Дзверы «Крэчута» заўсёды адчынены
Першы тыдзень верасня для ЦТДіМ “Крэчут» традыцыйна – тыдзень пазашкольніка. Каб пазнаёміць дзяцей са сваёй працай, расказаць пра аб’яднанні па інтарэсах і проста падарыць ім маленькае свята, Цэнтр творчасці арганізаваў шэраг мерапрыемстваў.
Адно з такіх прайшло на базе Дома піянераў у Дзіцячым парку, якое наведалі навучэнцы 5-6 класаў сярэдняй школы № 1. Рабятам прапанавалі гульню, у якой дзве каманды атрымалі свае маршруты і хадзілі па станцыях, выконвалі заданні і атрымлівалі літары, з якіх потым складалі слова. Была арганізавана сустрэча з супрацоўнікамі РАНС, якія ў гульнявой форме расказалі пра асноўныя правілы бяспекі і работу аддзела, а таксама паказалі, як правільна апранаць форму, і нават далі жадаючым “пакіраваць» пажарным шлангам.
Зладжана была выстава творчасці выхаванцаў “Крэчута», кіраўнікі распавядалі пра аб’яднанні. А “на салодкае» дзейнічаў фітабар, дзе частавалі дзяцей травяной гарбатай і сушкамі.
На базе Цэнтра прайшоў Дзень адчыненых дзвярэй. “Смурфікі» правялі гульнявую праграму, пазнаёмілі дзяцей з гурткамі і іх кіраўнікамі. Быў арганізаваны канцэрт. Рабяты мелі магчымасць памаляваць каляровымі крэйдамі, паўдзельнічаць у занятках аэробікай, а пасля кожнаму пакінулі на целе малюнак аквагрымам.
Цэнтр прапануе развіццё ў розных накірунках. Для тых, хто жадае спяваць і танцаваць, пры ўстанове дзейнічае ўзорная эстрадная студыя “Мазаіка». У студыі з дзецьмі працуюць педагогі па вакалу і харэаграфіі. Аддзяленне экалагічнага выхавання прапануе гурткі “Журналіст-эколаг», “Жывая бераста» і інш. Аддзяленне мастацкага выхавання прапануе аб’яднанні выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацства. Таксама дзейнічае гурток “Уводзіны ў мір замежнай мовы», дзе выкладаецца англійская мова ў гульнявой форме.
Самыя разнастайныя аб’яднанні арганізуе і спартыўна-тэхнічнае аддзяленне. Дзеці і моладзь маюць магчымасць наведваць заняткі па мастацкай апрацоўцы драўніны, настольнаму тэнісу, атлетычнай гімнастыцы, пілатэсу, судамадэляванні і інш.
У аб’яднанні “Юны абаронца» дзяцей навучаць пачатковай ваеннай падрыхтоўцы, аказанню даўрачэбнай дапамогі, прыёмам самба і г. д.
У гэтым годзе будзе дзейнічаць аб’яднанне “Эрудыт»: інтэлектуальныя гульні, брэйн-рынгі, “Што? Дзе? Калі?», “Свая гульня», удзел у конкурсах і спаборніцтвах розных узроўняў і інш.
Дзяцінства, юнацтва – лепшыя гады, каб паспець навучыцца як мага большаму і рэалізаваць сябе ў розных галінах.
Дар’я Баравікова.