«Беларусбанк»: свята вялікім сем’ям


У рамках акцыі “Нашы дзеці” супрацоўнікі ААТ “АСБ Беларусбанк” з уласнымі Дзедам Марозам і Снягуркай і пад кіраўніцтвам дырэктара Алы Змітровіч наведалі дзяцей з дома сямейнага тыпу Галатоўскіх. Там на выхаванні знаходзяцца зараз дзевяць непаўналетніх: самаму маленькаму пяць, старшай дзяўчынцы – пятнаццаць. Сустракаць гасцей дзеці разам з маці выйшлі на вуліцу – загадзя. Да святочных упрыгожванняў сям’я падыйшла сур’ёзна: у двары прыбраная ёлка, на шматлікіх вокнах дома – сняжынкі і гірлянды.
Супрацоўнікі банка наведваюць сям’ю ўжо пяты год, і сустракаюць іх тут як старых знаёмых. У мэтах эпідэміялагічнай бяспекі заходзіць у дом госці не сталі, таму малыя запрасілі іх да ўпрыгожанай ёлкі. Дзеці па чарзе весела і выразна прачыталі вершы, а Дзед Мароз са Снягуркай уручылі кожнаму салодкія падарункі ад “Беларусбанка”. У дзяцей для гасцей таксама быў прыгатаваны сюрпрыз – прыгожыя самаробныя навагоднія паштоўкі. І прадстаўнікі банка, і маці сямейства Ала Галатоўская абмяняліся ўзаемнымі віншаваннямі з Калядамі і пажаданнямі ўсяго найлепшага.
Дар’я Баравікова.

Добавить комментарий