харытончык падкрэсліў, што «Дажынкі» – гэта доб­рая традыцыя ўшаноўваць тых, чыёй працай ствараецца і прымнажаецца дабрабыт нашай Радзімы. «У гэтым годзе вобласць атрымае добры ўраджай. І прыемна ўсведамляць, што ў гэтым ёсць вялікі ўклад і працаўнікоў вашага раёна. Хачу пажадаць, каб у наступным годзе ваш каравай быў яшчэ больш важкім», — сказаў Дзмітрый Харытончык. Ад імя абласнога выканаўчага камітэта і сябе асабіста ён павіншаваў са святам і ўручыў крычаўскім хлебаробам галоўныя ўзнагароды «Дажынак». За шматгадовую плённую і бездакорную ­працу ў сістэме аграпрамысловага комплексу ­Ганаровай граматай Магілёўска­га аб­лас­­­­но­га выканаўчага ка­мі­тэ­та ўзнагароджаны трактарыст КСУП «Бель» Сяргей Дабравольцаў. Па­дзяка аблвыканкама аб’яўлена механізатару СВК «Маляцічы-агра» Васілю Веліканаву. Ганаровыя граматы камітэта па сельскай гас­падарцы і харчаванні аблвыканкама атрымалі аператары КЗС КСУП «Бель» Аляксандр Машкетаў і Сяргей Пахомаў, вадзіцель СВК «Маляцічы-агра» Аляксандр Пракопаў, трактарыст-машыніст СВК «Калгас імя Суворава» Сяргей Беразуеў.
Наогул у гэтае свята ўзнагароды, як і музычныя прывітанні, ліліся патокам. Крычаўлян ад усёй душы віншавалі дэлегацыі Чэрыкаўскага і Мсціслаўскага раёнаў. А першы намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Сця­панаў ад упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама ўручыў прэміі і падарункі вялікай колькасці сельскіх працаўнікоў, кіраў­нікам арганізацый, якія аказалі дзейсную дапамогу сельгаспрадпрыемствам. Юбілейным медалём  Фе­дэра­цыі прафсаюзаў Бе­ларусі ўзнагароджаны начальнік інспекцыі, галоўны дзяржаўны інжынер-інспек­тар Дзяржтэхнагляду Крычаў­скага раёна Сяргей Кузняцоў, падзяку за шматгадовую і добрасумленную працу ў аграпрамысловым комплексе атрымаў вядучы інжынер СВК «Маляцічы-агра» Мікалай Федасенка. Асаблівая ўдзячнасць і найлепшыя пажадан­ні былі выказаны ў адрас ветэранаў сельскай гаспадаркі.
Ганаровае права спраў­ляць «Дажынкі» ў наступным годзе атрымала КСУП «Добрасць». Старшыня СВК «Маляцічы-агра» Аляксандр Радоўскі перадаў свайму калеге Аляксандру Брыняўцу сімвал раённага свята.
А затым удзельнікаў свята і віноўнікаў урачыстасці чакалі падворкі аграгарадкоў раёна з пачастункамі нацыянальнай кухні, песнямі і віншаваннямі, выставы-падворкі ўстаноў адукацыі, спартыўныя спабор­ніцтвы, розныя конкурсы, атракцыёны для дзяцей, творчыя пляцоўкі, забаўляльная канцэртная праграма…
…І гудзела вёска радасным вяселлем, і ліліся песні па маляціцкай зямлі: у гэтай «хаце» было свята — раённы фестываль-кірмаш «Дажынкі-2016».

Добавить комментарий