У Крычаве ўшанавалi воiнаў-iнтэрнацыяналiстаў


32 гады таму Савецкія войскі былі выведзены з Афганістана. Значэнне і сэнс гэтай вайны ацэньвалі па-рознаму. Але ў сучасных сусветных умовах роля ветэранаў той неабвешчанай вайны адкрываецца ўжо ў новым свеце: савецкія салдаты фактычна стрымлівалі тэрарыстычныя групіроўкі і не давалі гэтай «заразе» распаўсюдзіцца. Актуальная праблема, вам не здаецца? Маладыя хлопцы паклалі сваё здароўе, жыццё на абарону бяспекі свету. І ўшаноўваць іх памяць – наш доўг, без перабольшвання.

15 лютага ў нашым горадзе прайшоў мітынг памяці воінам-інтэрнацыяналістам на Алеі Славы. На ім прысутнічалі члены саюза ветэранаў вайны ў Афганістане, прадстаўнікі райвыканкама, кіраўнікі ўстаноў і грамадскіх аб’яднанняў раёна. Прысутным нагадалі пра тое, які след пакінулі гэтыя падзеі ў гісторыі Крычаўшчыны: колькі юнакоў склалі галовы на полі бою, колькі памерла пасля ад раненняў і траўмаў. Успомнілі і пра тых, хто пакінуў нас у мірны час. Памяць усіх мясцовых герояў ушанавалі хвілінай маўчання. На Алеі памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў удзельнікі мітын­гу ўсклалі кветкі загінуўшым героям.
А пасля ветэраны Афгана, прадстаўнікі райвыканкама і грамадскіх аб’яднанняў і ўсе жадаючыя адправіліся на ўрачыстае мерапрыемства ў раённы цэнтр культуры. На ім неаднаразова ўзгадваліся імёны загінуўшых на той вайне нашых землякоў. Старшыня райвыканкама Андрэй Седукоў выказаў словы падзякі ветэранам за іх подзвіг, за іх працу і за тое, што яны заўсёды на перадавой: і тады, і зараз. Акрамя таго, ён узнагародзіў граматай райвыкан­кама воіна-інтэрнацыяналіста Сяргея Цімашэнка.
– Вамі, ветэраны, зроблена вельмі многа, – адзначыла Ірына Пруднікава, старшыня Савета дэпутатаў і РГА «Белая Русь», – мемарыяльныя дошкі, зал афганскай славы ў нашым гістарычным музеі. Вы праводзіце патрыятычную работу з моладдзю. Мы ганарымся такімі землякамі!
Ад Савета дэпутатаў яна ўручыла па­дзячнае пісьмо ветэрану вайны ў Афганістане Пятру Лятэцкаму.
Старшыня раённага саюза воінаў­інтэрнацыяналістаў Іван Ларыёнаў пажадаў сваім таварышам мірнага неба над галавой, крэпкага здароўя, шчасця ім і іх блізкім. А супрацоўнікі РЦК павіншавалі герояў з гадавінай музыкальнымі выступамі.
Умоўна – 32 гады таму вайна для савец­кіх людзей скончылася, насамрэч жа па сённяшні дзень гэтая вайна ідзе. Яна жывая ў памяці ветэранаў, у мемарыяльных дошках, у сэрцы маці, якая пахавала свайго сына ці да апошняга чакала «без вестак зніклага». І таму ў нашых думках і памяці таксама павінна займаць важнае месца – каб быць удзячнымі. І рабіць высновы.
Дар’я Баравікова.
Фота аўтара.

Перепечатка текстов запрещена. Частичное цитирование разрешено при активной гиперссылке.

Добавить комментарий