Навагодняя магія ў ЦКРН


Для многіх Новы год – свята цудаў, асабліва для дзяцей. І пачынаецца гэта свята для іх загадзя, з ранішнікаў і святочных мерапрыемстваў. Каб падарыць навагодні настрой дзецям-наведвальнікам, 29 снежня ў Цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі правялі святочнае мерапрыемства “Навагоднія агні”.
Каля ярка прыбранай ёлкі сабраліся дзеці, іх бацькі і выхавацелі. У госці да іх завіталі намеснік старшыні райвыканкама, старшыня прэзідыума раённай арганізацыі беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Вольга Сляпнёва і старшыня раённага Савета дэпутатаў, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Ірына Пруднікава. Яны павіншавалі дзетак з надыходзячымі святамі, пажадалі здзяйснення жаданняў і ўручылі салодкія падарункі ад сваіх арганізацый. А дзеці, у сваю чаргу, падарылі гасцям самаробныя навагоднія паштоўкі.
Наведалі свята і розныя чароўныя істоты: Чараўнік, Гном, Снегавік. Яны вадзілі разам з дзецьмі карагоды і праводзілі розныя конкурсы. Ну і які ж Новы год без Дзеда Мароза і Снягуркі! Яны таксама забаўлялі маленькіх наведвальнікаў, танчылі з імі і ладзілі гульні. Напрыканцы свята Дзед Мароз і яго чароўная світа таксама ўручылі дзеткам салодкія падарункі і мяккія цацкі. Мерапрыемства вельмі дакладна назвалі “Навагоднія агні” – посмешкі маленькіх выхаванцаў ЦКРНіР ззялі не менш ярка, чым агеньчыкі на ёлцы.

Дар’я Баравікова.

Добавить комментарий