Светлае свята

Ёсць у свеце дзяцінства дзіўная краіна – Піянерыя. У гэтай краіне хлопчыкі і дзяўчынкі жывуць, выконваючы традыцыі і законы дабрыні і гонару, і ўсе дзеці тут умеюць сябраваць. 19 мая Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя адзначыла Дзень піянерскай дружбы. Гэта свята сяброўства і дабрыні. У раённым савеце ГА «БРПА” склалася добрая традыцыя праводзіць у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі «Крэчут” урачыстае мерапрыемства менавіта ў Дзень піянерскай дружбы. 

 

На лінейцы, прысвечанай піянер­скаму святу, выстраіліся вучні школ раёна, якія ў гэты дзень уступілі ў шэрагі Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі. Для іх гэта вельмі важная падзея, якая запомніцца на ўсё жыццё. І вось гучыць сігнал «Увага!”, а затым урачыстыя словы:
— Пад сцяг раённай піянерскай арганізацыі – смірна! Раўненне на сцяг!
Уносіцца сцяг раённай піянер­скай арганізацыі. Урачыстая лінейка «­Салют піянерскаму папаўненню!”, прыс­­вечаная Дню піянерскай дружбы, аб’яўляецца адкрытай. Гучыць Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь.
— 19 мая, 94 гады, таму была створана піянерская арганізацыя, — адзначыла, звяртаючыся да будучых юных піянераў, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Кірпічова. – У піянерскай арганізацыі вялікая і цікавая гісторыя. Першыя піянеры змагаліся з дзіцячай беспрытульнасцю, яны ліквідавалі непісьменнасць, у гады Вялікай Айчыннай вайны разгарнуўся цімураўскі рух: піянеры дапамагалі сем’ям франтавікоў, збіралі лекавыя зёлкі, металалом, рабілі на ўборцы ўраджаю. Неацэннай была дапамога піянераў у гады Вялікай Айчыннай вайны нашай Чырвонай Арміі. Яны затрымлівалі дыверсанатаў, збіралі звесткі аб праціўніку, а чатыры піянеры былі ўдастоены самага высокага звання — Героя Савецкага Саюза. Мы памятаем іх імёны – гэта Валя Коцік, Зіна Партнова, Лёня Голікаў, Марат Казей. 
За 94 гады праз піянерыю прайшлі мільёны людзей. Яны будавалі будучыню краіны, яны ляталі ў космас, асвойвалі цаліну, былі воінамі-інтэрнацыяналістамі, змагаліся з чарнобыльскай бядой. Сёння беларуская піянерская арганізацыя — прадаўжальнік усіх лепшых традыцый, гэта дружная сям’я дзяўчынак і хлопчыкаў, якія робяць яркія, цікавыя справы і ўдзельнічаюць ва ўсіх падзеях, якія адбываюцца ў нашай краіне. У шэрагах піянерскай арганізацыі нашага раёна больш за тры тысячы піянераў і акцябрат. 
У Дзень піянерскай дружбы па традыцыі ў краіне праходзяць прыёмы ў піянерскую арганізацыю. Вось і ў гэты дзень дружную сям’ю раённай піянерскай арганізацыі папоўнілі 70 хлопчыкаў і дзяўчынак — вучняў чацвёртых класаў устаноў адукацыі горада і раёна. Прагучала ўрачыстае абяцанне: «…Уступаючы ў рады Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі, перад сваімі сябрамі ўрачыста абяцаю: любіць сваю Радзіму, быць добрым, сумленным і справядлівым, заўсёды прытрымлівацца Статута і традыцый Беларускай рэспублікан­скай піянерскай ар­га­нізацыі”. 
Ганаровае права павязаць піянерскія гальштукі прадаставілі гасцям і ветэранам піянерскага руху, якія ў розныя гады ўзначальвалі піянерскую арганізацыю. Сярод іх – Галіна Кірпічова, галоўны спецыяліст аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Сяргей Карнееў, сакратар раённага камітэта грамадскага аб’яднання «Беларускі рэс­публіканскі саюз моладзі” Марына Календарова, дырэктар Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Крэчут” Лаліта Сідарава, ветэран піянерскага руху Таццяна Дынікава.
Светлая, счастливая минута!
Время, не беги, остановись!
Вот уже для первого салюта
Маленькие руки поднялись!
І загучалі ўрачыстыя словы:
— Піянер! Да спраў на дабрабыт Радзімы, да дабра і справядлівасці, будзь гатовы!
— Заўсёды гатовы! — адказваюць юныя піянеры.
Затым прадстаўнікі юных піянераў — вучні СШ № 5 — трымалі слова ў адказ. Прагучалі прыгожыя вершы, дзе былі і такія радкі: 
«…Память павших воинов почитаем мы
И к мемориалам им несем цветы.”
— Нам пашчаціла нарадзіцца і жыць у мірны час, — гучыць голас вядучага. — І ў гэты ўрачысты і радасны дзень мы павінны ўспомніць пра тое, што сёлета спаўняецца 75 гадоў з таго дня, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. Дзень 22 чэрвеня ніхто не зможа забыць. Памяць аб вайне трывала ўвайшла ў граніт помнікаў і мемарыяльных комплексаў. І мы, падрастаючае пакаленне, павінны памятаць гісторыю сваёй краіны… 
Песню пра мужнасць і гераізм савецкіх людзей у гады вайны спела для прысутных юная спявачка Анастасся Локшына.
Дзень піянерскай дружбы хвалюючы і для піянераў-актывістаў. Іх узнагародзілі дыпломамі за ўдзел у жыцці піянерскай арганізацыі школы і раёна. Увогуле свята атрымалася светлым і прыгожым. Завяршылі яго ўрачыстыя гукі Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.

Добавить комментарий