Дзень неабмежаваных магчымасцей у РЦСАН
Хутка Новы год, падвядзенне вынікаў года. А ў аддзяленні дзённага знаходжання інвалідаў РЦСАН святочны настрой вітае ўжо зараз, нават ёлку ўпрыгожылі. 3 снежня там прайшло мерапрыемства, прысвечанае Дню інвалідаў. Такі дзень для аддзялення сапраўды амаль навагодні: выконваюць лепшыя творчыя нумары, атрымоўваюць падзякі і граматы, віншуюць пераможцаў розных конкурсаў.
У зале прысутнічалі выхаванцы, іх мамы і супрацоўнікі аддзялення – усе яны даўно адна сям’я. А ў госці да гэтай вялікай сям’і завіталі дырэктар РЦСАН Таццяна Салаўёва, намеснік дырэктара Вераніка Жойдзь, намеснік старшыні раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Дзіна Шамро.
Пад кіраўніцтвам загадчыка аддзялення Валянціны Самусевай выхаванцы падрыхтавалі канцэртную праграму. Юлія Клімава прачытала аўтарскія вершы пра зіму, а Антон Маскалькоў выказаў словы падзякі ўсім прысутным мамам і прысвяціў ім верш. Здзіўлялі гасцей песнямі мясцовыя зоркі Анастасія Грачова, Сяргей Яўсееў, Андрэй Стражнікаў і ансамбль «Веселые ребята». Тамара Ібрагімава заваявала публіку танцам «Дачка Усходу», а вішанькай на торце свята стаў цыганскі танец. Усім выступоўцам гледачы шчыра апладзіравалі, падпявалі і актыўна падтрымлівалі.
На працягу канцэрта ўзгадваліся перамогі і поспехі. Шчыра павіншавалі Аляксандра Рашэтнікава з нядаўнім дасягненнем – перамогай у намінацыі «Містэр Рамантычнасць», якую ён прывёз з конкурсу «Містэр Х-2020», які праходзіў у Краснаполлі. Былі ўручаны падзякі бацькам выхаванцаў, валанцёрам аддзялення Святлане Еўціхавай і Таісіі Сазанковай.
Напрыканцы свята госці падзякавалі выступоўцам за добрыя ўражанні, адзначылі цёплую сямейную абстаноўку ў аддзяленні і ўручылі яго наведвальнікам салодкія падарункі. «Наша аддзяленне – для людзей з неабмежаванымі магчымасцямі, – кажа Валянціна Самусева. – Творчыя таленты і імкненне ствараць новае ў нашых выхаванцаў межаў не маюць!»
Дар’я Баравікова.