Падарылі дзецям свята

Новы год ужо мінуў, але святочныя мерапрыемствы працягваюцца. Падарыць дзецям яшчэ крыху навагодняга настрою вырашылі ў Палацы Пацёмкіна. 5 студзеня там прайшла навагодняя ёлка для дзяцей, сем’і якіх маюць статус сацыяльна небяспечных. Ініцыятарам мерапрыемства стала раённая арганізацыя Чырвонага Крыжа.

Адзін маленькі кавалер і прыбраныя ў прыгожыя сукенкі дзяўчынкі апынуліся ў мясцовай рэзідэнцыі Дзеда Мароза і Снягуркі. Дзецям правялі невялікую экскурсію па залах Палаца, загадвалі навагоднія загадкі. Прагуляўшыся па музеі, дзеці нарэшце апынуліся ў вялікай зале з прыгожай ёлкай. Там малыя распавядалі Дзеду Марозу вершы, спявалі песні і атрымоўвалі за гэта салодкія падарункі. “Забяспечыла” старога чараўніка падарункамі раённая арганізацыя Чырвонага Крыжа. Потым дзяцей і іх бацькоў павіншавалі госці свята: намеснік старшыні райвыканкама Вольга Сляпнёва і старшыня РА Чырвонага Крыжа Людміла Баравікова. Завяршылася мерапрыемства вясёлымі карагодамі і танцамі. Пасля ўсе жадаючыя маглі сфатаграфавацца ў святочнай фотазоне і зрабіць аквагрым.
І бацькі, і дзеці былі доб-ра ўражаны такой святочнай праграмай. А Людміла Баравікова асобна падзяквала за гэты навагодні цуд супрацоўнікам Палаца:
– Мы планавалі павіншаваць кожнае дзіця паасобку. Але даведаліся, што ў музеі працуе такая мясцовая рэзідэнцыя Дзеда Мароза. І музей прапанаваў правесці свята для гэтых дзетак бяс-платна. Таму хочацца вельмі падзякваць супрацоўнікам Палаца Пацёмкіна за такі добры святочны ўчынак і неверагоднае мерапрыемства!

Дар’я Баравікова.

Добавить комментарий